Рацы (; ; ; ; ; ) — жыхары сербскай сярэднявечнай дзяржавы Рашкі (; ). Пазней — назва (экзаэтнонім) сербаў. У крыніцах сустракаецца з 1189 года, тым часам як этнонім «серб» вядомы з франкскіх аналаў пад 822 годам.
У часы асманскага заваявання Балкан мноства сербаў пакінула свой край і аселі на тэрыторыі сучасных Румыніі, Венгрыі, Славакіі, дзе хутка адаптаваліся да новых рэалій. Ужо ў 1474 годзе атрад рацаў у складзе венгерскага войска ўдзельнічаў у нападзе на польскі горад Кросна.
У XVII—XIX стагоддзях назвы «рацы» або «рашане», нароўні з «іліры» (), ужываліся ў нямецка- і лацінамоўных і да сербаў, якія імігравалі на абшары Панонскай нізіны (сучасная Ваяводзіна) і іх нашчадкаў. Сербы мірыліся з ужываннем да іх гэтых экзаэтнонімаў у афіцыйных дакументах, але ніколі не ўжывалі іх як саманазву.
Рацы ў Вялікім Княстве Літоўскім Непасрэдна ў Княстве сербы як рацы вядомы прынамсі з 1499 года, калі, паводле літоўскага гісторыка Гедзімінаса Лесмайціса, аднаму з іх адмовілі ў найманні. Невялікія атрады рацаў фіксуюцца ў надворнай харугве Аляксандра Ягелончыка ўжо ў 1500 годзе, з гэтага часу такі тып кавалерыі стала быў на вялікалітоўскай службе. Узбраенне рацаў трапляла ў дзяржаўны арсенал — «Рэестры паспалітых рэчаў скарбных» за 1510 год фіксуюць «рацкіх шапак шэрых 9».
З’яўленне рацаў на вялікалітоўскай службе звязваюць з дзейнасцю князя Міхаіла Глінскага, які з 1500 года быў маршалкам дворным. Ініцыятывай князя Міхаіла Глінскага ў 1501 годзе накіравана пасольства да венгерскага караля Уладзіслава II з просьбай дапамогі ў вайне з Масквой. Глінскія маглі быць пратэктарамі рацаў як сваякі сербскіх дэспатаў Бранкавічаў — брат Міхаіла Глінскага, Васіль, быў жанаты з Ганнай, сястрой жонкі дэспата Ёвана Бранкавіча. Таксама дзве малодшыя дачкі Ёвана Бранкавіча былі ў шлюбах з вышэйшай вялікалітоўскай арыстакратыяй: Марына — з князем Вішнявецкім, а потым з князем Чартарыйскім, а Ганна — з князем Сангушкам, а потым з князем Збаражскім.
Апроч баявога досведу і добрай падрыхтоўкі найманне рацаў каштавала танней, так у 1503 годзе рота Рэя з 80 рацаў стала скарбу ў два разы танней за іншыя аналагічныя кавалерыйскія роты.
Рацы бралі ўдзел прынамсі ў бітвах з татарамі на Ушы ў 1502 годзе пад камандаваннем князя Сямёна Алелькавіча і ў Клецкай бітве 1506 года, як наёмная кавалерыя. Паводле Мацея Стрыйкоўскага, адзін з рацаў па прозвішчы Рачак меў адну з нешматлікіх у войску рушніц, агнём з якой здолеў адагнаць татараў ад ракі Лані і забяспечыць пераправу.
Летам 1514 года на вялікалітоўскай службе была адна харугва рацаў колькасцю 94 чалавекі. На вядомай карціне «Бітва пад Оршай» выяўлена шмат коннікаў у рыштунку рацаў, аднак само палатно, створанае праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля падзеі, не можна лічыць цалкам дакладнай крыніцай пра колькасны склад войска.
Тактыка і ўзбраенне Падраздзяленні рацаў былі лёгкай кавалерыяй, узброенай дзідамі (коп’ямі) і шчытамі. Шчыты рацаў мелі характэрную традыцыйную нерэгулярную форму. Звычайна рацы не выкарыстоўвалі ахоўнага ўзбраення (даспехаў). Па тактыцы бою іх нярэдка называлі гусарамі, часам адны і тыя ж нанятыя сербы ў дакументах розных гадоў атрымлівалі грошы то як «рацы», то як «гусары».
На пачатку XVI ст. паняцці «рац» і «гусар» былі блізкімі, але мелі адрозненні: гусары, у адрозненне ад рацаў, выкарыстоўвалі ахоўнае ўзбраенне — кальчугу. Акрамя таго, салдат-сербаў па паходжанні называлі рацамі, тады як паняцце «гусар» звязвалася з прынятым у Кароне і Княстве венгерскім тыпам кавалерыі. Лёгкія атрады рацаў былі асабліва эфектыўнымі ў сутыкненнях з татарамі і туркамі.
Гл. таксама Славянасербская мова Славянасербія Новая Сербія Сербіяне
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Этнаніміка Катэгорыя:Няманічы Катэгорыя:Гісторыя Сербіі Катэгорыя:Гісторыя Ваяводзіны