Сярэ́дзіна, часам Серадзіно́, або Серадзі́на — былая вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Шаць. Уваходзіла ў склад Шацкага сельсавета.

Гісторыя У пачатку XVIII стагоддзя вёска Сярэдзіна была ў заставе ў Янішэўскага. Уваходзіла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У сярэдзіне XVIII стагоддзя належала да дамена Шацк, уласнасць Антонія Аскеркі, старасты мазырскага. У 1789 годзе Антоній Аскерка перадаў у права заставы 2 валокі зямлі ў вёсцы Сярэдзіна, разам з вяскоўцамі Амялянам і Васілём Сарна і іх радзінамі, Феліцыяну і Катарыне з Іздэбскіх Падвысоцкім за 1500 дукатаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні.

У час сялянскай рэформы 1861 года ў вёсцы Сярэдзіна было 6 гаспадарак, агулам 197 моргаў. Пасля 1861 года ў Шацкай воласці Ігуменскага павета. Краязнавец Аляксандр Ельскі адзначаў у канцы XIX стагоддзя, што блізкасць жыдоўскага мястэчка Шацк ёсць прычынай п’янства люду.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

24 лістапада 1966 года далучана да вёскі Шацк, цяпер вуліца Сярэдзіна ў Шацку.

Насельніцтва

1908 год — 41 двор, 282 жыхары 1917 год — 48 двароў, 273 жыхары, усе беларусы

Крыніцы

Літаратура