Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка — адметная тэхніка «выбівання» пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў.

Апісанне Раней выбіванкі вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру. Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930—1950-х гг. XX ст. Спосаб вырабу выцінанак з дапамогай трубачак, долата, выразання нажом сустракаўся даволі рэдка. Гэта звязана з тым, што папера — матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі, якія мелі асаблівыя здольнасці. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і людзей старэйшага пакалення, а праз гады гэта мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана.

Аднавіла і перадала наступным пакаленням гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі выбівання выцінанак з’яўляецца адна з яе вучаніц Наталля Аляксандраўна Клімко, якая перадае свае веды незвычайнай тэхніцы выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту падчас майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, на выстаўках і адкрытых занятках навучання рамяству.

Паходжанне Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жылля ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930—1950-х гг. XX ст. Так выконвалі ручнікі на абразы, фіранкі, вугалкі на палічкі, сурвэткі пад кулічы. Падрыхтоўка ўпрыгожванняў для інтэр’ера прымяркоўвалася да самых значных свят — Вялікадня і Ражства. Фіранкі, ручнікі, карункі, сурвэткі выразаліся нажніцамі. Асобныя гаспадыні дапоўнілі традыцыйную тэхніку вырэзвання ўласнымі прыёмамі — выбіваннем долатам, расплюшчаным завостраным цвіком, трубачкамі, аднак такі спосаб вырабу выцінанак сустракаўся даволі рэдка, бо папера — матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і праз гады іх мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, што ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана.

Аднавіла гэты від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак (1932—2009). Нарадзілася яна ў в. Мілушава. З выбіванкай яна пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве. Паколькі яе сям’я жыла бедна, купіць у краме гардзінную тканіну на вокны яны не маглі. Маці сама рабіла прыгожыя фіранкі з паперы на вокны, на палічкі — вугалкі, а на абразы — ручнікі. Яны нагадвалі фіранкі, якія куплялі ў краме, але ўзоры і ажурная сетка выбіваліся з дапамогай долата. У такой тэхніцы рабіліся фіранкі ў некаторых вёсках Навагрудскага і Карэліцкага раёна (з яе слоў). Шурак паспрабавала зрабіць фіранкі і ручнік на абразы, калі стала працаваць захавальнікам фондаў у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі (прыкладна ў 1993 г.). Яе работы засталіся ў экспазіцыі інтэр’ера сялянскай хаты 1930-х гадоў. Склаўшы ліст ватмана, яна намалявала ячэістую сетку, а па ёй — буйныя ружы, але выразаць такі ўзор нажніцамі было немагчыма. Дапамагла старэйшая сястра — расплюшчыла вялікі цвік і навастрыла яго. Дошку з дуба зрабіў загадчык гаспадаркі музея. Цвік, дошка і малаток сталі асноўнымі інструментамі ў творчасці майстрыхі. Шурак стварала ўзоры фіранак і набожнікаў найбольш набліжаныя да прыроды — гэта былі валошкі, каласкі, рамонкі, птушкі, матылькі. Сустрэчы з землякамі, цікавасць да мінулага, імкненне захаваць узоры мастацтва для нашчадкаў паслужылі падставай, каб у сталым узросце Н. Шурак пачала адраджаць забытую тэхналогію вырабу мясцовых фіранак. Працавала яна ў асноўным зімой у сваёй гарадской кватэры, а летам жыла ў в. Падкасоўе ў сястры. Апошнія гады жыцця яна ўпрыгожвала там на Вялікдзень вокны выбітымі з паперы фіранкамі. У 2000 г. быў адкрыты Навагрудскі раённы Цэнтр рамёстваў, і Шурак стала сябрам і дарадцам яго калектыву. На гэты ж час (2002—2009 гг.) прыпадае росквіт яе творчасці. Майстрыха ўдзельнічала ў рэспубліканскіх і абласных святах народнай творчасці, выстаўках, дзе была ўзнагароджана шэрагам дыпломаў, праводзіла майстар-класы, дзялілася ведамі. Майстрыха стварыла больш за 50 розных фіранак, набожнікаў, спрабавала рабіць і невялікія пано. Калекцыя яе выбіванак захоўваецца ў Навагрудскім краязнаўчым музеі і ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў. Ёсць творы Н. Шурак і ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, Мінскім АЦНТ. У 2009 г. майстрыхі не стала, але мастацтва навагрудскай выцінанкі-выбіванкі было захавана.

Сёння традыцыю практыкуе вучаніца Н. Шурак — Наталля Аляксандраўна Клімко. Яна дасканала вывучыла тэхніку выцінанкі-выбіванкі і перадае майстэрства сваім вучням.

Перадача практык выцінанкі-выбіванкі ў супольнасці На сённяшні час традыцыйная навагрудская выцінанка-выбіванка з’яўляецца вельмі важным элементам нематэрыяльнай культуры ў плане яго падтрымкі для Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў, які ўзначальвае Наталля Клімко. Яна добра разумее неабходнасць захавання і перадачы гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны пераемнікам. Таму стараецца як мага больш распаўсюджваць веды аб выбіванцы. Н. Клімко ўдзельнічае ў выстаўках, праводзіць майстар-класы, адкрытыя заняткі. У гэтым ёй дапамагаюць супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў, асабліва метадыст-майстар Юшкевіч Вольга Міхайлаўна. Яна разам з Наталляй Аляксандраўнай ладзіла вечары-сустрэчы, выстаўкі Ніны Пятроўны Шурак, а зараз праводзіць пазнавальныя экскурсіі для наведвальнікаў выставак Цэнтра рамёстваў, — чым папулярызуе традыцыйнае мастацтва Навагрудчыны, у тым ліку сярод мясцовых школьнікаў і моладзі.. На майстар-класах і семінарах яны спрабуюць самі працаваць малатком і выбойнікам. Мэта такіх заняткаў — «перадаць веды, практычны вопыт, зацікавіць тым, што менавіта моладзь і дзеці могуць стаць пераемнікамі традыцыйнай культуры і павінны ганарыцца Навагрудчынай і яе ўнікальным мастацтвам».

Навагрудскім раённым Цэнтрам рамёстваў выдадзены метадычны дапаможнік, які знаёміць усіх зацікаўленых з традыцыйнай навагрудскай выцінанкай-выбіванкай і тэхнікай яе выканання.

Непасрэдна працэс перадачы тэхналагічных прыёмаў выбівання ўзору на паперы першапачаткова адбываўся вусным шляхам — Н. П. Шурак распавядала ва ўспамінах як рыхтавалася да Вялікадня яе маці, якім чынам яна ўпрыгожвала хату. Сёння перадача ведаў адбываецца праз сістэму пазашкольнай адукацыі ў Навагрудскім раённым Цэнтры рамёстваў: ад настаўніка да вучня. Супрацоўнікі Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў, які ўзначальвае Наталля Клімко, ладзяць семінары-практыкумы, майстар-класы, адкрытыя заняткі па традыцыйных рамёствах, што папулярызуе мастацтва мясцовай выцінанкі-выбіванкі сярод школьнікаў горада і раёна, навучэнцаў каледжаў, настаўнікаў.

Спасылкі

https://living-heritage.by/nks/3205/ https://belta.by/culture/view/gvozd-stameska-dubovaja-doska-i-tolko-svetlye-mysli-reportazh-o-sozdanii-novogrudskoj-vybivanki-479606-2022/ https://zviazda.by/ru/node/236052 https://heritage.gov.by/catalog/tradytcyia-vyrezvannia-z-papery-vytcinanka-vybivanka

Катэгорыя:Культура Навагрудскага раёна