Беларусы прымалі актыўны ўдзел у далёкаўсходніх ваенных канфліктах СССР. У ролі ваенных саветнікаў, спецыялістаў і ваеннаслужачых рэгулярных часцей яны змагаліся ў Япона-кітайскай вайне, ля возера Хасан і на рацэ Халхін-Гол, Савецка-японскай, Карэйскай і В’етнамскай войнах. Дзевяць ураджэнцаў Беларусі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза за ўдзел у баявых дзеяннях у рэгіёне.

Япона-кітайская вайна У Кітай былі камандзіраваны саветнікі і інструктары, якія працавалі як у цэнтральных ваенных структурах, так і непасрэдна ў войсках. Некаторы час савецкі кантынгент узначальваў Кузьма Качанаў (Целякі, Пастаўскі раён). Ураджэнцы Беларусі занялі і іншыя ключавыя пасады. Так, напрыклад, у кастрычніку 1938 года Зелік Іофэ (этнічны яўрэй з Дашкоўкі, Магілёўскі раён) стаў галоўным інжынерам 2925-кіламетровай аўтамабільнай трасы ад Казахстана праз сіньцзянскія гарады Урумчы і Кульджа да канчатковага пункта ў Ланьчжоў, па якой дастаўлялася ваенная дапамога. Непасрэдны ўдзел у эксплуатацыі трасы і забеспячэнні яе бяспекі прымаў Кірыл Арлоўскі (Мышкавічы, Кіраўскі раён). Яго галоўнай задачай былі разведвальныя паездкі па трасе і барацьба з дыверсантамі, паколькі ў гэтым раёне пражывала вялікая колькасць былых белагвардзейцаў-эмігрантаў і дзейнічала японская дыверсійная група, якая некалькі разоў нападала на Кульджу. Для аператыўнага прыкрыцця Арлоўскага прызначылі намеснікам начальніка мясцовай перавалачнай авіябазы.

У лістападзе 1937 года ў Нанкін прыбыла першая група савецкіх авіятараў. Сярод іх быў Фёдар Добыш (Коханаў, Крычаўскі раён), накіраваны інструктарам для навучання кітайскіх пілотаў. Да канца снежня ён падрыхтаваў групу ў 45 чалавек. Акрамя таго, аж да чэрвеня 1938 года, Добыш прымаў удзел у баях у якасці камандзіра бамбардзіровачнага авіяатрада. Падчас паветранага бою 29 красавіка 1938 года вызначыўся Сяргей Грыцавец (Бараўцы, Баранавіцкі раён). У той дзень савецкія авіятары прадухілілі масіраваны бамбардзіровачны ўдар па горадзе Ханькоў, збіўшы 21 самалёт з 54Летчики-белорусы, защищавшие небо Китая // Исторический факультет БГУ, 2011.

Двое лётчыкаў-беларусаў, якія змагаліся ў Кітаі, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Першым быў Аляксей Благавешчанскі (Брэст). У «гарачай кропцы» служыў са студзеня 1938 года. Спачатку камандаваў авіяэскадрылляй, затым — Наньчанскай знішчальнай авіягрупай. Здзейсніў 73—117 баявых вылетаў на знішчальніках І-15 і І-16, правёў 11—40 паветраных баёў, у якіх збіў асабіста 7 і ў складзе групы 16—20 самалётаў праціўніка. Пасля званне атрымаў Яўген Нікалаенка (Вудага, Чэрыкаўскі раён), які прыбыў у Кітай вясной 1938 года. Камандаваў знішчальнай эскадрылляй. Збіў 6 асабіста і яшчэ 10 самалётаў у складзе групы.

За 1937—1941 гады на тэрыторыі Кітая загінулі ў паветраных баях і авіякатастрофах звыш 200 савецкіх лётчыкаў, сярод якіх, як устанавіла Ірына Варанкова, было як мінімум 4 беларусы: 26 ліпеня 1938 года — малодшы камандзір Падвальскі (загінуў у раёне горада Аньцынь правінцыі Аньхой), 1 студзеня — малодшы камандзір Грышаеў і ваентэхнік 2-га рангу Шаўцоў (абодва пахаваныя ў горадзе Ханьчжун правінцыі Шэньсі), 2 студзеня 1940 года — ваентэхнік 1-га рангу Кокін (пахаваны ў павеце Баацін правінцыі Хэйлунцзян). Сайт пасольства РБ у КНР дапоўніў гэты пералік наступнымі імёнамі: Іван Бабашкін (Барысаў), Ягор Брылёў (Бялыніцкі раён), Міхаіл Назарук (Уручча, цяпер частка Мінска), Георгій Пятровіч (Мінск), Віктар Шастакоў (Магілёў), Мікалай Цяльноў (магчыма, Орша).

Савецка-японскія канфлікты

Баі на возеры Хасан У наступленні ля возера Хасан 2 жніўня 1938 года ў складзе 40-й стралковай дывізіі 39-га стралковага корпуса 1-й Прыморскай арміі прынялі ўдзел лейтэнанты Волкаў і Лямешка (абодва Гомель і абодва пазней загінулі). У атацы 6 жніўня задзейнічаны новыя дывізіі, уключаючы 32-ю, чыім інструктарам палітаддзела быў Бакштаеў (Талачынскі раён), і 39-ю, у якой на пасадзе начштаба знаходзіўся Аляксандр Бацюня (Курган, Кіраўскі раён). Акрамя таго, з паветра іх падтрымлівалі лётчыкі 2-й паветранай арміі: раней згаданы Благавешчанскі, Бяляўскі (?), Мірановіч (Лагойск), Пілютаў (Рагачоўскі раён), Бляхер (Орша, загінуў у ходзе авіяналёту). Ад гаўбічнага палка 40-й стралковай дывізіі змагаліся Асташонак (Чэрвеньскі раён), Абметка (Смалявіцкі раён), атрадаў 32-й дывізіі — Мельчанка (паранены ў нагу), Пазняк, Галушкевіч (усе трое Мазыр). Непасрэдна ў атаку пайшлі механік-кіроўца 2-й механізаванай брыгады Асташонак і чырвонаармеец 121-га кавалерыйскага палка Жыткоўскі (абодва Талачынскі раён і абодва загінулі). У сутычках наступных чатырох дзён удзельнічалі Шабека (Талачынскі раён), Мілавідаў (Верхнядзвінскі раён), Вавілаў (Полацк), Ягораў (Орша), Крыловіч (Мінск), Барысёнак (Мінскі раён), Жаўняк (Хойніцкі раён), Траццякоў (Нараўлянскі раён), Харламчук (Калінкавіцкі раён), Навасельцаў (Чавускі раён), Смолікаў (Касцюковіцкі раён) і многія іншыя.

У баях 8—9 жніўня за вышыні ля возера вызначыўся баец Жарнасенка. У першую гадавіну хасанскіх падзей газета «Советская Белоруссия» апублікавала артыкул пра байца, падкрэсліўшы, што ён быў «першым чырвоным кулямётчыкам на вышыні Кулямётнай... а калі на сопцы Заазёрнай узвіўся чырвоны сцяг перамогі, Жарнасенка была даручана ахова вышыні». Таксама на Хасане змагаліся Біндалаў (Халопеніцкі раён, паранены ў баях), Бяспалаў (Бабруйскі раён, паранены ў нагу), Козел. У баях, без уліку згаданых Волкава, Лямешка, Жыткоўскага і Асташонка, загінулі чырвонаармейцы Шчарбакоў і Павераны (абодва Добрушскі раён), Лапцеў (Дубровенскі раён), Балашчанка і Чарнашэй (абодва Рэчыцкі раён), Леўчанка (Камарынскі раён), Хадатовіч (Чашнікі), Даронін, Лісецкі і Шман (усе тры Сенненскі раён), старшы лейтэнант Шэйнкман (Нараўлянскі раён) і іншыя. Акрамя таго, беларусы знаходзіліся і ў небаявых часцях. Так, напрыклад, брыгаду караблёў Ціхаакіянскага флоту, якая забяспечвала дастаўку грузаў, узначальваў капітан 1-га рангу Скрыганаў (Жлобінскі раён). Ад інжынерных войск у зоне баявых дзеянняў знаходзіўся маёр Галдовіч (Барысаў), які служыў у штабе 39-га стралковага корпуса. У службе забеспячэння тылу ўдзельнічаў у падзеях вайсковец Крэсік (Мінск).

Баі на рацэ Халхін-Гол У ліку першых удзельнікаў баёў быў начальнік разведвальнай часці штаба Асобнай мотаброневай брыгады Сцяпан Вяршковіч (Сялец, Смаргонскі раён). 29 мая ў Манголію накіравалі 48 лётчыкаў і авіяспецыялістаў, у тым ліку раней згаданы Грыцавец, які за асаблівыя заслугі ў баях на Халхін-Голе ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Разам з ім туды накіраваўся авіятар Смалякоў (Буда, Чавускі раён). Неўзабаве пачалася перакідка часцей з Беларускай ваеннай акругі. У ліпені сюды прыбыў лётчык Аляксей Антоненка (Васькавічы, Віцебскі раён).

У перыяд з 3 па 5 ліпеня ў «гарачай кропцы» загінулі старшыя лейтэнанты Клёнаў (Крычаў) і Петруненка (Іванкі, Брагінскі раён), малодшы камандзір Бакуноў (Валкулакава, Дубровенскі раён), старшына Пруднікаў (Новы Дзедзін, Клімавіцкі раён), чырвонаармейцы Бываеў (Малая Дзяцель, Дубровенскі раён), Сачонак (Даўляды, Нараўлянскі раён) і іншыя. 20 жніўня з ліку байцоў 36-й Забайкальскай і 82-й стралковай дывізій загінулі лейтэнант Пінчук (Зарэчка, Петрыкаўскі раён), курсант Грыневіч (Дзяржынск), чырвонаармеец Іонін (Абалі, Любанскі раён) і іншыя. У ходзе вырашальнага наступлення 21—29 жніўня загінула яшчэ больш беларусаў: старшы лейтэнант Тарасаў (Барысаў); лейтэнанты Равякоў (Жлобін), Паўленка (Гдзень, Брагінскі раён), Канстанцінаў (Віцебск); малодшыя камандзіры Баравікоў (Гомель), Гогаль (Лугавая, Талачынскі раён); старшына Сідарэнка (Канічы, Касцюковіцкі раён); чырвонаармейцы Вейс (Бабруйск), Шпанькоў (Новая Буда, Гомельскі раён), Гасцінаў (Ячэнка, Уздзенскі раён), Сплензер (Папоўцы, Краснаслабодскі раён), Глезер (Слуцк), Ярмак (Малыя Зімовішчы, Мазырскі раён), Харчакоўскі (Крупка, Лельчыцкі раён), Галубоўскі (Талачын) і іншыя.

Ордэнамі Леніна былі пасмяротна ўзнагароджаны старшы лейтэнант 9-й мотаброневай брыгады Караняка (Мінск), лейтэнант 150-га змешанага авіяпалка Ваўкоў (Сялец, Буда-Кашалёўскі раён), старшыны 56-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяпалка Краско (Гарані, Бешанковіцкі раён) і Шыпкевіч (Лявонцьевічы, Мінскі раён). Акрамя іх, у баях удзельнічалі артылерыст Багушэвіч (Мінск), лётчык Ганчар (Казлоўка, Мсціслаўскі раён), Шут (Плешчаніцы, Лагойскі раён), пяхотнікі Жгіраў (Гута, Рагачоўскі раён), Марозаў (Казіміраўка, Лоеўскі раён), Церашкоў (Карма, Добрушскі раён). Праз Халхін-Гол прайшоў шэраг будучых генералаў, у тым ліку Васіль Бібікаў (Слаўгарад), Бачкоў (Казіміраўская Слабодка, Жлобінскі раён), Залескі (Нагорны, Мазырскі раён), Кірыл Суляйкоў (этнічны рускі з Клімаўкі, Гомельскі раён), Міхаіл Панфіловіч (Чавусы). Сярод штабістаў адзначыўся палкоўнік Любарскі (Старыя Пяскі, Бярозаўскі раён), які ўдзельнічаў у планаванні жнівеньскага наступлення.

Савецка-японская вайна Як адзначыў ваенны гісторык Эмануіл Іофе, дакладная колькасць беларусаў-удзельнікаў савецка-японскай не ўстаноўлена. Тым не менш, грунтуючыся на суадносінах спісачнага складу РСЧА і колькасці вайскоўцаў з Беларусі, даследчык выказаў здагадку аб прыкладна 26 % ад агульнай колькасці войск. Яго калега Мікіта Панін, выкарыстоўваючы дадзеную методыку, вылічыў, што з 1 664 500 байцоў (колькасць далёкаўсходняй групоўкі) 64 000 — этнічныя беларусы і ўраджэнцы краіны розных нацыянальнасцяў.

У непасрэдным планаванні і правядзенні аперацыі ўдзельнічаў начальнік Генеральнага штаба, член Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання, генерал арміі Аляксей Антонаў (татарын-крашан з Гродна). Сярод іншых ураджэнцаў Беларусі на ключавых пасадах былі: генералы-палкоўнікі: член Ваеннага савета 1-га Далёкаўсходняга фронту Цярэнцій Штыкаў (Любкі, Гарадоцкі раён), намеснік камандуючага бранятанкавымі і механізаванымі войскамі Чырвонай Арміі па артылерыі Уладзімір Тарановіч (Лунінец). генерал-лейтэнанты: начальнік штаба 25-й арміі Валянцін Пянькоўскі (Магілёў), намеснік камандуючага 39-й арміі Забайкальскага фронту Георгій Казлоў (Селяхі, Брэсцкі раён), камандзір 2-га стралковага корпуса Антон Лапацін (Каменка, Кобрынскі раён), начальнік артылерыі фронту генерал-лейтэнант Мікалай Рыжы (Віцебск). генерал-маёры: начальнік штаба 1-й Чырванасцяжнай арміі генерал-маёр Георгій Шэлахаў (Пушча, Гарадоцкі раён), начальнік упраўлення палітпрапаганды Далёкаўсходняга фронту Канстанцін Астраглазаў (Добруш), начальнік штаба ВПС Ціхаакіянскага флоту Барыс Пачыкоўскі (Панкі, Мінскі раён), камандзір 18-га змешанага авіяцыйнага корпуса 10-й паветранай арміі 2-га Далёкаўсходняна фронту Васіль Бібікаў (згаданы раней), камандуючы бранятанкавымі і механізаванымі войскамі 2-га Далёкаўсходняга фронту генерал-маёр Мікалай Радкевіч (Лагойск), камандзір 3-га корпуса СПА ў складзе Прыамурскай арміі СПА генерал-маёр Іван Лярскі (Лёзна), камандзір 15-га корпуса СПА Генадзь Межынскі (Магілёў), член Ваеннага савета Уладзімір Шымко (Касцюкоўка, Гомельскі раён), намеснік камандзіра 25-га стралковага корпуса Сцяпан Шарстнёў (Магілёў), камандзір 124-й дывізіі Міхаіл Папчанка (Гайкава, Чэрыкаўскі раён), камандзір дывізіі на 1-м Далёкаўсходнім фронце Якаў Цімашэнка (Лапені, Чавускі раён), кіраўнік групы афіцэраў 2-га Далёкаўсходняга фронту Міхаіл Юшкевіч (Бялынічы), камандзір 38-га стралковага корпуса Аляксей Церашкоў (Карма, Добрушскі раён).

Ад ваенна-марскіх сіл змагаліся контр-адмірал Канстанцін Сакольскі (Брэст), капітан 1-га рангу Навум Цырульнікаў (Быхаў), капітан-лейтэнант Уладзімір Маркароўскі (Віцебск), начальнік аддзела хімічнага ўзбраення ВМФ генерал-маёйр Павел Ляньковіч (Казаброддзе, Круглянскі раён), марпех Аляксандр Гарчанка (?); ад ваенна-паветраных — капітан Уладзімір Наржымскі (Цімкавічы, Капыльскі раён).