1—2 верасня 2024 года адбылася спроба масавых уцёкаў з турмы Макала ў Кіншасе, сталіцы Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Інцыдэнт прывёў да гібелі па меншай меры 129 чалавек, больш за 59 атрымалі раненні.

Цэнтральная турма Макала, найбуйнейшая ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, разлічана на 1500 зняволеных, аднак на момант здарэння ўстанова была вельмі перапоўненай. У турме знаходзілася ад 14 000 да 15 000 зняволеных, прычым як мужчыны, так і жанчыны. Паводле ацэнак на 2020 год, больш за 90% вязняў чакалі суда і толькі 6% фактычна адбывалі пакаранне. У 2017 годзе з турмы ўцяклі больш за 4000 зняволеных.

Падзеі пачалі разгортвацца ў блоку 4 пасля адключэння электраэнергіі ў 21:00, калі там нечакана пачулася стральба. Як паведаміў міністр унутраных спраў Жакмен Шабані, пры спробе ўцёкаў ахоўнікі забілі 24 зняволеных. Таксама заяўлена пра выпадкі згвалтавання жанчын. Пазней улады казалі пра 129 ахвяр. Большая частка загінула ў цісканіне. Эмануэль Аду Коўл, актывіст за правы зняволеных, сказаў, што колькасць загінулых склала больш за 200.

Кангалезскія ўлады адмаўлялі, што хто-небудзь збег. Самі зняволеныя і праваабаронцы заявілі, грунтуючыся на паіменных пераклічках, што пасля інцыдэнту колькасць вязняў у Макале скарацілася амаль на 2000 чалавек.

Некалькі будынкаў у турме атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку падпалення. Пацярпелі адміністрацыйны корпус, харчовыя склады і шпіталь, знішчаны турэмны архіў.

Была створана спецыяльная камісія для расследавання падзей у турме. Міністр юстыцыі Канстант Мутамба назваў спробу ўцёкаў «наўмысным актам сабатажу». Прадстаўнікі ўраду заявілі, што робяцця намаганні для паскарэння будаўніцтва новай турмы на ўскраіне сталіцы.

Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга 4 верасня заклікала кангалезскія ўлады «хутка праліць святло на гэтыя трагічныя падзеі».

Крыніцы

Катэгорыя:Падзеі 1 верасня Катэгорыя:Падзеі 2 верасня Катэгорыя:Верасень 2024 года Катэгорыя:Гісторыя Дэмакратычнай Рэспублікі Конга