Спа́са-Ефрасі́ннеўскі манасты́р — жаночы праваслаўны манастыр у Полацку (Беларусь), адзін з найбольш шанаваных манастыроў Рускай праваслаўнай царквы. Важны цэнтр полацкай школы дойлідства XII стагоддзя.
Гісторыя Заснаваны святой князёўнай Ефрасінняй Полацкай у 1125 годзе, калі яна пасялілася каля Праабражэнскай бажніцы ў Сяльцы (за 2,5 км ад дзядзінца). З цягам часу тут былі пастрыжаны ў манаства сёстры вялебнай Ефрасінні: родная Еўдакія (Градзіслава) і стрыечная Еўпраксія (Звеніслава) — адзіная дачка полацкага князя Барыса Усяславіча.
Спачатку на тэрыторыі манастыра была ўзведзена мураваная царква-пахавальня, а крыху пазней, у 1152—1161 гадах намаганнямі Св. Ефрасінні быў пабудаваны мураваны Спаса-Праабражэнскі сабор — найбольш захаваны помнік старажытнаполацкай архітэктуры. Яго будаўніком быў мясцовы майстар Іаан. Абодва манументальныя будынкі ўзводзіла адна будаўнічая арцель.
У 1161 годзе на гэты храм Ефрасіння ахвяравала пазалочаны напрастольны крыж (Крыж Ефрасінні Полацкай) з часціцамі мошчаў шматлікіх святых і Жыватворчага Крыжа Хрыстова. Крыж быў выразаны тутэйшым майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. У XIII ст. крыж быў вывезены з Полацка ў Смаленск, а адтуль пазней у Маскву, пасля чаго вернуты ў манастыр Іванам Грозным пасля захопу ім Полацка ў 1563 годзе.
У 1580 годзе, пасля ўзяцця Полацка (1579) Стэфанам Баторыем, манастыр перададзены езуітам. У 1654 годзе, пасля захопу горада маскоўскімі войскамі, зноў перайшоў да праваслаўных. У 1667 годзе, пасля вяртання Полацка войскамі Рэчы Паспалітай, зноў перададзены езуітам, у якіх заставаўся да 1820 года.
У 1820 годзе расійскія ўлады выгналі езуітаў з Полацку, манастыр перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. У 1832 годзе манастыр быў перададзены духоўнаму ведамству і ў 1840 годзе адноўлены. У 1841 годзе Крыж Ефрасінні Полацкай быў зноў вернуты ў Спаса-Праабражэнскі сабор.
У 1840-я гадах старажытная мясцовасць была прылічана да разраду першакласных. У манастыры размясцілася Спаса-Ефрасіннеўскае духоўнае вучылішча. У 1847 годзе пры ігуменні Клаўдзіі (Шчыпаноўскай) была пабудавана Ефрасіннеўская трапезная царква.
У 1897 годзе пры ігуменні Яўгеніі (Гаваровіч), паводле праекта архітэктара У. Ф. Коршыкава ў псеўдавізантыйскім стылі была ўзведзена манументальная пяціглавая Крыжаўзвіжанская царква.
У 1921 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр. Крыж быў рэквізаваны, у 1928 годзе перавезены ў Мінск, а ў 1929 — у Магілёў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе Крыж Ефрасінні Полацкай бясследна знік і дагэтуль не знойдзены.
У 1929 годзе экспедыцыяй у складзе расійскіх мастакоў і рэстаўратараў Ігара Грабара, Рыгора Чырыкава і П. І. Юкіна ў Спаса-Праабражэнскім саборы былі выяўлены і раскрыты фрэскі ХІІ стагоддзя.
Архітэктура На пачатак XX ст. архітэктурны комплекс манастыра фарміравалі размешчаныя курданёрам вакол невялікай плошчы 3 мураваныя храмы, брама-званіца (XVI ст.), 2-павярховы, збудаваны яшчэ езуітамі келейны корпус (пачатак XVIII ст.), каля 20 драўляных і мураваных жылых і гаспадарчых будынкаў, сад і агарод. У другой палавіне XIX ст. да брамы прыбудаваны 2 бакавыя жылыя корпусы і ўзведзена вежа (не збераглася), у пачатку XX ст. з заходняга боку брамы пастаўлены 2-павярховы жылы корпус. У сярэдзіне XIX ст. побач са Спаса-Праабражэнскай царквой пабудавана «цёплая» царква-трапезная ў імя прападобнай Ефрасінні Полацкай. У 1899 г. узведзены вялікі мураваны сабор у гонар Уздвіжэння Крыжа Гасподняга. Галоўная планіровачная вось манастыра вызначаецца брамай-званіцай і Спаса-Праабражэнскай царквой.
Помнікі полацкай школы дойлідства Храм-пахавальня
Найстаражытнейшым будынкам манастыра была царква-пахавальня, узведзеная, верагодна, у пачатку — першай палове XII ст. Яна ўяўляла сабой шасціслуповы, трохнефны крыжова-купальны будынак з адной апсідай і хорамі на захадзе. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў храм абкружала шырокая галерэя, аб'ёмы якой мелі выгляд прытвораў. Пад яе падлогай знойдзены старажытныя пахаванні ў цагляных скляпах, магчыма, полацкіх епіскапаў.
Сцены будынка былі выкладзены з плінфы ў традыцыйнай полацкай тэхніцы муроўкі «са схаваным радам». Яго падмуркі складаліся з дробных валуноў, якія былі пакладзены насуха (без выкарыстання вапнавага раствору). У інтэр'еры шырока выкарыстоўваліся роспісы, у пакрыцці падлогі — дэкаратыўныя керамічныя пліткі і мазаікі. Пры раскопках быў выяўлены шыферны саркафаг.
Спаса-Праабражэнскі сабор
Гэта быў выцягнуты ў плане крыжова-купальны трохнефны шасцістоўпны аб’ём. Як і ў храме-пахавальні, падмуркі сабора былі выкладзены з камянёў насуха (без раствору). Сцены будаваліся з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», але полацкі дойлід Іаан ужыў асаблівы прыём: водступ схаванага рада плінфы ад плоскасці фасада быў мінімальным (усяго 1—2 см), што надавала муроўцы выключна дэкаратыўны характар.
Унікальнай канструктыўнай асаблівасцю сабора стала выкарыстанне дрэва ў падкупальных слупах: вышэй за васьмігранную частку заходніх слупоў у якасці пераходу да арак у муроўку ўстаўлены квадратныя пліты з вельмі шчыльнага цёмна-карычневага дрэва (маранага дуба). Дынамічнае вертыкальнае нарастанне мас дасягалася за кошт выкарыстання пазакамарнага перакрыцця і кілепадобных какошнікаў.
Крыніцы
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін;[рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4
Майоров А. В. Печать Евфросинии Галицкой из Новгорода // Древняя Русь. Вопросы медиевистики" № 2(44), июнь 2011. — С. 5-25.
Спасылкі
Сайт Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра
Катэгорыя:Праваслаўныя манастыры Беларусі Катэгорыя:Манастыры Полацка Катэгорыя:Жаночыя манастыры
Катэгорыя:Аб’екты, названыя ў гонар Ефрасінні Полацкай