Леанард Падгорскі-Аколаў (пол. Leonard Podhorski-Okołów, псеўданімы Elpe, L.P.-O; 21 снежня 1891, маёнтак Рым Слуцкага павета (цяпер — Рымя Капыльскага раёна) — 4 студзеня 1957, Варшава) — польскі паэт і перакладчык, даследчык творчасці Адама Міцкевіча.

Біяграфія Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Сын Яна і Стэфаніі з Бабіцкіх. Бацька яго таксама займаўся паэзіяй.

У 1906-09 гадах вучыўся ў гімназіі Войцеха Гурскага ў Варшаве. Скончыў урадавую гімназію ў Пярну. У 1912 годзе пачыў вучыцца на факультэце паланістыкі ў Львоўскім універсітэце, але вучоба была перапынена пачаткам Першай сусветнай вайны. Ён быў прызваны ў расійскую армію, служыў у Нясвіжы, з 1917 у Бабруйску ўступіў у Польскі корпус пад ачольствам генерала Юзафа Доўбур-Мусніцкага. Пасля роспуска корпуса перабраўся ў 1918 годзе ў Варшаву як афіцэр палка «Дзеці Варшавы». Вайсковую кар’еру завершыў ў 1922 годзе, стала пасяліўся ў Варшаве. Да 1939 года працаваў у гарадской адміністрацыі як кіраўнік культурнага аддзела.

З 1945 года быў членам рэдакцыйнага камітэта выдання збора твораў Адама Міцкевіча, у 1952-54 гадах супрацоўнічаў з Інстытутам літаратурных даследванняў, збіраў матэрыялы для «Слоўніка міцкевічаўскіх рэаліяў».

У 1955—1957 гадах быў дырэктарам Музея літаратуры Адама Міцкевіча ў Варшаве.

З 1945 года быў членам Саюза польскіх літаратараў.

У 1956 годзе быў адзначаны Афіцэрскім крыжом Ордэну Адраджэння Польшчы.

Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве . (участак 81-6-14).

Паэтычная творчасць Галоўнай крыніцай натхнення Падгорскага была паэзія рускага сімвалізму і творчасць Адама Міцкевіча. Дэбютаваў у 1911 годзе з вершам "Z cyklu «O zachodzie» (апублікаваны ў часопісе «Świat», № 42).

Неўзабаве выдаў першы зборнік вершаў «Сонечны смех» (Львоў, 1912).

Уваходзіў у авангардную паэтычную групу «Скамандар» і апрача вершаў у часопісе з такой жа назвай друкаваў артыкулы па тэорыі вершаскладання.

У 1923 годзе выходзіць яго новая паэтычная кніга «Дарога да Эмаус», вершы ў якой поўніліся пачуццём элегічнай самотнасці і рэлігійнымі перажываннямі. Падгорскі-Аколаў у сваіх вершах выводзіў проста нечуванага на той час «героя эпохі» — ён выводзіў на вуліцу сучаснага яму горада Хрыста з Яго адвечнай самотай і непазнанасцю.

У 1924 годзе Падгорскі-Аколаў выдае ў Вільні ў друкарні Хамінскага яшчэ адзін адметны зборнік — «Беларусь», прысвечаны настальгічным успамінам па пакінутай Бацькаўшчыне (Случчына, як вядома, на той час уваходіла ў склад Савецкай Беларусі). Літаратуразнаўца Мікалай Хмяльніцкі такім чынам характарызуе гэты цыкл: «У многіх творах Л. Падгорскага-Аколава з цыкла „Беларусь“ успаміны з часоў дзяцінства лакалізуюцца ў канкрэтных тапаграфічных назвах (Капыль, Слуцк, Навагрудак, Нясвіж, Ашмяны і інш.), якія з’яўляюцца свайго кшталту сімваламі роднай зямлі, алегорыяй гістарычна-культурнай супольнасці народаў, якія спакон вякоў жылі на гэтай тэрыторыі. Аўтар параўноўвае бацькоўскі край з іншымі вядомымі краінамі і гарадамі Еўропы і робіць наступную выснову: яго радзіма не горшая за іншыя славутыя мясціны і ў сучаснай сітуацыі з’яўляецца „абяцанай зямлёй“, страчаным раем».

Пазней паэт дапісаў да яго яшчэ некалькі вершаў. Яны былі надрукаваны як дадатак («Навагрудскі цыкл») да цыкла «Беларусь» у выданні яго выбраных твораў (Варшава, 1960): «Туганавічы», «Тракт пад Нясвіжам», «Граніца (на шашы слуцкай)», «Шлях з Наваельні да Навагрудка».

Сцвердзіўся як знакаміты перакладчык паэзіі рускага мадэрнізму і авангарду: у 1923 годзе пабачыла свет анталогія «Новая расійская паэзія», якая адыграла пераломную ролю ў гісторыі ўспрыняцця расійскай паэзіі ў Польшчы. Там упершыню ў перакладах Падгорскага-Аколава былі прадстаўлены творы Г. Ахматавай і М. Цвятаевай, А. Блока, Ф. Салагуба, С. Ясеніна.

Міцкевічазнаўца Праніклівы даследчык творчасці і біяграфіі Адама Міцкевіча. з’яўляецца заснавальнікам аўтабіяграфічнага падыходу ў міцкевічазнаўстве першай паловы ХХ ст.

Падгорскі-Аколаў першы з даследчыкаў звязаў паэтычнае Сапліцова з рэальнымі Туганавічамі, абгрунтаваўшы свае довады шматлікімі назіраннямі над тэкстам і біяграфічнымі крыніцамі. Найцікавейшымі з’яўляюцца і яго высновы адносна прататыпаў персанажаў «Пана Тадэвуша». Паводле даследчыка, такія персанажы, як Граф і ксёндз Робак, або Яцак Сапліца, маюць складаныя прататыпы, якія сінтэзуюцца з розных рэальных асоб. «Даследаванне такога кшталту надзвычайна канкрэтызавала і насычала рэальнымі дэталямі спасціжэнне творчасці Адама Міцкевіча, набліжала яе ўспрыняцце да той рэчаіснасці, у якой гэтая творчасць выспела і нарадзілася.»

Першым адкрыў сапраўдную дату і месца нараджэння Яна Чачота.

Апублікаваныя кнігі Słoneczny śmiech (1912) Droga do Emaus (1923) Białoruś. Poezje (1924) Realia mickiewiczowskie (1952)

Беларускія пераклады На беларускую мову яго асобныя творы пераклалі М. Гайдук, М. Кавыль, А. Лойка, Я. Семяжон.

Зноскі

Спасылкі Вершы са зборніка «Дарога да Эмаус» у перакладзе Ірыны Багдановіч.

Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Паэты Польшчы