Самапашкоджанне — наўмыснае пашкоджанне свайго цела па ўнутраным прычынам без суiцыдальных намераў. Для пазначэння гэтай з’явы таксама выкарыстоўваюць тэрмін-англіцызм «сэлфхарм» ад , што даслоўна перакладаецца як «пашкоджанне ўласнага цела».

Агульнае апiсанне Самапашкоджанне — сімптом многiх псіхічных хвароб. Найбольш распаўсюджаная форма самапашкоджання — парэзы і расколіны скуры з дапамогай вострых прадметаў. Іншыя формы самапашкоджання — уціск і ўдар па частках цела, запаленне скуры, перашкода гаенню ран, вырыванне валасоў, ужыванне таксічных рэчываў.

Паводзіны, звязаныя са злоўжываннем псіхаактыўнымі рэчывамі і расстройствамі прыёму ежы, не адносяць да самапашкоджання, паколькі пабочныя эфекты, звязаныя з пашкоджаннем тканак, выходзяць ненаўмысна. Нягледзячы на тое, што суіцыд не з’яўляецца мэтай прычынення шкоды, сувязь паміж самапашкоджаннем і самагубствам складаная, бо цялесныя пашкоджанні могуць быць небяспечнымі для жыцця. Рызыка самагубства сярод людзей, якія наносяць сабе шкоду, вялікая. 40—60 % ўсіх самагубстваў суправаджаюцца самапашкоджаннем. Але гаварыць, што людзі, схільныя да самапашкоджання, з’яўляюцца патэнцыйнымі самагубцамі — недакладна.

Самапашкоджанне адзначана ў DSM-IV і DSM-5 як сімптом памежнага разладу асобы. Да 70 % пацыентаў з памежным разладам асобы займаюцца самапашкоджаннем без суіцыдальных думак. Аднак пашкоджваць сябе могуць таксама і пацыенты з іншымі дыягназамі, такімі як цяжкі дэпрэсіўны разлад, трывожныя разлады, злоўжыванне псіхаактыўнымі рэчывамі, разлады прыёму ежы, ПТСР, шызафрэнія і іншыя разлады асобы. Самапашкоджанне можа праяўляцца і ў людзей, у якіх няма асноўнага клінічнага дыягназа, але нават у даклінічных выпадках самапашкоджанне звязана з рознымі праблемамі псіхічнага здароўя, сярод якіх трывога, суіцыдальная ідэацыя і дэпрэсія. Прычыненне сабе шкоды часта можа быць звязана з траўмамі, эмацыянальным і сексуальным гвалтам.

Самапашкоджанне можа быць сімптомам такой хваробы, як сіндром Лёша-Ніхена. Навязлівыя агрэсіўныя паводзіны і самапашкоджанне ў гэтым выпадку звязаны з дэфіцытам ферменту гілаканцін-гуанінфасфарібазілтрансферазы.

Не выключана самапашкоджанне сярод маладых жонак, ветэранаў войнаў, жыхароў будынкаў-інтэрнатаў, зняволеных, прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці, сярод людзей, што падвяргаліся жорсткаму абыходжанню ў дзяцінстве.

Сімптомы 80 % самапашкоджанняў — праколы ці парэзы вострымі рэчамі. Самапашкоджанне часта робяць у раёнах цела, якія лёгка прыхаваць. Акрамя вызначэння самапашкоджання з пункту гледжання акта пашкоджання арганізму, можа быць больш дакладным вызначаць самапашкоджанне як намаганне змагацца з эмацыйнымі пакутамі.

Распаўсюджванне

Дакладнай статыстыкі зараз няма. Часткова гэта тлумачыцца адсутнасцю дастатковай колькасці спецыялізаваных навукова-даследчых цэнтраў, каб забяспечыць сістэму бесперапыннага маніторынгу. Аднак нават пры наяўнасці рэсурсаў статыстычныя ацэнкі з’яўляюцца грубымі, паколькі большасць выпадкаў самапашкоджання не раскрываюцца медсупрацоўнікамі, акты самапашкоджання часта праводзяцца таемна, а раны могуць быць павярхоўнымі і лёгка паддаюцца лячэнню. Зафіксаваныя рэзультаты могуць быць заснаваны на трох крыніцах: псіхіатрычныя аддзяленні, лякарні і агульныя экспертызы насельніцтва.

Паводле ацэнкі СААЗ, станам на 2010 год 880 000 смярцей былі вынікам самапашкоджання. Блізка 10 % зваротаў да медыцынскіх устаноў у Вялікабрытаніі выкліканы самапашкоджаннямі, большасць з якіх — перадазіроўкі наркоцікамі. Аднак даследаванні, заснаваныя толькі на прыёме ў лякарню, могуць прыхаваць вялікую групу ахвяр, якія не патрабуюць або не шукаюць стацыянарнага лячэння сваіх траўм. Многа падлеткаў, якія наведваюць агульныя лякарні з умысным самапашкоджаннем, паведамляюць пра папярэднія выпадкі пашкоджанняў, з якімі не звярталіся да лякарань. У Злучаных Штатах да 4 % дарослых людзей наносяць сабе шкоду, прыблізна 1 % насельніцтва наносіць сабе хранічныя або цяжкія пашкоджанні.

Сучасныя даследаванні сведчаць, што паказчыкі самапашкоджанняў значна вышэйшыя сярод моладзі з сярэднім узростам пачатку ад 14 да 24 гадоў. Найранейшыя выпадкі самапашкоджання зафіксаваны ў дзяцей ад 5 да 7 гадоў.

Даследаванне жыхароў Ірландыі, старэйшых за 55 гадоў, паказала, што ў лякарнях ім надаюць дапамогу ў сувязі з самапашкоджаннямі ў 2—2.5 разы часцей у гарадах і гарадскіх раёнах, чым у сельскай мясцовасці, калі параўнаць колькасць выпадкаў у разліку на аднолькавую колькасць насельніцтва. Даследаванне CASE (самапашкоджанне дзяцей і падлеткаў у Еўропе) дазваляе меркаваць, што рызыка самапашкоджання на працягу ўсяго жыцця складае ~1:7 ў жанчын і ~1:25 ў мужчын.

Галерэя

Крыніцы

Катэгорыя:Сімптомы псіхічных расстройстваў Катэгорыя:Самапашкоджанне