Уцёкі (ад’езд) Напалеона з арміі ў 1812 годзе — таемны ад’езд французскага імператара з арміі падчас французска-рускай вайны 1812 года.
Перадгісторыя 20 лістапада 1812 года рэшткі Вялікай арміі выступілі з Оршы на Барысаў. Напалеон меў намер пераправіцца праз Бярэзіну ля Барысава і далей ісці на Мінск. 22 лістапада ў мястэчку Талачын Напалеон атрымаў данясенне аб заняцці Барысава войскамі арміі Чычагава. Становішча Напалеона пагаршалася: з поўначы яго войскі ля Халопенічаў адціскаў Вітгенштэйн, з усходу — галоўная армія Кутузава, з поўдня — армія Чычагава. Аднак камандзір кавалерыйскай дывізіі Карбіно адкрыў брод каля Студзёнкі. Напалеон адразу прыняў рашэнне ісці на Барысаў і пераправіцца праз Бярэзіну вышэй Барысава. Для ўвядзенне ў зман Чычагава былі ўладкованыя дэманстрацыі перапраў на некалькіх пунктах ніжэй Барысава.
Майстэрскія дзеянні Напалеона і адсутнасць рашучасці ў камандуючых рускімі войскамі давесці справу да канца спрыялі пераправе праз Бярэзіну самога Напалеона, яго світы і рэшткаў Вялікай арміі.
Ход падзей Пераслед рэшткаў Вялікай арміі быў даручаны лёгкім атрадам Ланскага і Арлова-Дзянісава. Услед за атрадамі па пятах непрыяцеля рушылі часці арміі Чычагава. Лявей — галоўная армія Кутузава, правей — корпус Вітгенштэйна.
5 снежня па прыбыцці ў мястэчка Смаргонь Напалеон абвясціў, што мае намер пакінуць войска і вярнуцца ў Парыж. Ён загадаў Мюрату ўзначаліць армію і трымаць у таямніцы свой ад’езд 5—6 дзён. Са Смаргоні Напалеон позна ўначы адбыў на Ашмяны. У карэце (была пастаўлена на палазы) знаходзіўся сам імператар і Каленкур. На казлах — асабісты перакладчык імператара капітан Вансовіч і яго целаахоўнік мамлюк Руст. За карэтай — Дзюрок і Жорж Мутон (граф Лобаў). Карэту суправаджаў кавалерыйскі канвой. Акрамя таго, загадзя для сустрэчы імператара да Ашмян прыбыла дывізія генерала Луазона. Дывізія складалася выключна з італьянцаў і немцаў. Яны знаходзіліся ў адчайным становішчы і былі азлоблены. Салдаты і афіцэры 113-га тасканскага палка гэтай дывізіі вырашылі арыштаваць Напалеона і выдаць рускім. Аднак смелая задума не атрымалася з-за недахопу рашучасці і хуткага ад’езду Напалеона.
6 снежня Напалеон на пад’ездзе да Вільні загадаў абмінуць горад і спыніцца на ўскраіне. 8 снежня яго карэта з атрадам суправаджэння з польскіх уланаў перасекла мяжу Расійскай імперыі. З 8 на 9 снежня ён меў непрацяглы адпачынак у горадзе Аўгустаў, ідучы на Шчучын у бок Варшавы. 10 снежня Напалеон прыбыў у Варшаву, дзе спыніўся ў гатэлі «Англійскі».
Палякам Напалеон сказаў, што «вы самі павінны садзейнічаць аднаўленню вашай Айчыны» і запэўніў, што «да вясны я ствару новае войска і вярнуся ў Польшчу». Далей ён сказаў, што яму патрэбна лёгкая кавалерыя, і загадаў набраць у Герцагстве Варшаўскім 10 000 кавалерыстаў.
18 снежня імператар прыбыў у Парыж.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Снежань 1812 года Катэгорыя:Французска-руская вайна 1812 года