Мікола Гваздоў, поўнае імя Мікалай Васілевіч Гваздоў (, Полацк, цяпер Віцебская вобласць — 1938?, УхтпечЛАГ?, Комі) — беларускі паэт.

Біяграфія Нарадзіўся года ў Полацку ў сям‘і службоўцаў. Па нейкіх прычынах дзяцінства правёў у дзіцячым доме. У 1933 годзе паступіў на літаратурны факультэт Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута. У 1935 годзе, адчуваючы небяспеку ў часе палітычных рэпрэсій, перавёўся на завочнае аддзяленне і паехаў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Чэрыкаў, але хутка быў звольнены. Адной з прычын было ягонае «зневажанне ў вачах вучняў правадыроў партыі». Пераехаў у Мсціслаў, потым у Менск.

Арыштаваны 13 сакавіка 1936 года на кватэры яго сябра крытыка Пятра Хатулёва па адрасе: вуліца Розы Люксембург, дом 44/2, кватэра 1. Асуджаны 27 чэрвеня 1936 года за «антысавецкую агітацыю» на 5 гадоў лагераў. Накіраваны ў Чыб’ю (УхтпечЛАГ).

Верагодна, забіты вясной 1938 г. падчас масавай карнай аперацыі НКУС па знішчэнні палітзняволеных у пасёлку Чыб’ю (Ухта) (УхтпечЛАГ). Дата смерці і месца пахавання невядомыя.

Творчасць Пісаць вершы пачаў у 13 гадоў, калі жыў у Віцебску. Быў пад моцным уплывам паэзіі Сяргея Ясеніна, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Блока. Першы верш «Рабочы-прызыўнік» апублікаваны ў 1932 годзе ў газеце «Віцебскі пралетар». Друкаваўся ў газетах «ЛіМ», «Звязда», часопісе «Работніца і калгасніца Беларусі». Крыптанім: М.Г-ў.

У вершах пісаў пра грамадзянскую вайну, узнікненне італьянскага фашызму, нямецкі палітычны строй. Таксама ёсць інтымна-лірычныя вершы. Стварыў цыкл вершаў з ясенінскімі матывамі незадаволенасці жыццём. Неапублікаваныя вершы гэтага цыклу ў часе арышту паслужылі на следстве «доказам» яго «ўпадніцкіх» настрояў і песімізму.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты