Мікі́та Зно́сак — галоўны герой трагікамедыі «Тутэйшыя» Янкі Купалы ўзростам ад 25 (люты 1918 года) да 28 гадоў (чэрвень 1920 года). Да 1917 года займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з 1918 па 1920 гады, калі ў Менск уваходзяць чужынцы, спрабуе прыстасоўвацца да змен. Аднак яго спробы прыстасавальніцтва заканчваюцца няўдачай, у канцы твора яго затрымліваюць бальшавікі.

У вобразе Мікіты Зноска Янкам Купалам ярка паказаны тып людзей, якія адарваліся ад роднай глебы, прыстасаванцаў да любой улады. Паводзіны галоўнага героя ўключаюць у сябе як камізм, так і трагічнасць. Пэўную долю віны за з’яўленне такога чалавека нясе грамадства, заснаванае на ўціску і эгаізме. Рысы і настроі Мікіты характэрныя сярод беларусаў, яны сфармаваліся пад уплывам неспрыяльных для беларускага народа гістарычных умоў.

Імя Прозвішча персанажа вытворнае ад назоўніка зносак, які азначае маленькае курынае яйка, звычайна апошняе. Таксама ў пераносным сэнсе так кажуць пра слабога чалавека, які нічога не варты. Праз імя галоўны герой характарызуецца як адмоўны персанаж. Мікіта адмаўляецца ад свайго імя, кажа, што ён «і не дзядзька, і не Мікіта, і не Зносак, а… меджду протчым, калежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов». Дробны чыноўнік называе сябе то на рускі манер Нікіціем Знасілавым, то на польскі — Нікіціушам Знасілоўскім.

Некаторымі літаратуразнаўцамі і метадыстамі выкарыстоўваецца такі варыянт прозвішча ў родным склоне: Зносака, які ўключае ў сябе поўную агаласоўку асновы. На думку беларускага мовазнаўцы Івана Лепешава, такі варыянт назоўніка зносак з’яўляецца памылкай. Ён пачаў ужывацца ў працах з 1990-х гадоў, хоць яшчэ ў 1920-я гады прозвішча ў родным склоне пісалася як Зноска. Прафесар Іван Лепешаў звяртае ўвагу на той факт, што твор Янкі Купалы замоўчваўся больш за 60 гадоў, з-за чаго імёны прызабыліся. Таму правільнай як у беларускай мове, так і ў маўленні трэба лічыць форму прозвішча з нулявой агаласоўкай асновы: Зноска.

Літаратурная біяграфія

Мікіта з’яўляецца адзіным сынам у сям’і Ганулі Зношчыхі. У першай дзеі п’есы ў размове Ганулі з Янкам Здольнікам падкрэсліваецца сутнасць галоўнага героя, які аднак хоча выглядаць інакш. Да 1917 года ён займаў пасаду калежскага рэгістратара ў губернатарскай канцылярыі. У перыяд з лютага 1918 па чэрвень 1920 года спрабуе прыстасоўвацца да розных улад, якія ўваходзяць у Менск. У час нямецкай акупацыі беспаспяхова спрабуе захаваць свой чын, затым служыць рэгістратарам у розных савецкіх установах. Персанаж спрабуе падладжвацца і пад палякаў.

Галоўны герой марыць атрымаць «асэсарства» для таго, каб ажаніцца з Настай Пабягунскай. Акрамя гэтага ён шукае і розныя вольныя «прафесіі» адпаведна палітычнай сітуацыі: вывучае мовы ў настаўніка Спічыні (як нямецкую, так і польскую), гандлюе нямецкімі маркамі, прадае свае рэчы ў абмен на ежу, збіраецца быць аратарам. Усё гэта не прыносіць яму поспеху. У хатцы калежскага рэгістратара збіраюцца розныя знаёмыя і госці, з якімі ён размаўляе.

Мікіта ў залежнасці ад палітычнага надвор’я мяняе сваё імя, прозвішча, перакананні, аднак гэта не дапамагае яму. Выказванні галоўнага героя не маюць логікі, яны бессэнсоўны, таму Зносак ніяк не можа выбіцца ў людзі. У фінале п’есы калежскага рэгістратара арыштоўваюць як даносчыка і рабаўніка. Твор заканчваецца затрыманнем Мікіты Зноска бальшавікамі. Яго выводзяць з хаты пад рулямі стрэльбаў, маці Гануля галосіць. Матроская прыпеўка «» намякае на лёс галоўнага героя.

Характарыстыка

Погляды Галоўны герой твора Янкі Купалы мае выразныя антыбеларускія погляды, якія ён не падмацоўвае аргументамі. Персанаж не пазбаўлены шавінізму («мы цвёрда стаялі на варце святога расійскага самаўладзтва і баранілі тутэйшую рускую народнасць ад „інародчаскага засілля“»), які аднак у вуснах Мікіты выглядае як бравада. Зносак лічыць сябе самым здольным вучнем і Лук’яна Саланевіча, якіх богаславіў Уладзімір Пурышкевіч. Акрамя вышэйпералічаных настаўнікамі Мікіты таксама з’яўляюцца майстра «адбеларушваць» Генрых Мотавіч Спічыні ды Усходні і Заходні вучоныя, якія кожны па-свойму перакручваюць беларускую гісторыю на свой капыл. Калежскі рэгістратар увасабляе сабой тып зрусіфікаванага «тутэйшага» першай чвэрці XX стагоддзя. Савецкі лад Мікіта лічыць чырвонай паводкай, якая не снілася ні фараону, ні Саламону.

Прыстасавальніцтва Галоўны герой спрабуе прыстасоўвацца да жыцця, ён кажа: «хто мне лепей плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі». Прыстасавальніцтва Мікіты паказваецца цераз пераапрананне. Зносак мяняе сваю вопратку (пажарніцкая форма, чырвоная хустачка, фрэнч ахоўнага колеру, белы арол на шапцы) згодна з палітычнай сітуацыяй. Своеасаблівым «пераапрананнем» дробнага чыноўніка можа разглядацца яго пошук новых «прафесіяў» (вывучэнне моў, гандаль валютай на Брахалцы, аратарства, разнос папер). Першапачаткова здаецца, што персанаж добра ведае палітычнае надвор’е. Ён становіцца пажарнікам, паколькі іх не бяруць на працу; для стасункаў з рознымі акупантамі (нямецкімі, польскімі, бальшавіцкімі) наймае настаўніка, каб вывучыць вітанні; па-свойму выкарыстоўвае і абразы́. Аднак у выніку атрымліваецца толькі мітусня, якая прыносіць герою шкоду. У персанажа няма такіх характэрных для прыстасаванца рыс як хітрасць, прагнасць, скупасць. Па сутнасці, Мікіта Зносак — гэта чалавек, якому не ўдалося знайсці спакойнага жыцця ў час перамен, недарэка.

Мова Мова персанажа мудрагеліста-камічная, аднак парой бывае вобразнай і трапнай («дырэктар беларускай басоты», «меджду протчым, мамаша, выехалі з гэтым сваяцтвам, як з козамі на торг»), калі ім авалодвае якое-небудзь пачуццё (спалох, радасць, абраза, раздражненне). У асноўным Мікіта Зносак размаўляе як героі апавяданняў Міхаіла Зошчанкі. Адцураўшыся беларускай мовы, якая для Мікіты недалікатная, былы калежскі рэгістратар таксама не паважае і іншыя мовы. Камічнае ў маўленні Зноска адлюстроўваецца цераз каламбуры, іранізмы, параўнанні, эпітэты, аксюмараны, сінонімы, фразеалагізмы, розныя формы назоўнікаў (склонавыя, родавыя, лікавыя), выклічнікі, лексічныя і сінтаксічныя аказіяналізмы, украпіны з іншых моў, стылістычна зніжаныя сродкі, формы звароту да тутэйшых асоб, праклёны, ідыялектныя клішэ, кантрастывы. Абмежаванасць маўлення галоўнага героя праяўляецца праз шматслоўнасць, штучнасць і алагічнасць, калі часам сказ пазбаўлены сэнсу. Часта ў маўленні персанажа выкарыстоўваецца прыслоўе «меджду протчым», якое з’яўляецца калькай з рускай мовы.

Ацэнкі Прафесар Іван Замоцін лічыў галоўнага героя занадта карыкатурным, што праяўляецца праз яго размовы. Акрамя карыкатурнасці навуковец адзначае прысутнасць у мове Мікіты гумару і іроніі. На думку крытыка Тодара Глыбоцкага, вобраз Мікіты Зноска ўвасабляе сабой калектыўны партрэт «тутэйшых», для якіх характэрная такая іх рыса, як жывучасць. Літаратуразнавец Пятро Васючэнка, аналізуючы вобраз Мікіты, адзначае, што ён спрабуе ацалець у віхуры змен. Яго агідныя рысы, якія моцна дэфармаваныя, выглядаюць як духоўная хвароба. Розум галоўнага героя досыць цікаўны, часам у блазнаванні Мікіты выглядае нешта цвярозае. Не атрымаўшы сапраўднай культуры, Зносак адмаўляецца ад беларускай мовы, не можа звязаць два словы па-расійску. Стыхія карае Мікіту, паколькі ён безабаронны. Філосаф Ігар Бабкоў адзначае ў Зноску каланізаванасць, якая праяўляецца ў імітацыі пануючай ідэнтычнасці. На думку пісьменніка Адама Глобуса, галоўны герой з’яўляецца самым жыццелюбівым персанажам п’есы Янкі Купалы.

Таццяна Гайдалёнак адзначае адцуранне ўсяго беларускага галоўным героем. Узгадаваны на сялянскай глебе Мікіта апынуўся ў горадзе, дзе ў той час не размаўлялі па-беларуску. Яго прыстасавальніцтва вельмі зручнае для любой улады. Такія, як Мікіта Зносак, будуць рабіць, што скажуць, вазіць з сабой на калымажцы шмат розных дакументаў, «мець светагляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае» для таго, каб іх не чапалі. Характар галоўнага героя сфармаваўся пад уплывам неспрыяльных гістарычных умоў беларускага народа. На думку даследчыцы, Мікіта ёсць у кожным беларусе. Дробны чыноўнік выклікае не толькі смех, не толькі асуджэнне, але і жаль. На думку кандыдата гістарычных навук Аляксандра Уладзіміравіча Літвінскага, Мікіта Зносак увасабляе сабой тып заходнерусіста, які супрацьстаіць беларускаму нацыянальнаму руху. У творы паказаны канфармізм Мікіты, які з’яўляецца адным з найбольш яскравых прыкладаў «тожабеларуса».

Вобраз у адаптацыях У 1926 годзе БДТ-1 паставіў на сцэну п’есу, якая затым была знята з рэпертуару. Ролю Мікіты Зноска павінен быў сыграць Генрых Грыгоніс. У 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера «Тутэйшых», ролю галоўнага героя ў якой выканаў акцёр Віктар Гудзіновіч. Як лічыць акцёр:

У 1990 годзе ўжо на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы рэжысёрам Мікалаем Пінігіным быў пастаўлены спектакль. Ролю калежскага рэгістратара ў пастаноўцы выканаў акцёр Віктар Манаеў. Ім Мікіта трактаваны як бязвольны і няшчасны чалавек, што заблытаўся ў жыцці, як сімвал ён жыве самастойным жыццём. У спектаклі Мікіту забіваюць чырвонаармейцы, ён валіцца ў яму, пасля чаго гінуць і астатнія персанажы п’есы.

У 2007 годзе на тэлеканале «Белсат» выйшаў фільм «Тутэйшыя» рэжысёра Валерыя Мазынскага паводле п’есы. Ролю Мікіты ў белсатаўскім фільме выканаў Павел Харланчук, які пазней зноў сыграў галоўнага героя ў спектаклі 2020 года. На думку тэатральнага крытыка Настассі Панкратавай, Мікіта Зносак у выкананні Харланчука нагадвае пластыкай Віктара Манаева. Іншы тэатральны крытык Алена Мальчэўская захапляецца працай акцёра, які ў ролі Мікіты паказаў гібкасць, плаўнасць, зменлівасць героя. У аўдыякнізе «Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава» Лявона Крывічаніна дзейнічае ў 1941 годзе падобны да Зноска персанаж, у час нямецкай акупацыі Мінска.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Персанажы паводле алфавіта Катэгорыя:Персанажы Янкі Купалы Катэгорыя:Выдуманыя мужчыны Катэгорыя:Літаратурныя персанажы