Антоні Язвінскі (нар. 22 лютага 1789, маёнтак Чэрнева ў Вялікім Княстве Літоўскім — каля 1870) — польскі філосаф, паліглот, піянер мнематэхнікі, вынаходнік так званага «польскага метаду».
Біяграфія Сын Фелікса Язвінскага герба Гжымала і Катажыны з Узлоўскіх. Бацька быў камергерам караля Станіслава Аўгуста. У сям’і было яшчэ некалькі сыноў і дачок, у тым ліку Юстына.
Навучанне пачаў з сямі гадоў у Полацкім езуіцкім калегіуме. У 1803 годзе, у 14 гадоў, паступіў у Віленскі ўніверсітэт, вывучаў права, матэматыку і прыродазнаўства. Атрымаў ступень доктара філасофіі ў Варшаўскім універсітэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта ўступіў у войска Варшаўскага княства. Быў брыгадзірам, потым капітанам артылерыі. Скончыў ваенную службу ў 1819 годзе.
Эміграваў у Італію. Быў выкладчыкам. Распрацаваў і апублікаваў уласны мнеманічны метад, які шырока ўжываўся ў Францыі ў 1830—1835 гадах.
Памёр у 1852 годзе (такая дата назначана на помніку), пахаваны на могілках у Цімкавічах, помнік захаваўся.
Метад Язвінскага
Мнематэхнічны метад, які вынайшаў, удасканальваў і прапагандаваў Язвінскі, называлі «польскім метадам» або ад яго імя «метадам Язвінскага». Упершыню апублікаваны на італьянскай мове ў 1829 годзе ў Мілане як праца «Metoda generale d’insitnamento colmezzo dei numeri e dei colori, applicato allo studio dalla cronologia». Пазней апублікаваны на іншых мовах, у тым ліку на польскай у 1837 годзе.
Спачатку метад Язвінскага прадугледжваў выкарыстанне сістэмы каардынат, табліц, каляровых палос і ідэаграм для пазначэння гістарычных перыядаў і стварэння з іх дыяграм для запамінання і параўнання даных. Метад спачатку ўжываўся ў храналогіі, а пазней і ў выкладанні геаграфіі, вывучэнні моў і граматыкі. Распаўсюджанай інтэрпрэтацыяй было выкарыстанне візуалізацыі для адлюстравання лікавых і статыстычных даных.
Язвінскі меў вялікую групу супрацоўнікаў і паслядоўнікаў, якія прапагандавалі метад у французскай адукацыі. Сярод іх асаблівую ролю адыграў Юзаф Бем, які ў 1843 годзе апублікаваў уласную працу Exposé général de la Méthode mnémonique polonaise perfectionnée a Paris : bsuivi d’une application spéciale a l’histoire […] і Фелікс Напалеон Жаба. Метадам зацікавіліся ў свеце — Бразіліі, ЗША і Канадзе. Шмат аўтараў публікавалі па ім свае працы. У Францыі лекцыі па метадзе Язвінскага выходзілі як «скрынкавы прадукт» — навучальныя камплекты табліц. Пра папулярнасць метаду сведчыць некалькі наступных выданняў: «Methode polonaise, inventee par Iazwinski», «Méthode de A. Jazwinski, appliquée à la chronology, l’histoire, la géographie, l'étude des langues pratique et théorique» (1839), «Explication de la carte chronographique pour Pótude de l’histoire d’apres la methode dite polonaise».
Паводле французскіх выданняў, на польскую мову метад Язвінскага перакладзены ў працах «Nowa metoda uczenia chronologii» А. Артыхевіча (1836, Варшава), Яна Фока (1837, Вільня), С. Зарайскага (1849, Львоў). Аляксандар Здановіч выкарыстоўваў метад для выкладання польскай гісторыі ў працы «Tablica chronograficzna, podług metody Jaźwinskiego, obejmująca wykład nowej metody uczenia chronologii, jako też spis cesarzów i królów, w tablicy chronograficznej zawartych od N. C. do dnia dzisiejszego» (1845, Вільня). Ян Эйрлінг выдаў на польскай мове вялікі, у двух тамах, «Przewodnik do języka francuskiego według metody Jażwinskiego» (1846, Пецярбург).
На рускай мове паводле метаду выдадзены «Хранаграфічны атлас, з сінхроннымі табліцамі і 500 партрэтамі» (1840, Пецярбург). У 1832 годзе ў Лондане выйшла кніга «Methode Polonaise… appliquóc de la chronologie, l’histoire, la geographie, Petude des langues». У 1837 годзе Жаліве апублікавала «Methode dite polonaise; application aux langnea perfectionnóe», а Клэр ужывала для выкладання граматыкі.
Працы
(1829) «Metoda generale d’insitnamento colmezzo dei numeri e dei colori, applicato allo studio dalla cronologia», francuskie wydanie «Méthode mnémonique polonaise», польскае выданне ў 1837 годзе.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
«Méthode mnémonique polonaise, Antoni Jaźwiński (1789—1870) i jego sztuka pamięci» Aleksander Kopiński, «Zapomniany mistrz pamięci», Rzeczpospolita 4 stycznia 2014. Zapomniany polski mnemonik, Marginalia . Visualizing History: The Polish System (pol. Polski system wizualizacji historii).
Катэгорыя:Філосафы Польшчы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Маладзечанскім раёне