«Меланхолія» () — навукова-фантастычны драматычны фільм 2011 года пастаўлены рэжысёрам Ларсам фон Трыерам па ўласным сцэнарыі. Галоўныя ролі выканалі Кірстэн Данст і Шарлота Генсбур, таксама ў фільме зняліся Аляксандр Скарсгард, Кіфер Сазерленд, Камеран Спур, Шарлота Рэмплінг, Джон Хёрт, , Стэлан Скарсгард, Брэдзі Корбет і .

Падзеі фільма разгортваюцца вакол дзвюх сясцёр: Жусцін і Клэр. Першая выходзіць замуж, але падчас пышнага вяселля рэзка губляе інтарэс да ўрачыстасці, чым выклікае неразуменне блізкіх і гасцей. Неўзабаве яна ўпадае ў клінічную дэпрэсію і Клэр вымушана клапаціцца пра яе. Тым час свет аблятае навіна, што да Зямлі рухаецца Меланхолія. Гэтая навіна павяргае Клэр у жах, а затым і ў паніку, затое добра ўздзейнічае на Жусцін. Па меры набліжэння планеты, Жусцін і Клэр мяняюцца ролямі. Цяпер панікуючая Клэр мае патрэбу ў клопаце. У роспачы яна разам з сястрой і сынам рыхтуецца прыняць непазбежнае.

«Меланхолія» — другая карціна ў трылогіі Трыера «Дэпрэсія». У 2009 годзе ёй папярэднічаў «», а ў 2013 годзе трылогію завяршыла «Німфаманка».

Прэм’ера фільма адбылася 18 мая 2011 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы 64-га Канскага кінафестывалю, а выканаўца галоўнай ролі Кірстэн Данст удастоілася . Пахвала яе акцёрскай ігры ў гэтай карціне стала агульным месцам сярод крытыкаў. Многія крытыкі і кіназнаўцы прызналі фільм шэдэўрам. У 2012 годзе фільм увайшоў у спіс найлепшых фільмаў усіх часоў па версіі «Sight & Sound», а ў 2016 годзе — у спіс найвялікшых фільмаў XXI стагоддзя па версіі BBC.

Сюжэт 8-хвілінны пралог фільма складаецца з шэрагу сцэн, якія пад нарастаючую музыку Вагнэра метафарычна апісваюць увесь далейшы сюжэт. Змрочнае аблічча жанчыны, за спінай якой падаюць птушкі; палаючая рэпрадукцыя «Паляўнічых на снезе»; жанчына з дзіцём на руках па калена правальваецца ў зямлю; жанчына ў вясельным строі не можа выбрацца з аблытаўшай яе пражы; жанчына ў вясельным строі плыве па рацэ, нібы Афелія з карціны Міле; з пальцаў жанчыны выходзяць Агні Святога Эльма; дзве жанчыны і дзіця стаяць пад трыма свяціламі; жанчына з хлопчыкам нарыхтоўваюць палкі; блакітная планета паглынае Зямлю.

Частка першая: Жусцін Жусцін выходзіць замуж за Майкла ў замку, які належыць яе швагру Джону і сястры Клэр. Маладажоны спазняюцца на прыём з-за таго, што іх лімузін з цяжкасцю пераадольвае вузкую і звілістую сельскую дарогу. Па прыбыцці Жусцін бачыць у небе ярка ззяючую зорку. Джон, аматар астраноміі, тлумачыць, што гэта зорка Антарэс. Свята праходзіць не занадта гарманічна: разведзеныя бацькі Жусцін, Габі і Дэкстэр, абражаюць адно аднаго на вачах у гасцей. Жусцін, да незадаволенасці Джона і Клэр, усё больш заглыбляцца ў сябе. Працадаўца Жусцін Джэк, які аб’явіў пра яе павышэнне да пасады сваёй рэкламнай фірмы, чакае, што падчас святкавання яна напіша слоган для новай кампаніі. Жусцін аказваецца ўцягнутай у ролю, якую выбралі для яе іншыя, і зноў упадае ў дэпрэсію, ад якой пакутуе ўжо доўгі час. Бліжэй да канца вечарыны, якая працягваецца да раніцы, яна з-за сваркі звальняецца з працы і скасоўвае шлюб з Майклам пасля таго, як здраджвае яму. Раніцай наступнага дня, катаючыся вярхам разам з Клэр, Жусцін заўважае, што Антарэса больш не відаць у небе.

Частка другая: Клэр

Праз некаторы час Жусцін прыязджае ў маёнтак Джона і Клэр, яшчэ больш пагружаная ў дэпрэсію. Цяпер яна з цяжкасцю ўстае з ложка і не можа есці. Высвятляецца, што адсутнасць Антарэса звязана з , якой далі назву Меланхолія. Яна з’явілася з-за Сонца і прайшла перад Антарэсам, зацьміўшы яго. Джон кажа, што, паводле разлікаў вучоных, Меланхолія пройдзе ў непасрэднай блізкасці да Зямлі, але не сутыкнецца з ёй. Клэр з трывогай разглядае арбіту Меланхоліі ў інтэрнэце і даведваецца аб тэорыі, паводле якой, абмінуўшы Зямлю, яна паверне назад і сутыкнецца з ёй. Джон спрабуе супакоіць жонку, але таемна здабывае ежу і бензін. З-за набліжэння планеты Клэр усё больш губляе самавалоданне, у той час як Жусцін становіцца значна лепш. Яна марыць аб канцы свету і ноччу выходзіць «пазагараць» аголенай у ззянні пагібельнай планеты.

У наступныя дні адбываюцца дзіўныя прыкметы набліжэння Меланхоліі. У замку адключаецца электрычнасць, дварэцкі не выходзіць на працу, коні ў стайні неспакойныя, у розны час можна ўбачыць Агні Святога Эльма, а надвор’е мяняецца хаатычна. Меланхолія спачатку пралятае міма Зямлі, здавалася б, апраўдваючы Джона і навукоўцаў. Аднак гравітацыйнае ўзаемадзеянне між планетамі прымушае Меланхолію перасекчы арбіту Зямлі ў другі раз, на гэты раз рухаючыся прама да яе. Выявіўшы гэта, Джон зводзіць рахункі з жыццём, прыняўшы смяротную дозу таблетак. Клэр хавае ад сям’і ягоную смерць і спрабуе збегчы са сваім сынам Лео, але машыны не заводзяцца. Жусцін адмаўляецца правесці свае апошнія хвіліны з Клэр на тэрасе пры свечках і з віном. Замест гэтага Жусцін супакойвае Лео, прапаноўваючы пабудаваць «чарадзейную пячору» з галінак. Незадоўга да сутыкнення Жусцін, Клэр і Лео сядзяць у «пячоры» і трымаюцца за рукі. У той час як Жусцін сустракае смерць з удзячнасцю, а Лео поўніцца верай у сілу «чарадзейнай пячоры», Клэр упадае ў паніку і адпускае іх, паддаючыся роспачы. Меланхолія сутыкаецца з Зямлёй і паглынае яе.

Акцёрскі склад

Выхад Прэм’ера фільма адбылася 18 мая 2011 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы 64-га Канскага кінафестывалю.

26 мая 2011 года фільм быў выпушчаны ў Даніі. Паказаны на 57 экранах, фільм даў трэці вынік у дацкім пракаце. Усяго ў Даніі было прададзена 50 000 білетаў.

Карціна была выпушчана ў Вялікабрытаніі і Ірландыі 30 верасня, у Германіі — 6 кастрычніка, а ў Італіі — 21 кастрычніка.

Узнагароды Кінафестываль / КінапрэміяПрэмія / КатэгорыяНамінант(ы)ВынікКанскі кінафестываль11-22.05.2011«Залатая пальмавая галіна»«Меланхолія»Кірстэн ДанстЕўрапейская кінапрэмія03.12.2011Найлепшы еўрапейскі фільм«Меланхолія»Найлепшы еўрапейскі рэжысёрЛарс фон ТрыерНайлепшая еўрапейская актрысаШарлота ГенсбурНайлепшая еўрапейская актрысаКірстэн ДанстНайлепшы еўрапейскі сцэнарыстЛарс фон ТрыерГояНайлепшы еўрапейскі фільм«Меланхолія»Сезар24.02.2012Найлепшы замежны фільм«Меланхолія»Польская кінапрэмія «Арлы»Найлепшы еўрапейскі фільм«Меланхолія»

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Фільмы Даніі 2011 года Катэгорыя:Фільмы Швецыі 2011 года Катэгорыя:Фільмы Францыі 2011 года Катэгорыя:Фільмы Германіі 2011 года Катэгорыя:Фільмы-драмы 2011 года Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы 2011 года Катэгорыя:Фільмы-драмы Даніі Катэгорыя:Фільмы-драмы Швецыі Катэгорыя:Фільмы-драмы Францыі Катэгорыя:Фільмы-драмы Германіі Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы Даніі Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы Швецыі Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы Францыі Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы Германіі Катэгорыя:Фільмы на англійскай мове Катэгорыя:Фільмы Ларса фон Трыера Катэгорыя:Фільмы па сцэнарыях Ларса фон Трыера