Крэсовая фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман» (польск. Kresowa Fabryka Rowerów i Motocykli «Niemen») — фабрыка, якая выпускала веласіпеды, мотавеласіпеды і матацыклы ў Гродне ў 1930-я гады.
Гісторыя Прадпрыемства, якое пазней стала гродзенскай фабрыкай ровараў «Нёман», заснавалі ў 1894 годзе заможныя яўрэйскія прадпрымальнікі Нохум і Лазар Старавольскія. Партнёрам у іх пачынанні быў купец Ісаак Піваварскі. Спачатку гэта была невялікая слясарная майстэрня і вытворчасць металічных вырабаў. Яна знаходзілася на вуліцы Новай (сучасная вуліца Маладзёжная), побач са скрыжаваннем з вуліцай Брыгіцкай (сучасная вуліца Маркса).
Фабрыка ў міжваенны перыяд У 1920-х гадах пры майстэрні працавала крама Старавольскіх, дзе прадавалі ровары нямецкай фірмы Durkoop, а таксама швейныя машынкі Pfaff, Omega і іншыя.
У пачатку 1930-х Нохум Старавольскі заснаваў акцыянернае таварыства і запланаваў пашырэнне прадпрыемства. Старавольскія выкупілі суседні будынак сям'і Тропаў на вуліцы Брыгіцкай, 20 (сучасная Карла Маркса) і перабудавалі яго ў стылі функцыяналізму пад завод па вытворчасці ровараў. Тады ж вытворчасць атрымала назву "Крэсова фабрыка ровараў і матацыклаў «Нёман» (польск. Kresowa fabryka rowerów i motocykli «Niemen»). Фабрыкай кіраваў Нохум Старавольскі, яго сын Лазар заняў пасаду галоўнага інжынера.
У сярэдзіне 1930-х гадоў Старавольскія выпускалі каля 10 000 веласіпедаў у год. На прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек і выпускалі 12 мадэляў ровараў. Яны карысталіся папулярнасцю не толькі ў Гродне, але і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
У 1934 годзе Старавольскія пачалі вырабляць мапеды (мотавеласіпеды) з рухавікамі нямецкай вытворчасці аб’ёмам 75 см³. Іх рабілі ў жаночым і мужчынскім варыянтах, іх адрозненне было ў форме рамы.
У 1936 годзе на фабрыцы «Нёман» пачалі вырабляць матацыклы з імпартнымі рухавікамі. У 1938 годзе на фабрыцы выпусцілі 166 матацыклаў. Новая прадукцыя ўвасобіла ў сябе лепшыя якасці вядомых тагачасных сусветных марак. Дакладна не вядома, ці гэта быў цалкам айчынны праект, ці гродзенскія прадпрымальнікі скапіявалі знешні выгляд матацыкла, ці набылі ліцэнзію ў замежных фірмаў. Вонкава матацыкл «Нёман» быў вельмі падобны да лёгкіх англійскіх матацыклаў Villiers альбо Excelsior.
У 1938—1939 гадах фабрыка прадукавала матацыклы «Нёман» DV з рухавікамі Villiers аб'ёмам 98 см3, 125 см3 і 150 см3 і DS (без педаляў) з рухавіком Sachs 98. Фірма мела прадстаўніцтвы ў Варшаве і Кракаве. У Заходняй Беларусі фірма мела імідж надзейнага вытворцы транспарту для кепскіх дарог. Матацыклы «Нёман» былі аднаместныя, але можна было ўсталяваць дадатковае сядзенне для пасажыра.
Гродзенскія матацыклы «Нёман» выпускалі да 1939 года.
Фабрыка ў савецкі перыяд З пачаткам Другой сусветнай вайны фабрыка не спыніла дзейнасць. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР фабрыку нацыяналізавала савецкая дзяржава, выпуск матацыклаў спыніўся. Уладальнікаў фабрыкі вывезлі з Гродна. Лазар Старавольскі знік у турме ў Беластоку, Нохума выслалі ў Казахстан. Адтуль ён перабраўся ў Польшчу, а пазней у Ізраіль.
Пасля Другой сусветнай вайны велазавод пераехаў у будынак былога казённага віннага склада на вуліцы 17 Верасня. У 1944-1960 гадах дзейнічаў як «Гродзенскі велазборачны завод», у 1960-65 — як «Гродзенскі веласіпедны завод». Тады ж да яго фактычна далучылі ліцейны завод. На заводзе рабілі не толькі веласіпеды, але і каналізацыйныя люкі. У 1952 г. на заводзе працавала 112 чалавек. У той год завод выпусціў 160 каналізацыйных люкаў з напісам «Велозавод Гродно».
У 1960-х гадах завод перапрафілявалі пад вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і перанеслі на вуліцу Карбышава, а пазней — на вуліцу Курчатава
У 2007 годзе завод аўтаагрэгатаў далучылі да Гродзенскага завода карданных валаў «Белкард».
Будынак фабрыкі ў незалежнай Беларусі Пасля пераезду прадпрыемства за межы гістарычнага цэнтра Гродна будынак былой фабрыкі Старавольскіх належаў розным арганізацыям. У канцы 2005 года будынак зруйнавалі, бо яго функцыяналістычны стыль не ўпісваўся ў шэраг эклектычных камяніц канца XIX ст. Ад старога будынка ацалелі толькі падзямеллі, на якіх збудавалі офісны будынак у псеўдагістарычным стылі.
Зноскі
Катэгорыя:Прадпрыемствы Гродна