Станіслаў Пятровіч Ярашэвіч (, в. Уселюб, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць — ) — беларускі ўрач-марфолаг. Кандыдат медыцынскіх навук (1971), дацэнт (1983).

Біяграфія Нарадзіўся года ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і селяніна. Паходзіў са шляхецкага роду Шабуневічаў-Ярашэвічаў. Католік.

Скончыў у 1957 годзе Навагрудскае медыцынскае вучылішча. У 1957—1958 гадах рэнтген-лабарант Гродзенскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера. Скончыў у 1964 годзе Мінскі медыцынскі інстытут. У 1964—1967 гадах аспірант аддзела марфалогіі Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1967—1978 гадах старэйшы навуковы супрацоўнік ЦНДЛ.

У 1972 прысуджана навуковая ступень кандыдата медыцынскіх навук. У 1978—1982 гадах асістэнт кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута, у 1982—1996 гадах дацэнт кафедры. З 1996 года загадчык кафедры нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута.

У 1975—1984 гадах старшыня прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў МДМІ.

Памёр года.

Навуковая дзейнасць Навукова-даследчай працай пачаў займацца ў студэнцкія гады. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці — праблемы гістафізіялогіі, марфалогіі, морфагенезу цэнтральнай нервовай сістэмы. Вывучаў гістафізіялогію кары наднырачнікаў пад уплывам фізічных нагрузак («Аб утрыманні аскарбінавай і нуклеінавых кіслот у наднырачніках трусоў рознага ўзросту пры фізіялагічнай нагрузцы», з сааўт., 1966; «Гістахімічныя зрухі ў кары наднырачнікаў у жывёл рознага ўзросту пры фізіялагічнай фізічнай нагрузцы», 1967). У гэтай групе даследаванняў вялікае навукова-практычнае значэнне маюць працы пра прыстасавальніцкія рэакцыі арганізма да фізічных нагрузак, напрыклад, «Некаторыя гіста- і біяхімічныя паказчыкі трэніраванасці арганізма, які расце» (з сааўт., 1967).

Вывучаў марфалогію і морфагенез цэнтральнай нервовай сістэмы («Актыўнасць дэгідрагеназ і тэтразолійрэдуктаз у ядрах перагародкі галаўнога мозгу белых пацукоў», 1981; «Размеркаванне актыўнасці некаторых акісляльна-аднаўленчых ферментаў у ядрах пярэдняй вобласці гіпаталамуса белых пацукоў», 1990). Удзельнік комплекснага даследавання фармакалагічных уласцівасцяў сінтэтычнай камфары і мясцовых мінеральных вод («Некаторыя фармакалагічныя ўласцівасці сінтэтычнай камфары, атрыманай з жывіцы іглічных дрэў», з сааўт., 1979).

Асобныя даследаванні прысвяціў пытанням выкладання нармальнай анатоміі ў медыцынскіх вну («Прыкладныя аспекты ў выкладанні нармальнай анатоміі чалавека», з сааўт., 1992; «Пытанні экалогіі ў выкладанні анатоміі чалавека», 1992; «Анатомія чалавека ў сістэме праблемнаарыентаванага навучання», 1996).

Аўтар 73 навуковых прац, сааўтар 2 навучальных дапаможнікаў: «Праводзячыя шляхі галаўнога і спіннога мозгу», 1993; «Анатомія зубоў», 1995. Браў удзел у працы 3 міжнародных навуковых з’ездаў і шэрагу канферэнцый.

Распрацоўка беларускай наменклатуры Станіслаў Ярашэвіч першым пачаў выкладаць анатомію на беларускай мове. Па ініцыятыве Ярашэвіча было распачата складанне спісу беларускамоўных эквівалентаў анатамічных тэрмінаў. Сааўтар распрацоўкі анатамічнай наменклатуры на беларускай мове («Распрацоўка беларускіх марфалагічных наменклатур як аснова стварэння навуковай медыцынскай тэрміналогіі», з сааўт., 1993).

Вынікі шматгадовых даследаванняў па выкарыстанні беларускай мовы ў медыцынскай адукацыі, распрацоўцы і станаўленні беларускай анатамічнай тэрміналогіі і выданні вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове сталі асновай для стварэння анатамічнага слоўніка. «Анатамічны слоўнік» (1998 г.) складаецца з трох частак: руска-беларуска-лацінскай, беларуска-лацінскай і лацінска-беларускай. У аўтарскі калектыў слоўніка таксама ўваходзілі выкладчыкі кафедры нармальнай анатоміі БДМУ Л. М. Байцоў, Д. В. Кавалёва, П. І. Лабко.

Слоўнік стаў першым этапам у распрацоўцы нацыянальнай анатамічнай наменклатуры, пасля чаго былі падрыхтаваны да выдання беларускамоўныя эквіваленты да «Міжнароднай анатамічнай тэрміналогіі», а ў 2016 годзе быў выдадзены слоўнік «Анатомія. Слоўнік», у якім прыведзены спіс анатамічных тэрмінаў на лацінскай, рускай і беларускай мовах, размешчаных адпаведна па сістэмах арганізма і органах.

Узнагароды Узнагароджаны Ганаровай граматай ВС БССР (1981).

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Марфолагі (біялогія) Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне