Клуб харчавікоў — будынак грамадскага прызначэння, пабудаваны ў Менску у авангардна-канструктывісцкім стылі архітэктарам Андрэем Буравым у 1929 годзе.
Гісторыя Будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў СССР патрабавала і новага падыходу да будаўніцтва камунальных і грамадскіх будынкаў. Да апошніх, сярод іншага, належылі рабочыя клубы ў гарадах, якія ствараліся ў 1925-1930-я гадах паводле прафсаюзнай праграмы. Такія будынкі былі пабудаваны ў Гомелі, Віцебску, Бабруйску, Барысаве, Добрушы і іншых гарадах Беларусі. У сталіцы Рэспублікі Мінску з’явіліся рабочыя клубы металістаў, швейнікаў, харчавікоў, пабудаваныя ў папулярным у той час авангардным канструктывісцкім стылі. Усе гэтыя будынкі не захаваліся.
Адным з прыкладаў такой архітэктуры быў мінскі Клуб харчавікоў (пазней вядомы як Клуб імя Сталіна), адкрыты ў 1929 годзе.
Архітэктура
Клуб быў упісаны ў існую гістарычную забудову: адным бокам ён выходзіў на Багадзельную вуліцу (цяпер Камсамольская), другога ― на Праабражэнскую (цяпер Інтэрнацыянальная). Побач стаялі будынкі Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра з пяціглавай Саборнай царквой. Праваслаўны манастыр паўстаў у 1872 годзе замест ліквідаванага кляштара бенедыктынак 1633 года.
Асноўную частку клуба займала глядзельная зала, па баках якой былі злучаныя з ёй унутранымі кутамі двухпавярховыя клубныя карпусы, ― утвараўся курданёр, дзе стаяла скульптура Леніна працы А. Грубэ і раслі кветкі. На сценах былі прарэзаны вузкія гарызантальныя аконныя праёмы. Галоўны ўваход у клуб уяўляў сабой нішу па ўсёй шырыні фасада, фасадная сцяна абапіралася на тонкія калоны-стойкі. Па перыметры аб’ёмаў бакавых крылаў меліся тонкія стойкі, якія выконвалі ролю агароджы даху і выразнага архітэктурнага элемента. Акрамя фасаднага ўваходу былі яшчэ два з тамбурамі з боку Камсамольскай вуліцы. У канцы 1930-х гадоў бакавыя карпусы былі надбудаваныя трэцім паверхам.
Будынак па стылявым рашэнні стаіць у адным шэрагу знакавых беларускіх збудаванняў такіх як будынак Дзяржбанка (архітэктары Г. Гольц і М. Паруснікаў), комплекс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (архітэктары І. Запарожац і Г. Лаўроў), Дзяржаўная бібліятэка імя У. і. Леніна (архітэктар Г. Лаўроў), Мінская абсерваторыя (архітэктар І. Валодзька), драматычны тэатр у Бабруйску (архітэктар А. Оль).
Дзейнасць Акрамя сходаў харчавікоў, працы гурткоў (у 1939 годзе, напрыклад, іх было 9: драматычны, харавы, струнны, балетны і інш., займалася 137 чалавек), тут ладзіліся значныя ў маштабе Рэспублікі мерапрыемствы. Так, у красавіку 1931 года ў клубе прайшла першая ў БССР канферэнцыя прафсаюзаў. У 1932 годзе ― спаборніцтвы беларускіх і англійскіх баксёраў. У 1935 годзе-Усебеларуская выстава цацак са 150 тысячай экспанатаў. У клубе выступалі Леанід Уцёсаў, Клаўдзія Шульжэнка, аркестр Эдзі Рознера і інш. Пры нямецкай акупацыі тут быў салдацкі клуб.
Будынак пацярпеў падчас авіяналёту пасля вызвалення Мінска — 25 чэрвеня 1944 года, наколькі моцна ― невядома. Ад Спаса-Праабражэнскай царквы, якая стаяла побач, засталася выгаралая скрынка. На месцы клуба, выкарыстаўшы яго сцены, падмурак і аб’ёмна-прасторавую структуру глядзельнай залы, па праекце архітэктара І. Лангбарда пры удзеле М. Бакланава быў пабудаваны кінатэатр «Перамога» (адкрыты ў 1950 годзе). У тлумачальнай запісцы 1948 года сказана: «рабочыя чарцяжы кінатэатра распрацаваны з улікам максімальнага выкарыстання сцен і перакрыццяў існай скрыні. … Глядзельная зала запраектавана ў габарытах існай залы і былой сцэны…»Техно-рабочий проект кинотеатра «Победа». Архитектурно-строительная часть. Пояснительная записка. № 9047 // Государственный архив технической документации. Фонд 105. — Минск, 1948..
Крыніцы
Літаратура
Воинов А. А. История архитектуры Белоруссии : Советский период. — Мн: Вышэйшая школа, 1975. — 216 с. Морозов Е. В. Конструктивизм в архитектуре Советской Беларуси // Вестник Белорусской академии архитектуры. — Минск, 2005. — Вып. 1. — С. 47-50. Юрий Жутяев Клуб пищевиков в Минске // Архитектура и строительство № 3 (233), 2013.
Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі канструктывізм Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Мінска Катэгорыя:Славутасці Мінска Катэгорыя:З'явіліся ў 1929 годзе