Дыспансерыза́цыя (ад дыспансер), С.448 — метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілактычных, дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на ранніх стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сацыяльнай прафілактыкі.

Класіфікацыя Адрозніваюць дзве формы дыспансерызацыі: здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) хворых асоб (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукровы дыябет, новаўтварэнні і інш.).

Дыспансерызацыя ў Беларусі На Беларусі ўведзена ў 1919—1921 гадах як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—1927 гадоў — прамысловых рабочых.

Згодна з Пастанаўленнем Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 125 ад 30 жніўня 2023 г., мэтамі дыспансерызацыі з’яўляюцца правядзенне медыцынскай прафілактыкі, прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне адказнасці грамадзян за сваё здароўе, выяўленне хранічных неінфекцыйных захворванняў на ранніх стадыях.Пастанаўленне Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 125 ад 30 жніўня 2023 г.

Дыспансерызацыя праводзіцца сярод дарослых (з 18 гадоў да 39 гадоў і з 40 гадоў і старэй) і дзяцей (да 1 года і з 1 года да 17 гадоў). Асобы ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў праходзяць дыспансерызацыю адзін раз у тры гады, асобы, якія дасягнулі ўзросту 40 гадоў — адзін раз у год).

Дыспансерызацыю дарослага насельніцтва праводзяць медработнікі ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), месцы працы (вучобы, службы) і (або) іншых арганізацыях, якія разам з асноўнай дзейнасцю таксама ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Дыспансерызацыю дзіцячага насельніцтва праводзіць урач-педыятр участковы або ўрач агульнай практыкі, які абслугоўвае дзіцячае насельніцтва ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях і (або) іншых арганізацыях аховы здароўя.

Для правядзення дыспансерызацыі могуць выкарыстоўвацца выязныя формы работы, у тым ліку з прымяненнем перасовачных фельчарска-акушэрскіх пунктаў.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Медыцынская дыягностыка Катэгорыя:Медыцынская прафілактыка