Іван Святаславіч (да 1386 — пасля 1422) — князь са смаленскай дынастыі Расціславічаў.

Сын смаленскага князя Святаслава Іванавіча, імаверна, чацвёрты паводле старшынства.

Імаверна, у верасні 1395 года, запрошаны вялікім князем Вітаўтам на перамовы пад Смаленскам, разам з іншымі смаленскімі князямі князь Іван трапіў у палон.

У 1403 годзе вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем мсціслаўскага князя Лугвена Альгердавіча захапілі смаленскі «прыгарад» Вязьму, дзе ўзялі ў палон князёў Івана Святаславіча і Аляксандра Міхайлавіча. Па гэтым князь Лугвен «приведе ко Витовъту» князя Івана.

На пачатку XV ст. трымаў маёнткі ў Пінскім княстве. Быў намеснікам тураўскам ва ўладарства Вітаўта, пацвярджаў правы на ўладанні Тураўскай епархіі. Быў сярод кцітараў Успенскага сабора ў Тураве. У 1422 годзе быў сярод сведак Мельнскага дагавора Вялікага княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам і прывесіў да яго пячатку з надпісам «+ ПЕЧАТЬ КНЯЗЯ ИBAN СВЯТСВЧ».

На думку Юзафа Вольфа, імаверна, пазней князь Іван ад’ехаў да Вялікага княства Маскоўскага і па сваім пляменніку князю Фёдару Юр’евічу атрымаў у кармленне Порхаў. На думку Вольфа, пазнейшыя маскоўскія радаслоўцы называюць Івана Святаславіча пачынальнікам княжацкага роду Порхаўскіх. Аднак, на думку Андрэя Кузьміна, князі Порхаўскія былі нашчадкамі смаленскага князя Юрыя Святаславіча, то-бок толькі блізкімі родзічамі Івана Святаславіча.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Старосты тураўскія