Леон Індэнбаўм (; 10 снежня 1890, Чавусы альбо Чэрыкаў Магілёўскай губерні — 29 верасня 1981, Опіё, Францыя) — французскі мастак і скульптар.
Біяграфія Са шматдзетнай сям'і (меў чатырох братоў і сясцёр); выхоўваўся дзедам - майстрам-пераплётчыкам. Вучыўся ў хедэры (да 1902/1903). Мастацкую адукацыю атрымаў у рысавальных класах Віленскага мастацка-прамысловага таварыства імя Марка Антакольскага па спецыяльнасці «разьбяр па дрэве і чырванадрэўшчык-мебельшчык».
У Парыжы з 1911 года. Вучыўся скульптуры ў Арыстыда Маёля і Эміля Антуана Бурдэля, пад непасрэдным кіраўніцтвам якога пачынаючы мастак займаўся ў 1910-х гадах на працягу некалькіх гадоў у парыжскай прыватнай Акадэміі дэ ла Гранд Шом'ер. Пад уплывам Бурдэля Індэнбаўм адкрыў для сябе скульптуру грэцкай архаікі і старажытнаўсходніх цывілізацый, якія сталі крыніцай натхнення для цэлага шэрагу яго твораў – манументальных торсаў, партрэтных бюстаў і галоў, дэкаратыўных пано.
Пасяліўся ў «Вуллі» («La Ruche»), знакамітым доме-камуне, хутка ўвайшоў у мясцовую мастацкую супольнасць, зблізіўшыся з Оскарам Мяшчанінавым, Маркам Шагалам, Хаімам Суціным, Восіпам Любічам, Дыега Рывера і іншымі. У гэты перыяд ён стаў блізкім сябрам Амедэо Мадыльяні, вядома, што нейкі час мастакі працавалі ў адной майстэрні, а ў 1916 годзе Мадыльяні напісаў партрэт Індэнбаўма, які ў цяперашні час захоўваецца ў Музеі мастацтваў Прынстанскага ўніверсітэта.
Разам з некалькімі мастакамі яўрэйскага паходжання, якія жылі ў "Вуллі", браў удзел у заснаванні часопіса "Махмадзім", гэта быў першы часопіс, прысвечаны выключна яўрэйскаму мастацтву (выходзіў у 1911-12 гадах). Разам з Восіпым Цадкіным Індэнбаўм адстойваў погляд, што базісам для нацыянальнай яўрэйскай скульптуры павінен быць неа-архаізм, заснаваны на старажытнаегіпецкім і асірыйскім мастацтве.
Рэгулярна прадстаўляў свае творы на выставы ў салонах: салоне Незалежных (з 1912), Восеньскім салоне (з 1913) і салоне Цюільры.
У 1920–1930-х гадах мастак удзельнічаў у шматлікіх групавых выставах у Францыі і за яе межамі.
Падчас Другой сусветнай вайны ў гады нацысцкай акупацыі Парыжа Леў Індэнбаўм заставаўся ў Парыжы, хаваючы сваё яўрэйскае паходжанне.
Пасля заканчэння вайны мастак прыняў удзел у выставе, арганізаванай Камітэтам "Францыя-СССР" ("Выстава сучасных расійскіх жывапісцаў і скульптараў", Парыж, май-чэрвень 1945).
Шырокі паказ твораў мастака адбыўся на персанальных выставах, якія прайшлі ў парыжскіх галерэях "Bosc" (1946) і "Montmorency" (1960).
У 1960–1970-х гадах Леў Індэнбаўм працягваў актыўна працаваць і выстаўляцца. У 1968 годзе скульптура мастака рашэннем Інстытута Францыі была ўдастоена прэстыжнай узнагароды - прэміі Жоржа Вільдэнштэйна.
У карпаратыўнай калекцыі Белгазпромбанка захоўваюцца чатыры скульптуры Індэнбаума: "Партрэт Хаіма Суціна", "Селіна, жанчына ў стылі арт-дэко" (1917), "Бюст маладой дзяўчыны" (1930), "Аголены мужчына" (1936).
Спасылка
Катэгорыя:Парыжская школа Катэгорыя:Мастакі Францыі XX стагоддзя Катэгорыя:Скульптары паводле алфавіта Катэгорыя:Памерлі ў Францыі Катэгорыя:Памерлі ў 1981 годзе Катэгорыя:Памерлі 29 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў Чавусах Катэгорыя:Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікіданых Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1890 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 10 снежня