Гірш Довід Номберг (4 красавіка 1876, Мшчонаў — 21 лістапада 1927, Отвацк) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, паэт, журналіст, перакладчык; пісаў на іўрыце і ідышы. Заснавальнік Народнай партыі — Фолкспартэй, дэпутат Сейма.

Біяграфія Нарадзіўся ў заможнай хасідскай сям’і. Бацьку звалі Мойша-Мордка. Атрымаў традыцыйную адукацыю. Пасля смерці бацькі рос у Любліне ў дзеда АйзенбергаДзед быў вядомы ў ваколіцы, вёў эканамічныя справы з яўрэямі і хрысціянамі, бываў у цадзіка. Ён ездзіў на кані або ў карэце, жыў як пан. У яго доме харчаваліся жабракі. Называлі яго «пане дзедзіцу».. Да 18 гадоў быў глыбока рэлігійным. Добра ведаў старажытна-яўрэйскую і арамейскую мову. У 1894 годзе ажаніўся, атрымаў дапамогу ад жончыных сваякоў. Пачаў вывучаць польскую, нямецкую, рускую мовы і свецкія навукі. Яго ахапілі моцныя сумненні ў веры. З-за «ерасі» мусіў пакінуць сям’ю. Стаў мацней сумаваць.

Аднойчы ён прачытаў зборнічак вершаў вядомага пісьменніка Пераца «Ха-Угаў» (Арфа). Перац жыў у Варшаве, Номберг захацеў з ім сустрэцца. Пры дапамозе студэнтаў-сацыялістаў ён у 1897 годзе пераехаў у Варшаву, пазнаёміўся з Перацам і паказаў яму свае вершы, напісаныя яшчэ ў ешыбоце. Перац параіў пісаць на ідышы. Творы Номберга з’яўляюцца ў яўрэйскім друку з 1900 года. Дэбютаваў ён вершам «Дэр нові — Прарок» у газеце «Юд». А ў 1901 годзе ўпершыню выступіў у старажытнаяўрэйскім друку, апавяданнем у газеце «Ха-Дор». Быў настаўнікам, служыў у жылым доме і за гэта атрымаў вялікі пакой. У яго кватэры бываюць яўрэйскія хлопцы. Застаюцца тут жыць Аш і Рэйзен, так утварыўся літаратурны «Саюз трох» (Драй-бунд). Номберг уплываў на іх развіццё. Працаваў перакладчыкам у рэдакцыі газеты «Ха-Цфіра», потым рэдактарам газеты «Ха-Цофэ» (1904—1905). Рэдагаваў «Літэрарышэ флугблат» (1905).

Восенню 1905 выехаў за мяжу. Спыняўся ў Германіі, Францыі, Швейцарыі. У пачатку 1907 вярнуўся ў Варшаву, неўзабаве пераехаў у Рыгу. 14-16 жніўня 1907 выдаваў «Нац’ёнал цайтунг». Гэта была першая яўрэйская газета ў гісторыі Латвіі.

У 1907—1908 жыў у Вільні. Пазнаёміўся з Д. Чарным і іншымі. Рэдагаваў розныя віленскія выданні.

Удзельнік Чарнавіцкага з’езду 1908 года, склаў рэзалюцыю з’езду, якая прызнала народна-яўрэйскую мову (ідыш) нацыянальнай. З часам адышоў ад мастацкіх твораў, засяродзіўся на літаратурнай крытыцы, публіцыстыцы і грамадскай дзейнасці. У Аўстрыі і заходняй Украіне выступаў з прамовамі, шукаў таленавітых акцёраў, мастакоў, пісьменнікаў. Асабліва цікавіў яго тэатр. Ганіў «бульварны» рэпертуар, патрабаваў высокага мастацтва. Пра гэта ён гаварыў на сустрэчы ў філармоніі ў студзені 1910 года. Слова мелі таксама Перац, Вайтар і доктар Мукдоні. Номберг паведаміў пра залежнасць тэатру ад мецэнатаў са злачынных колаў. Весткі разышліся па горадзе. У выніку ў 1911 у Варшаве з’явілася Яўрэйскае тэатральнае таварыства.

У час германскай акупацыі (1915—1918) працуе ў галіне школьніцтва. Прымаў удзел у адкрыцці легальных свецкіх школ з навучаннем на яўрэйскай мове, што было ў Польшчы ўпершыню. У 1916 адзін з заснавальнікаў Народнай партыі — Фолкспартэй, якая трымалася ідэі аўтаномііДругая партыя з такой назвай. Першая Фолкспартэй узнікла ў 1906. У 1916—1918 рэдагаваў газету «Варшэвер тагеблат». У 1919—1920 дэлегат Заканадаўчага сейма, атрымаў мандат Нояха Прылуцкага, які не мог быць дэпутатам. У 1921 заснавальнік Цэнтральнай арганізацыі яўрэйскіш школ (ЦІШО), у канцы 1921 старшыня літаратурнага з’езду ў Варшаве. У 1925—1927 узначальваў Саюз яўрэйскіх пісьменнікаў і журналістаў, заснаваны яшчэ ў 1916 з яго актыўным удзелам, на вуліцы Tłomackie, 13.

Бываў Номберг у розных краінах, апісваў уражанні ў падарожных нататках. У канцы 1911 адведаў Рэйзена ў Нью-Ёрку, у сябравай кватэры піша драму «Сям’я». У канцы 1922 выехаў у Аргенціну, дзе жыў паўгода, дапамагаў арганізаваць акцёрскі прафсаюз; яго імем назвалі мясцовы саюз яўрэйскіх пісьменнікаў. У 1924 наведаў Святую зямлю, у 1926 — ЗША і СССР.

У апошні перыяд творчасці вярнуўся да мастацкай літаратуры. Памёр 21 лістапада 1927 у Атвоцку, праз два дні пахаваны ў Варшаве. Пасмяротны збор твораў Номберга падрыхтаваў сын.

Творчасць Услед за вершамі «Прарок» упершыню друкуецца проза Номберга — апавяданне «Дос глік» у зборніку А. Рэйзена Дос цванцігстэ ёрхундэрт (1900). Раней была падрыхтавана да друку алегарычная казка «Фун штал — Са стайні», але яе забараніла цэнзура. У нелегальным бундаўскім выданні змешчана «Віглід — Калыханка», якая стала народнай песняй, часта гучала ў рэвалюцыю 1905 года. Назва песні, яе першы радок: С’лойфен, с’ёрэн шварцэ волкен… У гэты час Номберг піша празаічныя творы з аўтабіяграфічнымі матывамі «Фун а пойлішэр ешыве — З польскага ешыбота», «Дэр роў ун зайн зун — Рабін і яго сын», займае пачэснае месца ў літаратуры. Апавяданне «Флігельман».

Друкаваўся ў газетах (Юд, Ха-Дор, «Вег» Цві Прылуцкага і інш.), калектыўных зборніках (Блумен ун функен, Дзі фрае гарфэ), у гадавіку Прогрэс (Варшава, 1904) і зборніку Дос ідышэ ворт (Кракаў, 1905), абодва Рэйзена.

У 1908—1910 напісаны апавяданні «Дос шпіл ін лібэ», «Дзі фершвехтэ хейлікейтэн», «Цвішн бэрг», «А курсісткэ».

Рэдагуе літаратурныя зборнікі: Вінтэр абэндэн, Вінтэр блэтэр, Літэрарышэ замлунг (выданне Клецкіна), Літэрарышэ замлунг — лековед Пэйсэх (выдавецтва бундаўцаў Дзі вэлт), Літэрарышэ флугблат тамуз, Ханікэ блат, Швуэс-блат. У гэты час ён друкуецца ў віленскіх і газетах і часопісах (Газман, Дэр штрал, Дзі фолкс-штыме, Дэр вег, Дзі фолкс-цайтунг, Дзі хофенунг, Літэрарышэ монат-шрыфтэн), а таксама ў варшаўска-віленскай анталогіі «Дзі вэлт», у выданнях Рэйзена «Кунст ун лэбм», «Эйропэішэ літэратур».

У канцы 1909 пастаянны супрацоўнік газеты «Фрайнд», у 1912—1915 газеты «Хайнт», з 1918 газеты «Дэр момант». Змяшчаў творы ў зборніках («Дос бух ун дэр лэзер» Пераца, зборнік у гонар Фрышмана, зборнік памяці А. Вайтара) і ў іншых газетах, у тым ліку Ундзэр лэбм, Роман цайтунг, Дэр штрал, а таксама ў прэсе Нью-Ёрка, Буэнас-Айрэса, Лондана, Менска, Рыгі, Масквы (Форвэрц, Тог, Мінікес ёмтэф-блэтэр, Дзі ідышэ цайтунг, Дзі цайт, Фрыморгн, Эмес, Штэрн), у польскай газеце Nasz Przegląd і інш. Рэдагаваў «Дэр фраер геданк» (Варшава-Вільня, 1925—1926).

Перакладаў на ідыш з англійскай і нямецкай моў. Пераклаў драмы «Рамэа і Джульета» Шэкспіра, «Fuhrmann Henschel» Гаўптмана, «Фун тог біз мітнахт — Von Morgens bis Mitternachts» Кайзера, вершы Тагора, казкі 1001 начы.

Псеўданімы: Каф-Хаміўшалім, А. Коцец, Гацідоні, Мерары, Шаанані, Гадан, Н. І.

Літаратура Nomberg, Hersh-Dovid Hersh Dovid Nomberg

Спасылкі Калыханка У выкананні Марты Шламэ У выкананні Рут Рубінай

Зноскі

Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ідышамоўныя паэты Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Драматургі Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Дэпутаты Заканадаўчага сейма Катэгорыя:Члены Фолкспартэй