Вячаслаў Аляксандравіч Шыдлоўскі (, в. Карзуны Ігуменскага павета Мінскай губерні, цяпер Чэрвеньскі раён — , Мінск, пахаваны ў м. Смілавічы) — мемуарыст, геолаг, мастак, майстар шытарскай (пераплётнай) справы.

Біяграфія Вячаслаў Шыдлоўскі нарадзіўся 12 студзеня 1913 года ў вёсцы Карзуны ў сям’і настаўніка.

Бацька — Аляксандр Казіміравіч Шыдлоўскі, 1884 года нараджэння, да 1917 года працаваў вясковым настаўнікам і жыў на гаспадарцы, успадкаванай ім ад свайго бацькі Казіміра Аляксеевіча Шыдлоўскага (памёр не раней 1920 года).

Гаспадарка складалася з 2,5 гектараў ворнай зямлі, 1,5 гектараў сенакосу, гападарчых пабудоваў і ўласнага дома, у якім пражывалі 7 сямейнікаў: дзядуля і бабуля Вячаслава Шыдлоўскага, бацька, маці, ягоныя старэйшы брат Усевалад, малодшыя сёстры Глафіра, Фаціна і сам Вячаслаў.

Маці Вячаслава — Наталля Станіславаўна Шыдлоўская, 1889 года нараджэння (па нараджэнні — Віткоўская), паходзіла з сялянскай сям’і сярэдняй заможнасці Лагойскага раёна Мінскай вобласці, была хатняй гаспадыняй.

Пасля рэвалюцыі 1917 года бацька Вячаслава працаваў настаўнікам няпоўнай беларускай сярэдняй школы ў мястэчку Смілавічы Рудзенскага раёна Мінскай вобласці і жыў на сваёй гаспадарцы ў вёсцы Карзуны. У 1935 годзе на 51-м годзе жыцця памёр.

Маленства Вячаслава прайшло ў бацькоўскім доме. У пачатковую школу пайшоў у роднай вёсцы, дзе і правучыўся да 1924 года.

З 1924 па 1929 год вучыўся ў Смілавіцкай няпоўнай сярэдняй школе, у якой раскрылася асаблівая прыхільнасць Вячаслава да малявання, дзякуючы дабратворнаму ўплыву Івана Арыстархавіча Размысловіча — настаўніка гэтага прадмета. У тыя гады Вячаслаў шмат чытае, малюе, знаёміцца з маці Хаіма Суціна — на той час ужо вядомага мастака родам са Смілавіч. Захаваны малюнак смілавіцкай архітэктуры 1928 года сведчыць аб выдатным мастацкім таленце Вячаслава Шыдлоўскага, тады яшчэ 15-гадовага юнака.

Таму не дзіўна, што пасля завяршэння Смілавіцкай сямігодкі ў 1929 годзе Вячаслаў, паслухаўшы парады настаўніка малявання Івана Размысловіча, паспрабаваў паступіць у Віцебскі мастацкі тэхнікум. Паслаў туды дакументы і малюнкі. Іх прынялі, выклікалі на экзамен. Бацька на фурманцы адвёз яго на чыгуначную станцыю ў Смалявічы. Патрапіўшы ў Віцебск, Вячаслаў здае іспыты, наведвае майстэрню-кватэру аднаго з найвыдатнейшых мастакоў Беларусі таго часу Юдаля (Юрыя) Пэна. Аднак вучыцца ў тэхнікуме юнаку не давялося, бо перавагу аддавалі моладзі рабочага альбо сялянскага паходжання. Пры такіх падыходах сын «настаўніка з царскіх часоў» амаль што не меў шанцаў.

Давялося паступаць у Смалянскую сельскагаспадарчую прафесійную школу Віцебскай вобласці. У 1931 годзе пасля рэарганізацыі гэтай навучальнай установы разам з курсам быў пераведзены ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Барысаве.

Пасля завяршэння тэхнікума ў 1931 годзе паступіў на артылерыйскае аддзяленне Агульнавайсковай школы імя Калініна ў Мінску. Бурлівае жыццё ў сталіцы Савецкай Беларусі дорыць Вячаславу новыя ўражанні і сустрэчы. Нягледзячы на складанасці курсанцкага жыцця, Вячаслаў становіцца адданым чытачом новай беларускай літаратуры (тым больш, што старэйшы брат Усевалад працуе адказным сакратаром «Піянера Беларусі», займаецца перакладамі) і фарміруе сваю першую бібліятэку. У 1936 годзе разам з групай выдатнікаў Вячаслаў Шыдлоўскі быў пераведзены ў Маскоўскую артылерыйскую школу імя Красіна ў Краснадары, у якой і вучыўся на аддзяленні фотаграмметрыі і гукаметрыі.

6 лістапада 1936 года па хлуслівым даносе (як пазней паказала бесстаронняе разбіральніцтва ў 1989 годзе Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР) быў арыштаваны НКВД і абвінавачаны ў «нацдэмаўшчыне» разам з Лухверчыкам Макарам Яфімавічам і Блецькам Іосіфам Дзям’янавічам (па роду заняткаў арыштаваныя былі: курсант артшколы, вайсковы фельчар і майстар зброі). Паводле абвінавачання, у задачу «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай групы» ўваходзіла: «ознакомление и проработка „нацдемовской“ литературы».

Лёс першай бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага Уражвае спіс літаратуры, забранай у Вячаслава Шыдлоўскага пры вобшуку толькі ў роднай вёсцы Карзуны. Гэта ў тым ліку: шаснаццаць нумароў краязнаўчага часопіса «Наш край»; літаратурныя часопісы «Полымя» (восем нумароў) і «Маладняк» (15 нумароў); па чатыры кнігі Усевалада Ігнатоўскага і Змітрака Бядулі; па тры кнігі Якуба Коласа, Янкі Маўра, Платона Галавача, Юлія Таўбіна; па дзве — Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Уладзіслава Галубка (з ім Вячаслаў пазнаёміўся яшчэ хлапчуком-падлеткам, выбраўшыся ў 1927 годзе з некалькімі аднакласнікамі на экскурсію ў Мінск і атрымаўшы дапамогу ад знакамітага драматурга ва ўладкаванні на начлег у «Доме селяніна»); кнігі Уладзіміра Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Юркі Лявоннага, Міхася Чарота, Алеся Дудара, Цішкі Гартнага, Міхася Лынькова, Міколы Хведаровіча, Васіля Каваля; выданні Інбелкульта з краязнаўчымі апісаннямі раёнаў Беларусі; літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь»; кнігі, аўтарства якіх належыць роднаму брату Вячаслава Шыдлоўскага — Усеваладу.

Агулам у спісе забранага было 87 пазіцый і 161 выданне.

Тады ж забралі і сшыткі, у якія былі перапісаныя фактычна забароненыя на той час вершы расійскага паэта Сяргея Ясеніна.

Шэраг кніжак быў забраны пры арышце ў Краснадары, у тым ліку двухтомнік Максіма Багдановіча, выдадзены Інбелкультам, кнігі Янкі Купалы.

Як пісаў Вячаслаў Шыдлоўскі ў сваёй кнізе ўспамінаў «Рысы майго пакалення»: «Сур’ёзным абвінавачваннем лічылася „захоўванне контррэвалюцыйнай літаратуры“, у разрад якой трапілі перыядычныя выданні мінулых гадоў, творы беларускіх пісьменнікаў, абвешчаных „ворагамі народа“, і шэраг кніг беларускіх класікаў».

Так знікла першая асабістая бібліятэка, збіраная Вячаславам Шыдлоўскім.

19 студзеня 1937 г. асуджаны ваенным трыбуналам 3-га артылерыйскага корпуса ў Мінску да 4 год пазбаўлення волі без наступнай паразы ў правах па артыкулах 72а («пропаганда или агитация, содержащие призыв к свержению, подрыву или ослаблению советской власти…») і 76 (звязаная з арт. 72а арганізацыйная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса БССР. Тэрмін зняволення Вячаслаў Шыдлоўскі адбываў у Расіі ў СВІТлагу (на Калыме ў лагеры «Камандзіроўка Чалюскін», які месціўся побач з турмой Серпанцінкай — апошнім прыстанкам для скіраваных на смерць).

Выжываць дапамагала маладосць, беларуская цягавітасць і інтэлектуальны багаж начытанасці (як сведчыць кніга ўспамінаў Вячаслава Шыдлоўскага, у турмах і лагерах крымінальнікі дужа любілі слухаць пераказы белетрыстыкі, а тыя з іх, хто крыху вершаваў, — нават пачуць пра асновы вершаскладання).

5 лістапада 1940 году Вячаслаў Шыдлоўскі з лагера вызвалены. З 18 снежня 1940 г. па 16 кастрычніка 1947 г. працаваў у геолага-разведачнай службе «Дальбуду» МУС СССР. У 1945 годзе завяршыў курсы старшых калектараў у г. Магадан.

Застаючыся верным сабе, нават у Магадане купляў тэматычна беларускія кніжкі, пра што сведчаць у іх адпаведныя запісы, знаходзіў радасць у маляванні падчас геалагічных экспедыцый.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў армію не прызываўся, як работнік «Дальбуду». Але за добрую (і небяспечную!) работу геолага-выведніка быў узнагароджаны медалём «За адданую працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».

Як толькі з’явілася магчымасць, вярнуўся ў Беларусь.

16 лютага 1948 г. паступіў у Белгеолагаўпраўленне Міністэрства геалогіі СССР, дзе і працаваў у розных палявых выправах на розных пасадах па 10 лютага 1953 года. З 23 мая 1953 года працуе ў Геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі, а з лістападу 1963 года — у Беларускім геолага-гідрагеалагічным трэсце ўпраўлення геалогіі пры Савеце Міністраў БССР. Давялося аб’ездзіць усю Беларусь з экспедыцыямі ўздоўж і ўпоперак.

15 верасня 1967 году за шматгадовую беззаганную працу прадстаўляўся да ўзнагароды нагрудным знакам «Выдатнік разведкі нетраў Міністэрства геалогіі СССР».

Прафесіяналізм і адкрытасць душы Вячаслава Шыдлоўскага на дапамогу паспрыялі многім добрым справам, звязаным з геалогіяй Беларусі. Адна з іх — задакументаваная ў ліставанні дапамога з падборам матэрыялу для выдатнай кнігі Эрнста Ляўкова пра беларускія валуны «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны».

У 1953 годзе судзімасць была знятая з Вячаслава Шыдлоўскага па амністыі. А ў 1989 годзе пасля бесстаронняга перагляду справы Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР пастанавіла: «Приговор военного трибунала 3 кавалерийского корпуса по обвинению Шидловского Вячеслава Александровича прекратить за отсутствием состава преступления».

Асабістае жыццё Вячаслава Шыдлоўскага склалася досыць шчасліва. У пачатку 1950-х сышоўся з калегай-геолагам Ядзвігай Скакун, з якой пазней пабраўся шлюбам; у сям’і нарадзіліся сын Аляксандр (1959 г.н.) і дачка Ганна (1964 г.н.).

Ядзвіга Шыдлоўская з пашанай ставілася да мужа і яго бібліяфільства, а пасля смерці Вячаслава Шыдлоўскага зрабіла вопіс сабранай мужам новай бібліятэкі.

Новая бібліятэка Вячаслава Шыдлоўскага Сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Шыдлоўскі пачаў збіраць адразу ж пасля вызвалення з лагера ў 1940 годзе.

У пачатку 1990-х гадоў бібліятэка налічвала каля пяці-сямі тысяч адзінак захавання: кніг, а таксама часопісаў і газет, якія захоўваліся гадавікамі (апошнія — у самаробных кардонных тубусах, альбо падшыўках).

Прыблізна палова тысячы кніг былі ўзятыя Вячаславам Шыдлоўскім у свой фірменны пераплёт «з сакрэтам» (на схаваны пад карэньчыкам і прашыты блок кожнай кнігі наклейвалася стужка паперы з пазначаным аўтарствам і годам пераплёту).

Бібліятэка займала два пакоі, вітальню ды камору і мела тры галоўныя тэматычныя кірункі: літаратура беларускай тэматыкі (у тым ліку па беларускім мастацтве); сусветная класіка; геалагічная літаратура. Найбольш шырока была прадстаўленая беларуская тэматыка, для якой характэрныя чатыры асаблівасці.

Першая — невялікі аб’ём (каля пяці дзясяткаў) даваенных выданняў. Відаць, з прычыны іх пераходу пасля пераплёту ў рукі іншых беларускіх бібліяфілаў. Пры гэтым Вячаслаў Шыдлоўскі відавочна пакідаў у сябе выданні, якія «перагукаюцца» з канфіскаванымі ў 1936 годзе (гадавік часопіса «Маладняк» за 1928 год, кнігі Платона Галавача, Кузьмы Чорнага, Янкі Маўра, Міхася Чарота, Змітрака Бядулі, Міхася Лынькова). Таксама ў сваю новую асабістую бібліятэку Вячаслаў Аляксандравіч быў адшукаў і двухтомнае інбелкультаўскае выданне выбранага Максіма Багдановіча (пазней гэтыя тамы разам з ліставаннем з Зоськай Верас былі падараваныя музею Максіма Багдановіча ў Мінску).

Другая асаблівасць — шырокая падборка паэтычных кніг, у тым ліку першых кніг беларускіх паэтаў, дэбютаваўшых у 1960—1970-х гадах. Вялікая частка з гэтых кніг па-мастацку апраўленая ў індывідуальныя вокладкі, альбо падрыхтаваная для такой аправы. У некаторых пераплётах пакінутае дадатковае месца для запісаў, якое паэты ўласнаручна запоўнілі новымі вершамі.

Трэцяя — наяўнасць бібліяфільскіх выданняў, адметнасць якіх вядомая толькі вузкаму колу абазнаных чытачоў (напрыклад, першы і адзіны том збору твораў Янкі Купалы 1951 года ў афармленні Анатоля Тычыны, анталогія перакладаў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», у якой пераклады на мовы свету змешчаныя ў алфавітным парадку).

І апошняя важная адметнасць бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага — імкненне дапоўніць кнігу, узбагаціць дадатковым бібліяфільскім матэрыялам (лістом ці фотаздымкам пісьменніка, успамінамі пра яго, перапіскай з выдавецтвам, альбо проста кніжнай закладкай пазнавальнага зместу).

Яшчэ адной адметнасцю бібліятэкі Вячаслава Шыдлоўскага з’яўлялася наяўнасць вялікай падборкі кніг з аўтографамі рэпрэсаваных пісьменнікаў і навукоўцаў, сярод якіх:

Рыгор Хацкевіч: «Вячаславу Шыдлоўскаму, з якім калісьці мы шукалі скарбы на Калыме, дару гэты сціплы скарб маёй душы. 6-IV-77г.»; Гаўрыла Гарэцкі: «Вельмішаноўнаму Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму ад аўтара. V.83»; Сяргей Грахоўскі: «Брату майго інстытуцкага брата — Вячаславу Аляксандравічу Шыдлоўскаму жадаю толькі дабра на доўгія гады! Сяргей Грахоўскі 28/XII.79г.»; расійскі паэт Анатоль Жыгулін (захаваліся дзясятак кніг з аўтографамі і ліставанне).

Шытарская (пераплётная) справа