Мендзель Элькін () — яўрэйскі тэатральны дзеяч, акцёр, мецэнат, выдавец, бібліятэкар, пісьменнік, этнограф.
Біяграфія Нарадзіўся ў вёсцы Брожа ў беднай сям’і. Бацька Гірш Брожар быў млынаром, маці гандляркай, мелі 10 дзяцей. У 1891 годзе пасяліліся ў Бабруйску.
Вучыўся ў вёсцы з меламедамі, потым адзін год, 1883, у ешыбоце Фроіма-Ічы ў Бабруйску, сталаваўся ў жыхароў горада (паводле тагачаснай звычкі «есці дні»). Гандляваў лесам, першапачаткова на поўдні Расіі ў Арлоўскай губерні, дзе працаваў у далёкага сваяка. Вывучаў стаматалогію ў Харкаве, скончыў у 1902, каля шасці год працаваў стаматолагам у горадзе Белым і ў Бабруйску. Захапляўся мастацтвам, асабліва тэатрам. У 1894 пачаў іграць на рускай і яўрэйскай сцэне ў аматарскіх і прафесійных трупах. Стварыў рускі драматычны гурток, які ставіў заходнееўрапейскія творы. З 1900 года выступае з публіцыстычнымі артыкуламі ў рускіх газетах Бабруйска і Менска. Актыўны член бабруйскай групы Бунда, сябраваў з ім кіраўнік групы Ной Юхвід па мянушцы «паліцмайстар».
Пазнаёміўся і пасябраваў з вядомым пісьменнікам А. Вайтэрам і з Сораю Рэйзен. Разам яны імкнуліся падвысіць мастацкі ўзровень яўрэйскай драмы (1907 год). У наступныя гады сабраў яшчэ некалькі драматычных гурткоў, ужо на яўрэйскай мове. Працаваў рэжысёрам. У 1908 годзе ў Кіеве, у трупе Адлера. Знаёміцца з Перацам Гіршбейнам і запрашае яго трупу выступіць у Бабруйску, вясной 1910 прымае гасцей у сябе дома. У 1912 годзе з А. Кіржніцам выдаваў газету «Бобруйскер вохенблат», заснаваў у Менску выдавецтва «Менахем» і выпусціў два творы Пераца Гіршбейна- «Майн бух» і «Пустэ крэчмэ» (Мая кніга, Пустая карчма).
У 1915—1916 гадах быў у эвакуацыі ў раёне Саянскіх гор, кіраваў здабычай лесу, вывучаў побыт мясцовых народаў, пісаў кнігу пра мінусінскіх гераў. Сустрэўся з А. Вайтэрам, які быў у ссылцы. У 1916 прызваны ў войска, на Заходнім фронце.
Пасля рэвалюцыі, у красавіку 1917 у Петраградзе, у 1918 годзе заснаваў яўрэйскі камерны тэатр. У 1919 годзе вяртаецца ў Бабруйск, куды раней вярнулася сям’я. Працаваў у мастацкім аддзеле камісарыята асветы ЛітБелССР, карыстаўся падтрымкаю Чарвякова. У кастрычніку 1919 горад занялі польскія войскі, а Элькін, баючыся арышту, выбраўся ў Вільню. У 1920 годзе, пры бальшавіках стварае польскі, рускі і яўрэйскі тэатры, супрацоўнічае з Галкоўскім, але дзейнасць неўзабаве спынілася, бо з Вільні бальшавікі адышлі.
З 1920 года ў Варшаве, ставіў п’есы Шолама Аша, абраны старшынёй прафесійнага саюза яўрэйскіх артыстаў. З 1923 года па запрашэнні Гіршбейна жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў Яўрэйскага тэатральнага таварыства і «Ундзэр-тэатра», заснаваў дзіцячы тэатр. Усе гэтыя асяродкі існавалі нядоўга, каля 2 гадоў. Працаваў у дзіцячым летнім лагеры Кіндэрвэлт.
У 1936 годзе заснавальнік Цэнтральнай яўрэйскай бібліятэкі і архіву (пазней у складзе ІВО), дзе да канца жыцця працаваў галоўным бібліятэкарам. Памёр і пахаваны ў Нью-Ёрку.
З жонкай Рыўкай сустрэўся ў юнацтве. Адзіная дачка Эся Элькіна — піяністка.
Творчасць Напісаў і пераклаў п’есы: Макс Гальбэ «Дэр штром» (1907) — Разам з А. Вайтэрам і Сорай Рэйзен, не друкавалася, пастаўлена ў той самы год у Менску на рабочай сцэне Давід Маневіч «Пасынкі радзімы» Наступныя тры выдаў Клецкін у Вільні ў 1921 годзе. Макс Нардау «Два светы, або Доктар Кон» — драма ў 4 актах Б. Шоу «Кандзіда» — містэрыя ў 3 актах М. Шкляр «Бум ун Дрэйдл» (Бум і Юла) — для дзяцей напісаў другі акт «Дня і ночы» С. Ан-скага (Нью-Ёрк : Шрыфтн, 1925) Мотл-трэмп (Нью-Ёрк : Рабочае кола, 1928) — для дзяцей Дэр гліклахер прынц (там сама, 1929) — паводле Вайлда Дзі лайдн фун Эдзіпус, троер-шпіл ін эйн акт, аф дэр тэмэ фун Софоклес — Пакуты Эдыпа, жалобная п’еса ў 1 акце, паводле Сафокла (Нью-Ёрк: Бодн, 1935) У 1949 выйшаў зборнік «Тэатр для маленькіх і вялікіх», ён змяшчаў яшчэ некалькі п’ес.
Пісаў вершы. Друкаваў крытычныя артыкулы ў розных газетах, часопісах і зборніках. Аўтар рамана «Фар фрэмдэ зінд» (За чужыя грахі. 1944), кнігі «Койбалер стэпэс» (Стэпы кайбалаў. Клецкін, 1934). Кайбалы — этнічная група ў складзе хакасаў.
У рукапісе засталіся ўспаміны.
Крыніцы
Спасылкі Mendl Elkin // Слоўнік яўрэйскага тэатра Elkin, Mendl // Слоўнік яўрэйскай літаратуры My Life by Mendel Elkin Успаміны пра Бабруйск
Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры паводле алфавіта Катэгорыя:Акцёры паводле алфавіта Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Катэгорыя:Драматургі паводле алфавіта Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Акцёры Беларусі Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Члены Бунда