Абрад «Ката пячы» (таксама «Кусанне ката», «Гуляць ката», «Спраўляць ката») — традыцыйная каляндарна-абрадавая гульня беларусаў, прымеркаваная да каляднага перыяду (ад Піліпавага посту да Шчодрага вечара). Уяўляе сабой вечарыну з выпечкай і рытуальным з'яданнем пірага ў выглядзе ката, кульмінацыяй якой з'яўляецца спроба ўдзельніка верхам на качарзе адкусіць хвост у падвешанага да столі «ката». Абрад захаваўся ў шэрагу раёнаў Мінскай вобласці. З 2017 года мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.Трубач І. Абрад «Пячы ката» можа атрымаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці і ўвайсці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі // Вялейка і Вялейскі раён. — 2013. — 18 чэрвеня.
Гісторыя Перыяд з’яўлення гульні дакладна невядомы. Абрад мае глыбокія карані і звязаны са старажытнаславянскімі ўяўленнямі аб часе, урадлівасці і мяжы паміж светамі. Кот як персанаж беларускага фальклору надзелены складанай, амбівалентнай сімволікай, што знайшло адлюстраванне ў гульні.Валодзіна Т. В. Як у Беларускай Дрэўні «кота пякуць».
У XIX стагоддзі падобныя гульбішчы былі зафіксаваны этнографам Паўлам Шэйнам як спосаб адкрыцця сезона восеньскіх пасядзелак.Шэйн П. В. Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю. СПб., 1893. Т. 2. С. 119. У XX стагоддзі традыцыя захоўвалася ў вёсках Цэнтральнай Беларусі намаганнямі мясцовых жыхароў, перадаючыся з пакалення ў пакаленне як важная частка моладзевых святочных забаў.Трубач І. Абрад «Пячы ката» можа атрымаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці і ўвайсці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі // Вялейка і Вялейскі раён. — 2013. — 18 чэрвеня. Паводле сведчанняў сталых жыхароў Скірмантава, абрад існаваў у многіх вёсках Дзяржынскага раёна яшчэ ў перыяд маладосці іх бацькоў.
Традыцыя актыўна падтрымліваецца мясцовымі жыхарамі, перадусім у Скірмантаве, дзе абрад штогод узнаўляецца з удзелам музыкантаў і ўсіх ахвотных. Дзякуючы публікацыям у СМІ і цікавасці этнографаў, «Пячэнне ката» стала брэндам рэгіёна і прываблівае турыстаў.
Апісанне Абрад «Пячы ката» ўяўляе сабой калектыўную вечарыну (складчыну) з абавязковай выпечкай абрадавага печыва — пірага ў выглядзе ката. Гульня мае мноства лакальных варыянтаў і назваў: «кот», «у ката», «ката спраўляць», «ката пячы», «гуляць ката», «на ката». Месца правядзення Прымеркаванасць абраду вар'іруецца ў розных мясцовасцях Мінскай вобласці:
Дзяржынскі раён — у Скірмантаве абрад ладзяць 27 лістапада, у заговіны перад Калядным постам; гульня «ката пячы» зафіксавана таксама ў Грынкевічах. Клецкі раён (Галавачы) — на Зімовага Міхала (21 лістапада). Вілейскі раён — у Старынках у першы дзень Калядаў; у Сосенцы «ката спраўлялі» на Каляды. Салігорскі раён (Застарынне) — у адзін з калядных вечароў. Любанскі раён (Пласток) — у адзін з калядных вечароў. У Любанскім раёне таксама зафіксавана пячэнне «ката» на Багатую Каляду (13 студзеня). Бярэзінскі раён — на Багатую Каляду (13 студзеня). Лагойскі раён (Гайна) — зафіксаваны мясцовы варыянт гульні, пры якім «ката» клалі на дошку.
Падрыхтоўка «ката» Цэнтральны элемент абраду — пірог або крэндзель у выглядзе ката са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія злучаюцца паміж сабой. Галава «ката» аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы.
У некаторых варыянтах (Вілейскі раён) у пірага падкрэслівалі атрыбут самца, які маглі начыняць перцам, гарчыцай або соллю для ўскладнення задачы.
Ход абраду Першы этап гэта збор і застолле. Жыхары вёскі (як жанатыя пары, так і моладзь) збіраюцца ў прасторнай хаце, прыносячы з сабой пачастункі і напоі. Запрашаюць музыкантаў. Гатовы пірог урачыста выносяць са словамі: «Ад печы да кута нясём лысага ката» і падвешваюць за пояс да столі ў чырвоным куце.
Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе «едзе» на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі). Калі ўдзельнік засмяецца ці загаварыць, яго могуць вымазаць сажай і не дапусціць да пірага.
Той, хто не змог адкусіць хвост, выконвае жартаўліва або эратычна афарбаванае заданне (прайсці пеўнем ці буслам, «напаіць жураўля» — выпіць праз рукаў, пракрычаць «Мама, гатуй падушкі, замуж хачу!», сыграць у «Сарваць вішаньку»). Пераможцу, які здолеў адкусіць запаветны кавалак, маглі павязаць пояс або падарыць падарунак (напрыклад, вышыты хустку). Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго «ката» дзеляць паміж усімі прысутнымі.
Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой.
Сімвалізм і семантыка Даследчыкі (Таццяна Валодзіна і інш.) вылучаюць у абрадзе некалькі глыбінных сэнсавых пластоў:
Правядзенне абраду напярэдадні посту або ў момант пералому (Святкі) сімвалізуе развітанне са скаромнай ежай. Пірог выступае як кулінарнае ўвасабленне «тлустага» часу, які калектыўна знішчаецца. Апазіцыя смех/маўчанне. Смех выступае маркерам свету жывых, а рытуальнае маўчанне ўдзельніка, які скача на качары, паказвае яго як прадстаўніка тагасвету. Яго шлях ад парога (мяжы) да чырвонага кута (сакральнага цэнтра) і ўверх да падвешанага «ката» — гэта выпрабаванне на ўваход у свет людзей. Шлюбная ініцыяцыя. Адкусванне хваста (або спецыяльна вылучаных «яец») мае адкрытую фалічную семантыку. У некаторых варыянтах лічылася, што паспяхова справіўшыся з заданнем хлопец «годны да жаніцьбы». Самі ўдзельнікі тлумачаць сэнс дзеяння так: «Каб любіліся і дзеці нараджаліся». Стымуляцыя ўрадлівасці. Абрад накіраваны на забеспячэнне пладавітасці як у сем'ях, так і ў гаспадарцы на наступны год.Валодзіна Т. В. Як у Беларускай Дрэўні «кота пякуць»
Лакальныя асаблівасці і паралелі У вёсцы Старынкі Вілейскага раёна пераможцу, які адкусіў неядомую начынку (перац, гарчыцу), даравалі вышытую хустку.
У вёсцы Гайна Лагойскага раёна «ката» клалі на дошку такім чынам, «каб яйкі спускаліся». Таму, хто адкусіць «яйцо», пляскалі ў далоні і павязвалі пояс з левага боку.
На ўкраінскім Падоллі існуе ідэнтычны абрад «кусаць каліту», прымеркаваны да дня святога Андрэя, што паказвае на агульныя славянскія карані традыцыі. У Чарнобыльскім раёне разам з калітой выпякалі «бугая» з падкрэсленым палавым органам.
У Скірмантаве Соф’я Адольфаўна Рэдзько, народжаная ў 1932 годзе, расказвала, што ў гэту гульню гулялі яе бацькі, уся радня і яна сама ў маладосці, калі яе сям’я жыла ў вёсцы Грынкевічы. Калі вёска стала занепадаць, і цэнтр гаспадаркі засяродзіўся ў Скірмантаве, сям’я Соф’і пераехала сюды.
Сярод продкаў Соф’і Адольфаўны былі таленавітыя народныя спевакі, танцоры і музыканты (гармонік, балалайка, мандаліна, гітара). Каб стварыць умовы для захавання багатай творчай спадчыны, у 1982 годзе яна стварыла гурт «Весялуха», а ў 1987 г. — самадзейны калектыў «Сваякі» з музыкантаў і спевакоў свайго роду. Разам са сцэнічнай дзейнасцю, калектыў захоўваў народныя абрады і традыцыі свайго асяродку, у тым ліку — ігрышча «Ката пячы», якое ладзілі на запусты перад Піліпаўкай 27 лістапада.
Зараз у калектыве «Сваякі» — нявестка, унукі, пляменнік Соф’і Адольфаўны, яе выхаванцы. Яна памерла ў 2009 годзе, і Наталля Пятроўна, нявестка, стала яе пераемніцай. Наталля Пятроўна Рэдзько — салістка, знаўца народных песень і танцаў, зараз асноўны захавальнік традыцыі, арганізатар ігрышча. Яна таксама паходзіць з музычнай сям’і, дзе бацька іграў на гармоніку, а маці спявала.Гульня «Ката пячы» праводзіцца ў Скірмантава штогод з 1993 года, калі зніклі забароны на правядзенне народных абрадаў. Калектыў «Весялуха», якім з 1990 года кіравала Наталля Пятроўна Рэдзько, атрымаў найменне «народны» і быў запрошаны ў 1996 годзе на тэлеперадачу «Запрашаем на вячоркі», дзе паказваў гульню «Ката пячы».Гамзовіч Р. Унікальную традыцыю народнага гуляння захоўваюць у Скірмантаве // Inferfax.by. — 2014. — 5 снежня. Удзельнікі калектываў актыўна працягваюць сваю дзейнасць па захаванню народных традыцый, сярод якіх найбольш адметнай і цікавай з’яўляецца гульня «Ката пячы», якая ўжо доўгі час праходзіць у спадчынным доме роду Рэдзько. У апошнія гады з’явілася магчымасць арганізоўваць гульню ў мясцовым клубе. Літаратура
Валодзіна Т. В. Як у Беларускай Дрэўні «кота пякуць» Шэйн П. В. Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю. — СПб., 1893. — Т. 2. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў: У 6 т. / Аг. рэд. Т. Б. Варфаламеева. — Мінск, 2011. — Т. 5: Цэнтральная Беларусь. — Кн. 2. Гамзовіч Р. Унікальную традыцыю народнага гуляння захоўваюць у Скірмантаве // Inferfax.by. — 2014. — 5 снежня. Трубач І. Абрад «Пячы ката» можа атрымаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці і ўвайсці ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі // Вялейка і Вялейскі раён. — 2013. — 18 чэрвеня.
Крыніцы
Катэгорыя:Культура Дзяржынскага раёна Катэгорыя:Нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі БеларусьКатэгорыя:Святы БеларусіКатэгорыя:Абрады і рытуалыКатэгорыя:Беларускія народныя гульні Катэгорыя:Беларускія абрады і звычаі