Дзевятоўка – жылы раён у Ленінскім раёне Гродна. Размешчаны ў паўночнай частцы Гродна. Абмежаваны вуліцамі Брыкеля, Таўлая, Малышчанская, Белыя Росы, Дзяржынскага. Складаецца з 8 мікрараёнаў.
Мяжуе з былымі вёскамі Малышчына, Падкрыжакі, раёнам Грандзічы, вёскай Лапенкі і прамзонай уздоўж вуліцы Дзяржынскага. Размешчаны на ўзвышшы. Самая высокая кропка - 173 м над у.м. (найбольшая вышыня ў Гродне - 180 м). Насельніцтва раёна - амаль 80 000 чалавек (2023 год).
Забудаваны шматпавярховымі панэльнымі дамамі. Ушчыльненне раёна працягваецца.
Назва Утвораны на месцы вёскі Дзевятоўка, якая фармальна ўвайшла ў склад Гродна ў 2008 годзе.
Вядомыя мінімум 5 варыянтаў паходжання назвы. Паводле адной з версій, калісьці вёска налічвала 9 двароў, або ў мясцовага пана было 9 сыноў. Паводле іншай, вёска месцілася «дзе вятла» (дрэва), а пазней стала Дзевятоўкай.
Асноўныя вуліцы
вул. Белыя Росы вул. Брыкеля вул. Дзяржынскага вул. Курчатава вул. Ліможа вул. Малышчанская вул. Таўлая
Інфраструктура
Грамадская інфраструктура
У раёне тры агульнаадукацыйныя школы: СШ №27, СШ №36 (да 2022 года адзіная ў Гродне з польскай мовай навучання; цяпер - цалкам рускамоўная) і СШ №32 з беларускамоўнымі класамі, а таксама гімназія №6. Ёсць 11 дзіцячых садкоў.
У цэнтры раёна, на Ліможа, 25, у адным будынку размешчаны гарадская паліклініка №6 і жаночая кансультацыя №5. Дзіцячае аддзяленне паліклінікі №6 размешчана на Дзяржынскага, 123/1.
На Дзяржынскага знаходзіцца мінірынак «Дзевятоўка». Дзевятоўка была першым гарадскім мікрараёнам, дзе з’явіўся афіцыйны мінірынак.
Кропкамі прыцягнення раёна таксама з’яўляюцца гандлёвыя цэнтры - «Замак» і «Еўраопт» на Ліможа, «Лімож» на Брыкеля.
У 2022 годзе на вуліцы Курчатава заклалі парк у 2 га. Жыхары раёна дамагаліся стварэння зялёнай зоны адпачынку не менш за 15 гадоў.
Транспартная інфраструктура На Дзяржынскага размешчаны канцавы прыпынак «Дзевятоўка» і разваротнае кальцо тралейбусаў №№ 6, 7, 10, 12, 11, 14, 19, 20. У раёне таксама ходзяць тралейбусы №№ 23, 24. У раёне ёсць разваротныя кольцы аўтобусаў № 2, № 5; ходзяць аўтобусы №№ 9, 10, 14, 16, 17, 18, 19, 24, 26, 28, 30, 43, 49, 59.
Славутасці
Касцёл Касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля - самы вялікі ў Гродне. Яго пачалі ўзводзіць у 1997 годзе, асвечаны ў 2011 годзе. Збудаваны ў стылі неаканструктывізму з клінкернай цэглы. Жыхары мікрараёна называюць касцёл Чырвоным. На тэрыторыі комплексу размешчана скульптура Святой Кацярыны Александрыйскай – апякункі чыгуначнікаў. Парафію абслугоўваюць айцы-рэдэмптарысты. Тры з васьмі нядзельных службаў у касцёле праходзяць на беларускай мове.
У 2014 годзе ў касцёле стварылі самую вялікую батлейку ў Беларусі. Яе памеры - 5,5 на 5 м. На ёй размешчаны больш за 100 лялек. Сканструяваў батлейку айцец Казімір Зымула. Частка яе зроблена ў Тухаве (Польшча).
Храм Раства Хрыстова Праваслаўную царкву пачалі будаваць у 2012 годзе з жоўтай клінкернай цэглы, у стылі абарончых храмаў. У Беларусі захавалася толькі дзве такія царквы — у Сынкавічах і ў Мураванцы. Аўтар праекта храма – архітэктар Ежы Усціновіч, выкладчык Беластоцкай палітэхнікі. Царква павінна стаць самай высокай у Гродне.
Помнік «Белым Росам» У 1983 годзе на Дзевятоўцы здымалі фільм «Белыя росы». Пасля здымак на вуліцы Курчатава захавалася студня. У 2018 годзе паблізу яе, на месцы знесенай вёскі, усталявалі драўляныя фігуры герояў фільма - Федоса, Цімафея і іх сабакі Валета. У 2022 годзе іх забралі на рэстаўрацыю, а пасля вярнулі ў новы парк праз дарогу, дапоўніўшы кампазіцыю часткай хаты, гняздом і студняй з жураўлём.
Могілкі Дзевятоўскія могілкі - адны з самых старых у акрузе. Найстарэйшыя пахаванні датуюцца 1894 годам. З прозвішчаў самыя распаўсюджаныя — Пляга і Саўко. Дубу, што расце на ўзмежжы, не менш за 150 гадоў. Маюць плошчу ўсяго 0,24 га.
У гімназіі №6 створаны музей «Жывая гісторыя горада (мікрараён Дзевятоўка)».
Зноскі
Катэгорыя:Ленінскі раён (Гродна) Катэгорыя:Жылыя раёны Гродна