Паўста́нне ў Го́рках — эпізод паўстання 1863—1864 гадоў, захоп горада Горкі паўстанцкім атрадам Людвіка Звяждоўскага ў ноч з 24 на 25 красавіка (з 6 на 7 мая паводле новага стылю) 1863 года. Паўстанцы раззброілі мясцовы гарнізон, занялі адміністрацыйныя будынкі, захапілі скарб і зброю, а таксама на кароткі час усталявалі ў горадзе ўладу Нацыянальнага ўрада.

Перадумовы

Цэнтрам падрыхтоўкі паўстання ў Магілёўскай губерні сталі Горкі, дзе знаходзіліся Горы-Горацкі земляробчы інстытут, земляробчае вучылішча і класы таксатараў. У навучальных установах вучыліся сотні маладых людзей, значную частку якіх складалі выхадцы са шляхецкіх сем’яў гістарычнай Літвы.

У 1862 годзе ў Горках узнікла падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні. Сярод яе ўдзельнікаў былі Станіслаў Віскоўскі, Войцех Дамарацкі, Вацлаў Антановіч, Рамуальд Чарвінскі, Зыгмунт Міткевіч, Станіслаў Дымкевіч. Арганізацыя займалася агітацыйнай працай і адкрыла народную школу для сялянскіх дзяцей, у якой навучанне вялося па-беларуску.

21 красавіка 1862 года каля фальварка Шыманоўка, на месцы якога пазней узнік раён гарадскіх могілак, адбылася палітычная акцыя з удзелам каля 50 студэнтаў. Да вясны 1863 года ў інстытуце ўжо існавала арганізаваная канспіратыўная сетка, мясцовай моладзевай арганізацыяй якой кіраваў Станіслаў Віскоўскі.

Падрыхтоўка выступлення

Літоўскі правінцыйны камітэт прызначыў капітана расійскага Генеральнага штаба Людвіка Звяждоўскага, які карыстаўся псеўданімам «Тапор», ваенным начальнікам Магілёўскага ваяводства. 15 красавіка 1863 года ён разам з былымі афіцэрамі расійскай арміі Жукоўскім, Будзіловічам, Дзержаноўскім і Міткевічам прыбыў у маёнтак Літвінавічы Аршанскага павета, а затым — у маёнтак Зарубы каля Дуброўна.

Паводле распрацаванага плана, паўстанне павінна было пачацца ў Горках і распаўсюдзіцца на іншыя гарады Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Звяждоўскі разлічваў раптоўным начным нападам заняць горад, захапіць зброю з інстытуцкага арсенала і грошы з павятовага скарбу, далучыць да атрада новых добраахвотнікаў, а затым рушыць на поўдзень у бок Чавусаў і Крычава. Выступленне прызначылі на вечар 23 красавіка (5 мая).

Падрыхтоўка вялася ў строгай таямніцы: удзельнікі чысцілі зброю і рыхтавалі патроны. Каля трэцяй гадзіны дня 23 красавіка канспірацыя ледзь не была раскрыта праз няшчасны выпадак. Студэнты Антоні Грынкевіч-Мачульскі, Лапо і Ястрэмбскі рыхтавалі ў пакоі зброю. Грынкевіч-Мачульскі прыставіў пісталет да вуснаў і пачаў у яго дзьмуць, пасля чаго зброя нечакана стрэліла і куля прабіла яму галаву. Каб паліцыя не выявіла ў пакоі іншую зброю, параненага схавалі ў коўдры пад ложкам, а сляды крыві выцерлі. Увечары Ястрэмбскі прывёў яго да прытомнасці, пасля чаго Звяждоўскі распарадзіўся адправіць параненага ў бальніцу. Улады не даведаліся пра падрыхтоўку, і выступленне не было сарванаАпісанне здарэння змешчана ў лісце А. Ястрэмбскага да А. Грынкевіча-Мачульскага ад 15 кастрычніка 1902 года і ва ўспамінах Стэфана Кулешы: Stefan Kulesza. Gory-Goreckaja katastrofa // Russkaja starina. 1883. № 9. С. 613..

Сілы паўстанцаў

Пунктам збору паўстанцаў стала Шыманоўка за межамі горада. Каля дзясятай гадзіны вечара туды пачалі прыходзіць узброеныя студэнты інстытута, навучэнцы земляробчага вучылішча і курсаў таксатараў, а таксама прадстаўнікі дробнай шляхты з наваколля. У складзе атрада было каля 30 коннікаў і значная колькасць пехацінцаў.

Паводле архіўнага спіса, непасрэдна з горацкіх навучальных устаноў да паўстання далучыліся 59 чалавек, або каля 16 % усіх іх навучэнцаў таго часу.

Ацэнкі агульнай колькасці атрада адрозніваюцца. Стэфан Кулеша называў каля 150 чалавек, Зыгмунт Калюмна — каля 140, а Валерый Пшыбароўскі — да 250. Больш імавернай лічыцца колькасць каля 90—150 байцоў, узброеных пераважна паляўнічымі стрэльбамі і рэвальвераміZ. Kolumna. Pamiątka dla rodzin polskich. T. 1. W. Przyborowski. Dzieje 1863 r. T. 3. С. 61..

Захоп горада

Каля першай гадзіны ночы 24 красавіка (6 мая) атрад Звяждоўскага падышоў да Шыманоўкі, дзе яго сустрэлі ўдзельнікі горацкай арганізацыі. Паўстанцы рушылі да царквы на Слабадзе, дзе да іх далучылася група з Магілёва. На выездах з Горак былі пастаўлены вартавыя.

На Гасцінічнай плошчы Станіславу Віскоўскаму ўручылі пастанову ад 13 сакавіка 1863 года аб прызначэнні яго начальнікам Горы-Горак. Прызначэнне мела пераважна сімвалічны характар, бо паўстанцы не збіраліся заставацца ў горадзе надоўга.

Паводле розных звестак, атрад быў падзелены на чатыры або пяць груп, якія павінны былі адначасова заняць галоўныя адміністрацыйныя і вайсковыя аб’екты: інстытут, павятовае ўпраўленне і скарбоўню, кватэру начальніка ўнутранай аховы, цэйхгаўз, памяшканне каманды інвалідаў і драўляныя казармы.

Група, накіраваная да інстытута, не сустрэла супраціву. Каля павятовага ўпраўлення паўстанцы абяззброілі або забілі вартавых, захапілі касу, у якой знаходзілася каля 15 тысяч рублёў, і знішчылі афіцыйныя дакументы. У палон былі ўзяты начальнік каманды інвалідаў і двое афіцэраў, а іх зброя канфіскавана.

Найбольш жорсткае сутыкненне адбылося каля драўляных казарм, дзе знаходзілася каля 40 расійскіх салдат. Пасля стрэлу аднаго з вартавых пачалася перастрэлка. Войцех Дамарацкі кінуўся да казармы з ружжом, але быў заколаты багнетамі каля ўвахода. Паўстанцы прымусілі салдат адступіць у будынак, зачынілі дзверы і падпалілі казарму. Частка салдат працягвала страляць з падвала. У агні загінулі прынамсі чатыры вайскоўцы, а таксама згарэла цела Дамарацкага.

Ад страляніны і пажару прачнуліся жыхары горада. У цэрквах пачалі біць у званы, але паўстанцы спынілі трывогу папераджальнымі стрэламі. На працягу ночы яны ўзялі пад кантроль асноўныя аб’екты Горак.

Крыніцы падаюць розныя звесткі пра колькасць ахвяр. Паводле адных паведамленняў, загінулі ад чатырох да дзесяці расійскіх вайскоўцаў, паводле іншых — дванаццаць. Частку салдат узялі ў палон. Сярод паўстанцаў дакладна загінуў Войцех Дамарацкі; Сяргей Цытовіч называў таксама загінулым Пшыбылоўскага і параненымі Гісніцкага і ЧарвінскагаЦытовіч, С. Г. 1863 год у Горы-Горках быўш. Магілёўскай губ. (падзеі паўстаньня). Менск, 1929. 124 с. Адбітак з «Прац Клясы гісторыі Беларускае Акадэміі Навук». Т. 3.. Паводле Кулешы і Пшыбароўскага, загінулі каля дзесяці расійскіх салдат, а некалькі дзясяткаў трапілі ў палонЗвесткі пра страты бакоў грунтуюцца на рапартах і ўспамінах удзельнікаў і сведкаў, якія істотна адрозніваюцца паміж сабой..

У выніку пажару, паводле Цытовіча, згарэла больш за 60 дамоў. У горадзе былі таксама зафіксаваны выпадкі марадзёрства.

Улада паўстанцаў у Горках

Раніцай 24 красавіка (6 мая) ад імя Нацыянальнага ўрада быў зачытаны маніфест, які абвяшчаў асабістую свабоду сялян і перадачу ім зямлі. Каля сёмай гадзіны Звяждоўскі выступіў перад жыхарамі ў цэнтры горада, заклікаў сялян не плаціць падаткаў расійскаму ўраду і далучацца да паўстання. Падобны заклік быў агучаны на вучэбнай ферме інстытута. Частцы жыхароў, маёмасць якіх пацярпела ад пажару, выдалі матэрыяльную дапамогу.

Паведамленні пра захоп павятовага горада паўстанцамі з’явіліся ў еўрапейскай прэсе. Расійская адміністрацыя Магілёва і суседніх гарадоў пачала сцягваць войскі і артылерыю ў бок Оршы, чакаючы далейшага наступу атрада ЗвяждоўскагаW. Przyborowski. Powstanie styczniowe 1863—1864. Warszawa: Towarzystwo Wydawnicze. С. 154..

Перад будынкам інстытута адбылося развітанне з Войцехам Дамарацкім. Яго абгарэлыя астанкі загарнулі ў дыван, узяты з кватэры дырэктара інстытута, пранеслі праз шэрагі паўстанцаў і пахавалі ў бярозавым гаі пад салют са стрэльбаў. Каталіцкі пробашч ксёндз Манюшка адмовіўся ўдзельнічаць у жалобнай цырымоніі, асцерагаючыся пераследу з боку ўлад. Магіла Дамарацкага захавалася на тэрыторыі дэндрапарка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Дырэктар інстытута Рудольф Траўтфетэр, выконваючы патрабаванні паўстанцаў, загадаў выдаць ім харчаванне з дзяржаўных складоў. У двары інстытута атрад атрымаў ежу і віно са скляпоўУ Цэнтральным архіве ў Вільні захоўваўся рапарт дырэктара Р. Траўтфетэра ад 22 мая 1863 года з пералікам студэнтаў, заўважаных падчас захопу інстытута. Дакумент належаў да матэрыялаў Магілёўскай следчай камісіі..

Каля другой гадзіны дня паўстанцы пакінулі Горкі. Яны забралі зброю з інстытуцкага цэйхгаўза, правіянт, каля 60 коней і вазоў. Атрад рушыў уздоўж Проні ў бок Дрыбіна, дзе яго чакаў памешчык Антон Цеханавецкі — адзін з мясцовых прыхільнікаў паўстання, а затым — у напрамку Чавусаў і Крычава.

Далейшы лёс атрада

29 красавіка (11 мая) атрад быў акружаны расійскімі войскамі ў лясах пад Магілёвам. Частка паўстанцаў здалася і была дастаўлена ў магілёўскую турму. Іншыя ўдзельнікі працягнулі барацьбу ў складзе паўстанцкіх атрадаў або спрабавалі пакінуць межы Расійскай імперыі.

Рэпрэсіі і закрыццё інстытута

Пасля задушэння паўстання яго ўдзельнікі з ліку навучэнцаў і выкладчыкаў горацкіх навучальных устаноў былі прыцягнуты да следства і суда. Паводле Сяргея Цытовіча, адзін з іх быў пакараны смерцю, большасць асудзілі на высылку ў Сібір або на катаржныя работы тэрмінам ад чатырох да дваццаці гадоў. Аднаго ўдзельніка аштрафавалі, яшчэ аднаго аддалі пад нагляд паліцыі і на парукі. На судзе многія з абвінавачаных прызнавалі добраахвотны ўдзел у паўстанні і абаранялі яго мэты.

У 1864 годзе Горы-Горацкі земляробчы інстытут быў закрыты, а яго вышэйшае аддзяленне пераведзена ў Санкт-Пецярбург. Мясцовы каталіцкі касцёл таксама быў закрыты.

Крыніцы

Літаратура

Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Горацкага раёна. — Мінск: Вышэйшая школа, 1996. — 589 с. — ISBN 985-06-0180-9. Гейнрих А. Л. Горы-Горецкая катастрофа 22—23 апреля 1863 г. // Русская старина. — 1883. — Т. 39, № 9. — С. 608—624; Т. 40, № 11. — С. 406. Миловидов А. И. Участие молодежи Северо-Западного края в мятеже 1863 г. и вызванная им реформа местных учебных заведений: по архивным материалам. — Вильна: Типография «Русский почин», 1904. — 39 с. Цитович С. Г. Горы-Горецкий земледельческий институт (1836—1864). — Горки: Издательство Белорусской сельскохозяйственной академии, 1960. — 274 с. Цытовіч С. Г. 1863 год у Горы-Горках быўш. Магілёўскай губ. (падзеі паўстаньня). — Менск, 1929. — 124 с. — Адбітак з «Прац Клясы гісторыі Беларускае Акадэміі Навук». Т. 3.

Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў у Беларусі Катэгорыя:Бітвы паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Паўстанні ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Горак Катэгорыя:Канфлікты 1863 года Катэгорыя:Падзеі 6 мая Катэгорыя:Май 1863 года Катэгорыя:1863 год у Беларусі