З. Лібін, Залман Лібін (сапраўднае імя Ізроіл-Залман Гурвіч ці Гурэвіч; кастрычнік 1872, Горкі — 16 красавіка 1955, Нью-Ёрк) — яўрэйскі пісьменнік, празаік і драматург.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і беднага меламеда. Бацька Зуся, акрамя настаўніцтва, расціраў тытунь у табаку, рабіў дрожджы. Старэйшы брат Хаім-Доў зацікавіў рускай мовай. У 14 гадоў з дапамогай брата стаў працаваць памочнікам аптэкара. Да 18 гадоў дапамагаў бацьку ў хедары. Пасля смерці бацькі на яго плячах засталася вялікая сям’я, яшчэ ён прысылаў грошы Хаім-Дову, які вучыўся ў Вене. Хварэў на парок сэрца. Далучыўся да рэвалюцыйнага руху. Піша першыя апавяданні па-руску. Спачатку расказваў нешта іншым людзям, пачаў запісваць. У 1891 (ці 1892) годзе яму пагражаў прызыў у салдаты, тады ён паехаў у Лондан, а праз 6-7 месяцаў — у Нью-Ёрк, У эміграцыі працаваў кушняром, у майстэрні шапак, потым разносіў газеты. Яго абразкі і апавяданні на ідышы з’явіліся ў газеце «Арбайтэр цайтунг» і прыцягнулі ўвагу чытачоў, тады ён стаў друкавацца ў розных яўрэйскіх выданнях. У канцы 1903 года кідае працу газетчыка, становіцца прафесійным пісьменнікам. Рэгулярна друкуецца на старонках «Форвэрца», працуе ў рэдакцыі. Апошнія мастацкія творы напісаў у пачатку 30-х гадоў.
«Ад галечы памерла мая маці, і галеча адправіла маё адзінае дзіця на той свет… Я магу толькі пісаць пра ахвяр галечы» — кажа ён у сваёй біяграфіі. Быў жанаты. Пазней у шлюбе нарадзілася дачка Дора. Працавала настаўніцай, памерла ў 1933 годзе.
Аўтар соцень апавяданняў, каля 50 п’ес, успамінаў. Дэбютаваў у друку вясной 1892 года, апавяданнем «А зіфц фун а арбайтэр харц». 25 снежня 1900 года на сцэне Thalia Theatre паказана яго першая п’еса, камедыя «Дзі фаршпетыктэ хупэ». Самая вядомая п’еса Лібіна — «Дзі геброхене херцэр» (1903). Асобнае выданне выйшла ў Варшаве. У іншых п’ес не было асобных выданняў, часам яны не друкаваліся зусім, пашыраліся сярод акцёраў у рукапісах. Астатнія кнігі выходзілі ў Нью-Ёрку.
Апісваў жыццё рабочых. Адыграў важную ролю ў развіцці яўрэйскай сцэны ў ЗША, нароўні з Кобрыным і Гордзіным.
Бібліяграфія Дзі геброхене херцэр (Варшава: Ідышэ біне, 1908), 70 ст. Геклібене шкіцн (Forward Association, 1902), 237 ст. Геклібене шкіцн (М. Еваленка, 1907), 297 ст. Геклібене шкіцн (Дзі інтэрнац’ёнале бібльётэк, 1910), 291 ст. Геклібене шрыфтн, том 1-2 (Hebrew Publishing Co., 1910—1912) Гезамлтэ верк, том 1-4 (Форвэрц, 1915—1916) Дэрцэйлунген, шкіцн ун фельетонен (Дэр векер, 1934), 320 ст.
Крыніцы
Літаратура Ромбро. Жаргонная литература в Америке // «Восход», 1899, X. Октябрь Либин, С. // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. т. 10: Ладенбург — Миддот. 1911 «Lexicon of the Yiddish Theatre» by Zalmen Zylbercweig, Volume 2, page 1026 Z. Libin Libin, Z. // Лексікон фун дэр наер ідышэр літэратур. Бонд 2
Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША Катэгорыя:Драматургі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Мемуарысты Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі