Та́йная канцыля́рыя () — цэнтральная следчая і судовая па палітычных справах дзяржаўная ўстанова ў Расійскай імперыі ў XVIII стагоддзі.

Створана ў лютым 1718 года Пятром I у Маскве як надзвычайная часовая камісія па справе царэвіча Аляксея Пятровіча. З сакавіка 1718 года знаходзілася ў Петрапраўлаўскай крэпасці ў Санкт-Пецярбургу. Дзейнічаў філіял у Маскве. Падпарадкоўвалася Тайная канцылярыя непасрэдна цару і часткова Сенату. Займалася следствам і судовым разглядам найважнейшых палітычных спраў: замахі на цара і вышэйшых дзяржаўных асоб, спробы дзяржаўных пераваротаў, дзяржаўныя здрады, выпадкі буйнога казнакрадства і хабарніцтва, антыўрадавыя паўстанні, раскольніцтва.

Складалася Тайная канцылярыя з установы (2—4 «міністры», ці суддзі, з якіх адзін — П. А. Талстой лічыўся галоўным начальнікам) і ўласна канцылярыі (2—4 канцылярысты, 4—6 падканцылярыстаў і капіістаў). Следства звычайна праходзіла з выкарыстаннем катавання. На допытах часта прысутнічаў сам Пётр I. Прыгаворы «міністраў» зацвярджаў сам цар, часам Сенат. Указам Кацярыны I ад 8 чэрвеня 1726 года Тайная канцылярыя была скасавана, а яе справы і функцыі перайшлі да Праабражэнскага прыказа і Вярхоўнага тайнага савета. Адноўлена ў сакавіку 1731 года пад назвай Канцылярыя тайных і вышуковых спраў. Зноў скасавана ўказам імператара Пятра III ад 23 лютага 1762 года, яе функцыі былі перададзены Тайнай экспедыцыі пры Сенаце.

Тайная экспедыцыя пры Сенаце Тайная экспедыцыя створана ўказам імператрыцы Кацярынай II пры 1-м дэпартаменце Сената замест скасаванай Канцылярыі тайных і вышуковых спраў (Тайнай канцылярыі). Знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Мела кантору ў Маскве (на Лубянцы). Афіцыйна Тайную экспедыцыю ўзначальваў генерал-пракурор Сената. Яго памочнікам і фактычным кіраўніком спраў быў обер-сакратар (1762—1793 гадах гэтую пасаду займаў С. І. Шашкоўскі). Тайная экспедыцыя праводзіла следчыя дзеянні і суды па значных палітычных справах. Пры экспедыцыі ствараліся часовыя следчыя камісіі. Следства часта суправаджалася катаваннем. Некаторыя прыгаворы зацвярджала сама Кацярына II. Скасавана Тайная экспедыцыя указам імператара Аляксандра I (ад 14 красавіка 1801 года). Пасля скасавання функцыі Тайнай экспедыцыі былі падзелены паміж 1-м і 5-м дэпартаментамі Сената.

Сярод значных спраў, разгледжаных Тайнай экспедыцыяй: спроба падпаручніка В. Я. Міровіча вызваліць ад зняволення былога імператара Івана VI ў 1764 годзе, маскоўскі бунт 1771 года, справы Е. Пугачова, А. Радзішчава, Т. Касцюшкі і іншыя.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі «Работали по европейским нормам»: как Тайная канцелярия охраняла Петра I и российский суверенитет // Автономная некоммерческая организация «ТВ-Новости». Сетевое издание rt.com Олег Белов Тайная канцелярия розыскных дел. Секретные службы Российской империи // АО "Издательский дом «С.-Петербургские ведомости» Демьяненко М. А. Канцелярия тайных розыскных дел как орган политического сыска и его место в развитии государственного аппарата России в 1730-е годы // Вестник Краснодарского университета МВД России. 2012. № 4(18). 14 апреля 1801 г. император Александр I упразднил Тайную экспедицию Сената. Из истории сыска в России // Военное обозрение

Катэгорыя:Спецслужбы Катэгорыя:Дзяржаўны лад Расійскай імперыі Катэгорыя:Канцылярыі