Фанетычная транскрыпцыя беларускай мовы адлюстроўвае асаблівасці беларускага вуснага маўлення. Яна ажыццяўляецца паводле спецыяльнай сістэмы запісу. Кожная літара ў транскрыпцыі абазначае толькі адзін гук (а не спалучэнне гукаў) і заключаецца ў квадратныя дужкі [ ].
Беларуская транскрыпцыя грунтуецца на базе літар беларускага алфавіта. Але паколькі ў беларускай мове гукаў больш, чым літар, то для абазначэння некаторых гукаў выкарыстоўваюцца асобныя літары з іншых графічных сістэм (лацінскай, грэчаскай), а таксама спецыяльныя дыякрытычныя значкі.
Асноўныя правілы Гукі, якія абазначаюцца літарамі а, о, у, ы, і, э, у транскрыпцыі перадаюцца адпаведнымі знакамі [а], [о], [у], [ы], [і], [э].
Ётавыя галосныя е, ё, ю, я перадаюцца як [э], [о], [у], [а] з пазначэннем мяккасці папярэдняга зычнага.
Дыграфы дз і дж звычайна транскрыбіруюцца з дапамогай лацінскіх сімвалаў [z] і [ž] адпаведна, што ўказвае на іх злітнае вымаўленне.
Калі літара г абазначае фрыкатыўны гук, яна адлюстроўваецца ў транскрыпцыі знакам «γ» (ся[γ]óння), калі выбухны — знакам «г» ([г]ýзік).
У поўнай (навуковай) транскрыпцыі выкарыстоўваюцца наступныя знакі:
(’) — абазначае мяккасць зычнага: [с’м’]ех, [б’]яроза, б[л’]іскавіца; (:) — абазначае падаўжэнне зычнага: узбярэ[ж:]а, світа[н:]е, паме[ж:]а; (´) — абазначае асноўны націск над галосным націскнога склада, заўсёды пазначаецца ў транскрыпцыі асобных слоў: [в’іхл’а́ц’], [в’і́шн’а]; (`) — абазначае пабочны націск у складаных словах: [мно̀γастано́чны]; (⁀) — абазначае адно фанетычнае слова: [у⁀ха́ц’э], [на⁀ву́ха], [γл’а́н’⁀жа].
Не выкарыстоўваюцца ў фанетычнай транскрыпцыі вялікая літара, знакі прыпынку і знак пераносу. Малыя паўзы у сярэдзіне фразы азначаюцца як [/], вялікія паўзы як [//]Сучасная беларуская літаратурная мова, Мінск:Вышэйшая школа, 2017 г., стар. 52-53.
Узор фанетычнай транскрыпцыі Якраз у той дзень яшчэ з раніцы павісла ў паветры страшэнная парнасць. Усё жывое быццам анямела і прынікла да зямлі. Падвечар на поўдні пачалі падымацца адна за другой папялістыя хмаркі. Яны выплывалі з-за гарызонта, паволі рассцілаліся па небе, насцігалі адна другую, зліваліся і раслі ў вялікую чорную хмару.
[йакра́с у⁀то́й z’э́н’ / йашчэ́ з⁀ра́н’іцы / пав’і́сла ў⁀пав’э́тры / страшэ́н:айа па́рнас’ц’ || ус’о́ жыво́йэ бы́ц:ам ан’ам’э́ла / і⁀прын’і́кла да⁀з’амл’і́ // падв’э́чар на⁀по́ўдн’і / пачал’і́ падыма́ц:а адна́ за⁀друγо́й пап’ал’і́стыйа хма́рк’і // йаны́ выплыва́л’і з:а⁀γарызо́нта || паво́л’і рас’ц’іла́л’іс’а па⁀н’э́б’э // нас’ц’іγа́л’і адна́ друγу́йу | з’л’іва́л’іс’а й⁀рас’л’і́ ў⁀в’ал’і́куйу чо́рнуйу хма́ру]
Гл. таксама Транскрыпцыя Арфаэпія МФА
Крыніцы
Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Беларуская фанетыка