Нерво́вая тро́фіка — уплыў нервовай сістэмы на структурна-хімічную арганізацыю органаў і тканак, іх рост і развіццё праз уздзеянне на абмен рэчываў.
Трафічныя функцыі ўласцівы амаль усім нервам. Спецыяльных трафічных нерваў мала. Да іх адносяць сімпатычныя нервы, якія стымулююць абмен рэчываў у міякардзе, нервы, якія стымулююць тлушчавыя запасы пры павелічэнні энергетычных патрэб арганізма, і іншыя. У працэсе нервовай трофікі прымаюць удзел медыятары (катэхаламіны, сератанін, гістамін і іншыя) і некаторыя хімічныя злучэнні, якія ўтвараюцца ў нервовых ствалах. Трафічная функцыя нервовай сістэмы развілася ў эвалюцыі жывёльнага свету як адно з прыстасаванняў арганізма да змянення умоў асяроддзя. Выпадзенне трафічных уздзеянняў функцыянальных нерваў суправаджацца паталагічнымі змяненнямі ў тканках арганізма (атрафія, змярцвенне, язвы і іншыя).
Уяўленні аб трафічнай функцыі нервовай сістэмы ўзніклі ў пачатку XIX стагоддзя ў сувязі са спробамі клініцыстаў і фізіёлагаў растлумачыць з’яўленне паталагічных змен у тканках пры паразах нервовай сістэмы. У пачатку 1920-х гадоў І. П. Паўлаў лічыў, што кожны орган знаходзіцца пад патройным кантролем нерваў: функцыянальных, якія выклікаюць або перарываюць яго дзейнасць; сасудзістых, якія рэгулююць дастаўку пажыўных рэчываў крывёй; трафічных, якія вызначаюць выкарыстанне гэтых рэчываў органам. Вывучэннем нервовай трофікі і яе паталогій займаліся такія вучоныя, як Л. А. Арбелі і А. Д. Спяранскі, С. В. Анічкаў, Г. У. Фольбарт і іншыя.
Крыніцы
Літаратура
Трофическая функция нервной системы / Я. И. Ажипа; АН СССР, Отд-ние физиологии. — М. : Наука, 1990. — 671, с. : ил.; 22 см; ISBN 5-02-004018-5 (В пер.).
Спасылкі Забродин О. Н. Страшнов В. И. К истории изучения механизмов нервной трофики, её нарушений и их коррекции в Институте экспериментальной медицины (к 100-летию отдела фармакологии имени С. В. Аничкова) // Психофармакология и биологическая наркология. 2022. Том 13. № 3.
Катэгорыя:Нервовая сістэма Катэгорыя:Фізіялагічныя працэсы