Арэст (, «горац»; ) — персанаж старажытнагрэцкай міфалогіі, герой эпічных пераказаў траянскага цыклу. Паводле паданняў, выхадзец з роду Пелапідаў, сын Агамемнана і Клітэмнестры, брат Электры і Іфігеніі. Сям’ю Арэста гнёў праклён. Калі ён быў дзіцем, яго маці сумесна са сваім палюбоўнікам Эгісфам забіла Агамемнана; Арэст змог выратавацца і атрымаў выхаванне на чужыне. Стаўшы дарослым, ён вярнуўся ў Мікены і па загадзе бога Апалона забіў маці і Эгісфа, каб адпомсціць за бацьку. Пасля гэтага Арэста за забойства маці пераследавалі эрыніі, але ён дамогся апраўдання перад афінскім арэапагам, прайшоў ачышчэнне і стаў царом Мікен. Па адной з версій міфа, да ўзыходжання Арэст здзейсніў вандраванне ў Таўрыду (антычная назва Крыма), адкуль вярнуўся з сястрой Іфігеніяй, што лічылася мёртвай, і статуяй Артэміды. У спрэчцы за Герміёну Арэст забіў Неапталема. Пазней ён аб’яднаў пад сваёй уладай Аргас, Спарту і частку Аркадыі, а яго нашчадкі сталі правадырамі эалійцаў і ахейцаў. У гістарычныя часы астанкі Арэста былі перанесены з Аркадыі ў Спарту.
Гэты герой стаў персанажам мноства п’ес, сярод якіх захаваныя трагедыі Эсхіла (трылогія «Арэстэя»), Сафокла («Электра»), Эўрыпіда («Электра», «Арэст», «Андрамаха»), паэма познеантычнага драматурга Драконцыя, у якіх міф падвергся істотнаму перайначванню. Адносіны паміж Арэстам і яго дваюрадным братам Піладам сталі адным з хрэстаматыйных прыкладаў мужчынскага сяброўства. Выява Арэста выкарыстоўвалася ў рымскай палітычнай прапагандзе: з гэтым героем параўноўвалі Актавіяна Аўгуста і Нерона. У Новы час міф пра Арэста зноў пачалі распрацоўваць драматургі, прычым у XVIII стагоддзі была папулярная тэма падарожжа ў Таўрыду, а ад выявы ўсвядомленага мацізабойства пісьменнікі адмовіліся. Пачынаючы з XIX стагоддзя ў мастацкай літаратуры выкарыстоўваўся толькі сюжэт пра забойства маці і пра эрынію. Арыгінальныя трактоўкі гэтага сюжэту належаць Герхарту Гаўптману, Юджыну О’Нілу, Жану Жыроду, Жан-Полю Сартру. Навукоўцы бачаць у міфе пра Арэста завуаляванае апісанне перамогі дзяржаўнага права над звычаем крывавай помсты і перамогі патрыярхату над матрыярхатам.
Імя Старажытнагрэцкае слова Ὀρέστης азначае «горац», ад кораня ὄρος — «гара», што, у сваю чаргу, паходзіць ад аднаўляемага праіндаеўрапейскага *h₃eros — «узыходзіць» (адкуль беларускае «ры́нуць»).
Платон у дыялогу «Кратыл» пастараўся звязаць гэтае імя з норавам Арэста: як гаворыць у гэтым дыялогу Сакрат, імя героя паказвае «на лютасць яго прыроды і дзікасць — такі бывае хіба што жыхар гарыстай краіны». Такія адзнакі відавочна звязаныя з позняй трактоўкай выявы, узыходзячай да трагедый Эўрыпіда.
Тапонімы, аднакарэнныя з імем мікенскага цара, сустракаліся ў розных частках Старажытнай Грэцыі, і ў шэрагу выпадкаў антычныя аўтары наўпрост звязваюць іх з Арэстам. Так, згодна з Эўрыпідам, пасля ачышчэння багі накіравалі Арэста ў Арэстэён () у Аркадыі; Паўсаній піша, што ў гэтым краі быў горад (), пераназваны ў Арэстэй; пад Мегалопалем існавала мясцовасць Арэстэя. Жыхары Арэстыды, горнай вобласці паміж Македоніяй і Эпірам, паводле Страбона, называлі сябе арэстамі, таму што сын Агамемнана калісьці даў ім сваё імя. Нарэшце, горад пад назвай Арэст існаваў на Эўбеі.
У міфалогіі
Паходжанне Арэст належаў да роду Пелапідаў. Яго прадзед Пелоп (эпонім Пелапанеса), сын Тантала і ўнук самога Зевса, прыехаў у Паўднёвую Грэцыю з Малой Азіі, дамогся рукі дачкі элідскага цара Эномая Гіпадаміі і атрымаў царскую ўладу ў Пісе. Забіты ім Міртыл (вознік Эномая) перад смерцю пракляў і Пелапа, і ўсё яго нашчадства, што мела фатальныя наступствы для Пелапідаў. Сыны Пелопа Атрэй і Фіест змагаліся адзін з адным за прастол Мікен; Фіест, накормлены мясам уласных дзяцей, пракляў брата (гэта быў «праклён Атрыдаў»). Пазней дачка Пелопія нарадзіла свайму ж бацьку Фіесту сына-мсціўца Эгісфа, які аднойчы забіў Атрэя. Сыны апошняга, Агамемнан і Менелай, пазней забілі Фіеста. У выніку Агамемнан стаў царом Мікен і наймагутнейшым правіцелем ва ўсёй Грэцыі, а Менелай — царом Спарты.
Арэст быў малодшым з чатырох дзяцей і адзіным сынам Агамемнана. Яго маці Клітэмнестра, дачка спартанскага цара Тындарэя і Леды (сястра Алены), нарадзіла яшчэ і трох дачок. Адну з іх звалі Хрысафеміда, а двух іншых, паводле Гамера, Лаадыка і Іфіянаса, паводле пазнейшых антычных аўтараў — Электра і Іфігенія. Дваюрадным братам Арэста (сынам яго цёткі Анаксібіі і факідскага цара Строфія) быў Пілад. Існуюць і альтэрнатыўныя радаводы: напрыклад, каментатар «Энеіды» Маўр Сервій Ганарат піша, быццам Арэст быў сынам Менелая і Алены, а Пталамей Гефестыён — што Арэста нарадзіла на свяце Дэметры адна з эрыній. Аднак калі першы выпадак, відаць, з’яўляецца простай памылкай, то другі — спробай міфографа па-новаму вытлумачыць традыцыю, каб даць дадатковае паясненне сувязям паміж Арэстам і багінямі помсты.
Два радавыя праклёны і старая смяротная варожасць паміж дзвюма галінамі сям’і адыгралі ў лёсе Арэста важную і трагічную ролю.
Раннія гады Дзякуючы адзінай згадцы ў «Іліядзе» вядома, што, калі ахейцы на чале з Агамемнанам абложвалі Трою, Арэст знаходзіўся ў Мікенах, у бацькоўскім доме. У самым пачатку траянскага паходу, будучы яшчэ немаўлём, ён суправаджаў сваю сястру Іфігенію ў Аўліду. Ахейцы шмат дзён не маглі працягнуць шлях праз сустрэчны вецер і высветлілася, што багоў трэба ўласкавіць — прынесці Іфігенію ім у ахвяру. Агамемнан падмануў жонку, напісаўшы ёй, быццам хоча выдаць дачку за Ахіла. Клітэмнестра, выпраўляючы дачку, узяла маленькага сына з сабой. У Аўлідзе, па адной версіі, Іфігенію закалолі на алтары, а па іншай — у апошняе імгненне Артэміда замяніла яе ланню і перанесла ў Таўрыду.
Арэст-дзіця згадваецца і ў эўрыпідавай версіі міфа пра мізійскага цара Тэлефа. Апошні быў паранены ў баі з ахейцамі, а яго рана доўга не гаілася. Тэлеф атрымаў аракул пра тое, што вылечыць яго зможа толькі той, хто гэтую рану нанёс (уласна Ахіл); тады ён прыехаў у Мікены, схапіў царэвіча Арэста з калыскі і аб’явіў, што заб’е дзіця, калі не атрымае дапамогі. Каб усё ўладзіць з-пад Троі прыбыў Адысей: Тэлеф быў вылечаны з дапамогай іржы з ахілавай дзіды і стаў саюзнікам ахейцаў, Арэста ж цэлым вярнулі мацеры.
Траянская вайна зацягнулася на дзесяць гадоў. За гэты час маці Арэста стала палюбоўніцай Эгісфа і вырашыла забіць мужа-цара. Прычынай таму сталі падкопы эўбейскага цара Наўплія, чый сын Паламед быў пакараны смерцю пад Трояй, жаданне Клітэмнестры адпомсціць за Іфігенію, за першага мужа і сына ад яго, забітых калісьці Агамемнанам, імкненне Эгісфа да рэваншу, а таксама чуткі пра тое, што мікенскі цар зрабіў сваёй палюбоўніцай узятую ў палон Касандру. Як толькі Агамемнан вярнуўся дадому, Клітэмнестра і Эгісф яго забілі. У «Адысеі» яго цень скардзіцца загалоўнаму герою, што не паспеў «ніводным нацешыцца поглядам на мілага сына». Гэтая рэпліка дапускае, што Арэст тады таксама знаходзіўся ў Мікенах (або Агамемнан так думаў, але быў ашуканы жонкай). Па адной з версій міфа, царэвіч меў загінуць у той жа дзень, але яго выратавалі: ці то сястра Электра вынесла яго з горада, загорнутага ў плашч, ці то карміцелька (Арсіноя, Лаадамія або Кіліса) адправіла ў царскую дзіцячую ўласнага сына, каб Эгісф забіў яго, думаючы, што гэта Арэст. Па трэцяй версіі, веснік Агамемнана Талфібій таемна ўвёз царэвіча з Мікен — альбо ў Факіду, альбо ў Карынф, дзе перадаў яго крыцкаму цару Ідаменею. Аднак ёсць і альтэрнатыўная версія, па якой Клітэмнестра да прыбыцця мужа сама адправіла дзесяцігадовага сына ў Факіду — відаць, каб пазбавіцца ад нежаданага сведкі.
Цень Агамемнана, які знаходзіўся ў замагільным свеце, доўга не ведаў, дзе апынуўся Арэст пасля гэтых падзей, і ў яго пытанні, зададзеным Адысею, фігуруюць тры пункты: аркадыйскі Архамен, Пілас у Месеніі і Спарта. Меркаванні антычных аўтараў наконт гэтага разыходзяцца. Згодна з Гамерам, Арэст правёў сваё выгнанне ў Афінах, Зенадот Эфескі піша пра Факіду, аўтар схолій да «Адысеі» — пра дзяцінства, праведзенае ў Факідзе, і атрыманне асветы ў Афінах, Эўрыпід — пра тое, што царэвіч вандраваў па ўсёй Грэцыі. Афінская версія магла з’явіцца дзякуючы ўстаўцы ў гамераўскі тэкст, зробленай у VI стагоддзі да н. э., каб дагадзіць афінскаму тырану Пісістрату. У «Дзённіку Траянскай вайны», напісаным у IV стагоддзі н. э., прапануецца кампрамісны варыянт, паводле якога Арэст знаходзіўся спачатку на Крыце, адвезены туды з Карынфа Ідаменеем, потым у Афінах, а потым — у Факідзе. Як бы там ні было, большую частку антычнай эпохі існавала ўсеагульная думка, што сын Агамемнана вырас у Факідзе, ля падножжа Парнаса, пры двары мужа сваёй цёткі Анаксібіі Строфія. Там ён зблізіўся са сваім дваюрадным братам Піладам; узаемаадносіны гэтых двух герояў сталі для старажытных грэкаў узорам мужчынскага сяброўства.
Арэст рос недалёка ад горада Дэльфы, дзе было размешчана свяцілішча Апалона. Гэты бог у далейшым адыграў важную ролю ў лёсе мікенскага царэвіча.
Помста за бацьку
Царстваванне Эгісфа ў Мікенах працягвалася пяць (па даных Еўсевія Кесарыйскага), сем або дзесяць гадоў. Згодна з Эўрыпідам, узурпатар ведаў, што Арэст жывы. Часта п’яны Эгісф таптаў нагамі магілу Агамемнана і крычаў, звяртаючыся да нябожчыка: «Дзе ж сын твой? // Што не ідзе твой прах абараняць?»; за галаву царэвіча ён прызначыў узнагароду золатам, бо баяўся помсты. Клітэмнестра не адчувала згрызот сумлення. Ад Эгісфа яна нарадзіла некалькіх дзяцей — сына Алета і дачок Эрыгону і Алену. Электру, якая не прабачыла забойцаў бацькі і марыла пра помсту, маці і айчым выдалі замуж за простага селяніна, каб устараніць пагрозу з яе боку.
Тым часам Арэст стаў дарослым. У Дэльфах ён спытаў Апалона, ці варта помсціць за бацьку, і той адказаў, што здзейсніць помсту неабходна — у адносінах і да Эгісфа, і да маці. Паводле розных версіяў міфа, бог падарыў Арэсту лук, каб абараняцца ад эрыній, і абвясціў, што, адпомсціўшы, царэвіч будзе ачышчаны ад брыдоты, а адмовіўшыся ад помсты, будзе жорстка пакараны вар’яцтвам і хваробамі. Існавала версія традыцыі, па якой Арэст узяў Мікены на чале войска, дадзенага яму Строфіем і Афінамі (пра гэта піша Дыктыс Крыцкі). Аднак агульнараспаўсюджаным стала іншае тлумачэнне, паводле якога царэвіч вярнуўся ў родны горад таемна, у суправаджэнні толькі сябра Пілада (і ў некаторых аўтараў — свайго педагога). На магіле бацькі ён здзейсніў узліванні і пакінуў пасму сваіх валасоў у ахвяру. Электра, якая ўбачыла валасы, зразумела, што яны належаць Арэсту; тут жа адбылася сустрэча, падчас якой брат і сястра склалі план помсты.
Пра помсту Арэсту антычныя аўтары расказваюць па-рознаму. Паводле Стэсіхора і Эсхілу, Арэст прыйшоў у палац мікенскіх цароў і распавёў Клітэмнестры, якая не пазнала яго, што ён — жыхар Даўліды і што ў дарозе ён сустрэў Строфія, які папрасіў яго перадаць вестку пра смерць Арэста (у Сафокла гэтую навіну прынёс педагог, які расказаў, быццам Арэст загінуў на Піфійскіх гульнях, падчас гонкі на калясніцах). Веснік спытаў, што Строфій меў зрабіць з прахам нябожчыка — даслаць у Мікены або павезці ў Факіду. Клітэмнестра, узрадаваная пачутым, паслала па Эгісфа, які тады знаходзіўся ў храме. Эгісф таксама прыйшоў у палац, і тут з’явіўся Пілад з бронзавай урнай у руках: па яго словах, Строфій такі вырашыў аддаць попел маці памерлага. Цар прыняў веснікаў як ганаровых гасцей. Яны ж выбралі зручнае імгненне, каб нанесці ўдар. Арэст закалоў Эгісфа мячом. Клітэмнестра тут жа пазнала сына і ўзмалілася пра літасць, але Арэст забіў і яе. Пасля гэтага Пілад расправіўся з прыбылымі на дапамогу цару сынамі Наўплія.