Музей сучаснага выяўленчага мастацтва — былы музей у Мінску па праспекце Незалежнасці, 47. У 2015 годзе ўключаны ў склад Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (НЦСМ).
Гісторыя Заснаваны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 704 ад 13 чэрвеня 1997 года. Першы дырэктар -- Васіль Шаранговіч. Адкрыццё выставачных залаў адбылося 18 мая 1998 года. Першая экспазіцыя пад назвай «Новая калекцыя» паклала пачатак актыўнай выставачнай дзейнасці Музея, які складаецца з выставачнай залы (плошча 147,7 м²), малой выставачнай залы (плошча 54,2 м²), галерэі (плошча 68,3 м²), хола для фотавыставак (плошча 102,8 м²). На 2000 год у зборы захоўвалася больш за 1450 экспанатаў. Аснову калекцыі складаюць творы беларускага мастацтва ХХ ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія), таксама захоўваюцца творы замежнага мастацтва.
Асноўнай мэтай дзейнасці музея з’яўляецца фарміраванне музейнай калекцыі і яе навуковая апрацоўка. Праца з фондамі ўключае ў сябе стварэнне аптымальных прыёмаў для адбору, захоўвання, даследавання і выкарыстання музейных экспанатаў, а таксама папулярызацыю прадметаў музейнага збору.
Музейны збор папаўняецца часткова ў форме набыцця за сродкі Міністэрства культуры, часткова за сродкі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, і галоўным чынам за кошт мастакоў.
Супрацоўнікі музея ўдзельнічаюць у распрацоўцы навуковых канцэпцый, сцэнарыяў, тэматычных структур і мастацкага рашэння выстаў.
Музей супрацоўнічае з музейнымі арганізацыямі, галерэямі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, вядзецца распрацоўка кірункаў супрацоўніцтва з замежнымі структурамі. Музей штогод праводзіць 10—12 перасоўных выставак беларускага і замежнага мастацтва з фондавых матэрыялаў у іншых выставачных залах Беларусі і за яе межамі.
Штогод выставачныя праекты музея прадстаўляюцца ў Бабруйскім мастацкім музеі імя Георгія Паплаўскага, Баранавіцкім краязнаўчым музеі, выставачных залах Гомельскага палацава-паркавага ансамблю і Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніку. Праект музея «Маладыя мастакі Беларусі» паспяхова рэалізаваны ў Маскве і ў буйных гарадах Беларусі. Аддзел фондаў музея прымае на экспанаванне на працягу года больш за 4000 адзінак захоўвання на 40-45 выставак.
Творы з фондаў за час існавання Музея былі экспанаваны ў Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі, Бельгіі, Італіі, Кітаі.
Новы кірунак развіцця музея — культурна-адукацыйныя праграмы. У залах музея праводзяцца публічныя лекцыі, кінапаказы і другія мерапрыемствы, напрыклад, як «міжнародны Чэмпіянат па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка», які адбыўся 21—22 верасня 2013 года. Музей рыхтуе і арганізоўвае майстар-класы і сустрэчы з вядомымі мастакамі. Гэта з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю для наведвальнікаў пазнаёміцца з новымі тэхналогіямі, методыкамі і аўтарскімі напрацоўкамі.
З 2015 года Музей сучаснага выяўленчага мастацтва разам з установай «Творчыя майстэрні „Цэнтр сучасных мастацтваў“» уключаны ў дзяржаўную ўстанову культуры змешанага тыпу Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (НЦСМ)http://www.government.by/upload/docs/fileb079b3e4f3e5424f.PDF .
Галерэя
Літаратура Дабравольская, Л. І. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва / Л. І. Дабравольская // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 13. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва=Тhе Museum of Modern Fine Arts: [Праспект] / М-ва культуры Рэсп. Беларусь: [Уступ. арт. В.Шаранговіча]. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2000. — с. Антонава Т. Праспект Скарыны, 47: тут можна наталіць духоўную смагу / / Звязда. — 1998. — 21 мая. Каб адлюстраваць эпоху…: Спроба адказаць на пытанне — якім быць Музею сучас. мастацтва / В. Шаранговіч, Л. Шчамялёў, Я. Шунейка і інш. / / ЛіМ. — 1999. — 22 кастр. Маскалевіч Л. В. «… На яго цела надзець кашулю» / / Культура. — 1998. — 27 лют. — 6 сак. (№ 3). Мяркуюць «профі» / / Культура. — 1998. — 27 лют. — 6 сак. (№ 8). Салавей Л. Музей — не ровар, каб яго вынаходзіць метадам спроб і памылак / / Культура. — 1997. — 21-27 чэрв. (№ 24). Сасноўскі А. Музею сучаснага мастацтва ў Мінску — быць! / / Чырвоная змена. — 1997. — 15 мая. Шаранговіч В. П. З якога часу адлічваць «сучаснасць»? / / Культура. — 1998. — 27 лют. — 6 сак. * (№ 8).
Спасылкі
Старонка музея на Museum.by
Катэгорыя:Музеі Мінска Катэгорыя:З’явіліся ў 1997 годзе Катэгорыя:1998 год у Мінску