21 лістапада 2024 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт дзейнага прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны краіны Ёава Галанта. Ордар быў таксама выдадзены на галоўнакамандуючага ваенным крылом ХАМАС Мухамада Дэйфа, які, па паведамленнях ізраільскай арміі, быў забіты ад авіяўдару ў ліпені 2024 года.

Гісторыя 20 мая 2024 года Генеральны пракурор МКС Карым Хан запатрабаваў выдаць ордар на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта і трох лідараў ХАМАС: Ях’я Сінвара, Мухамада Дэйфа і Ісмаіла Ханіі.

Карым Хан абвінаваціў лідараў ХАМАС у тым, што тыя нясуць адказнасць за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці — забойствы, захоп закладнікаў, акты сексуальнага гвалту, катаванні. Генпракурор падкрэсліў, што гэтыя злачынствы былі часткай шырокамаштабных і сістэматычных нападаў на грамадзянскае насельніцтва Ізраіля з боку ХАМАС і іншых палесцінскіх узброеных груповак.

Прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху і міністра абароны Ёава Галанта генеральны пракурор абвінаваціў у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых на палесцінскіх тэрыторыях ізраільскай арміяй, у ліку якіх галадамор мірнага насельніцтва ў якасці метаду вядзення вайны і наўмысныя напады на цывільных асоб.

Навіна пра намер Хана атрымаць ордар на арышты лідараў Ізраіля і ХАМАС выклікала шырокі рэзананс у свеце. Многія лідары заходніх краін былі абураныя дзеяннямі генпракурора МКС, у прыватнасці прапанову выдачы ордара на арышт кіраўніцтва Ізраіля асудзіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Аднак шэраг іншых дзяржаў, уключаючы Францыю, Бельгію і Ірландыю ўхвалілі ініцыятыву.

Улады Ізраіля рэзка раскрытыкавалі абвінавачванні ад МКС. Нетаньяху заявіў, што генпракурор «падрывае права любой дэмакратыі на самаабарону ад тэрарыстычных арганізацый і агрэсараў», а таксама абвінаваціў Хана ў антысемітызму. Пры гэтым прэм’ер заявіў, што гэта не перашкодзіць Ізраілю знішчыць ХАМАС. МЗС краіны назвала ініцыятыву «гістарычнай ганьбай».

З асуджэннем ініцыятывы пракурора выступілі і ў ХАМАС, дзе заявілі, што групоўка «рашуча асуджае спробы пракурора Міжнароднага крымінальнага суда прыраўняць ахвяру да кату, выдаўшы ордар на арышт шэрагу лідараў палесцінскага супраціву».

CNN адзначала, што ўпершыню МКС пачаў працэс пераследу лідара дзяржавы-саюзніка ЗША.

ЗША рэзка асудзілі выдачу ордара, пачаўшы аказваць ціск на МКС. Гэтыя дзеянні паднялі пытанне падвойных стандартаў амерыканскай палітыкі, бо ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, які Вашынгтон падтрымаў, абапіраўся на тую ж юрыдычную аснову, што і ордары на арышт Біньяміна Нетаньяху і Ёва Галанта.

Санкцыі ЗША 6 лютага 2025 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні санкцый супраць МКС, абвінаваціўшы яго ў «незаконным пераследзе ЗША і найбліжэйшых саюзнікаў». У дакуменце гаворыцца, што орган «злоўжыў сваімі паўнамоцтвамі, выдаўшы неабгрунтаваныя ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху і былога міністра абароны Ёва Галанта». Уся маёмасць службовых асоб МКС на тэрыторыі ЗША падлягае блакаванню, ім і членам іх сем’яў забараняецца ўезд у краіну. Дакументам таксама накладзеная забарона на любыя ахвяраванні МКС. У тым ліку, Міністэрствам фінансаў ЗША былі ўведзеныя санкцыі супраць генеральнага пракурора Карыма Хана. Паводле звестак Reuters, МКС загадзя прыняў захады для абароны сваіх супрацоўнікаў ад магчымых санкцый, выплаціўшы ім заробкі на тры месяцы наперад. Каля 2/3 краін, якія ўваходзяць у МКС, выказалі яму сваю падтрымку.

Крыніцы

Катэгорыя:Ізраільска-палесцінскі канфлікт Катэгорыя:Лістапад 2024 года Катэгорыя:Падзеі 21 лістапада Катэгорыя:Ваенныя злачынствы Катэгорыя:Злачынствы супраць чалавечнасці