ААТ «Мазырсельмаш» (Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання) — беларускае прадпрыемства па вытворчасці ацяпляльнага абсталявання (ацяпляльных катлоў, паветра- і воданагравальнікаў і іншага), размешчанае ў горадзе Мазыр Гомельскай вобласці.
Гісторыя Па даных Беларускай энцыклапедыі, прадпрыемства заснавана ў 1928 годзе як арцель «Молат», па даных афіцыйнага сайта кампаніі і Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь — у 1924 годзе.
У час Вялікай Айчыннай вайны частка абсталявання была эвакуіравана, прадпрыемства часова спыніла працу. У 1956 годзе арцель ператворана ў ліцейна-механічны завод Міністэрства мясцовай і паліўнай прамысловасці БССР (з 1957 года — у падпарадкаванні ўпраўлення прамысловасці Гомельскага аблвыканкама, з 1963 года — у падпарадкаванні СНГ БССР). У 1965 годзе завод перайменаваны ў Мазырскі ліцейна-механічны завод (сельгасмашын) СНГ БССР, 10 снежня 1965 года ў сувязі са скасаваннем саўнаргасаў увайшоў у склад Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР. У 1974—1975 гадах завод перапрафіляваны, ператвораны ў завод машынабудавання для птушкагадоўчых комплексаў і ферм «Мазыр» і перападпарадкаваны Міністэрству машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці СССР. У 1980-я гады завод цалкам рэканструяваны. У 1988 годзе ператвораны ў Мазырскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Мазырсельмаш». Новай вышэйстаячай арганізацыяй стала Міністэрства сельскагаспадарчага і трактарнага машынабудавання СССР. З 1991 года завод падпарадкаваны Дзяржкамітэту Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, з 1994 года — Міністэрству прамысловасці Рэспублікі Беларусь. 25 жніўня 2000 года ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемстваРУП «Мозырьсельмаш» на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь).
У 2012 годзе завод пачаў пашырэнне вытворчасці.
Сучасны стан Станам на 2020 год, кампанія вырабляла паветранагравальнікі і цеплагенератары, воданагравальныя ўстаноўкі, ацяпляльныя катлы, вадагрэйныя калонкі і іншае абсталяванне. На прадпрыемстве занята больш за 300 супрацоўнікаў.
Заўвагі
Спасылкі
Афіцыйны сайт Інфармацыя на сайце Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя:Прадпрыемствы Мазыра Катэгорыя:Вытворцы энергетычнага абсталявання