Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі () — рымска-каталіцкі храм у вёсцы Прыдруйск Краслаўскага краю Латвіі. Належыць да Рэзэкненска-Аглонскай дыяцэзіі Рыжскай метраполіі. Помнік архітэктуры і мастацтва Латвіі нацыянальнага значэння.

Гісторыя

Будаўніцтва першага драўлянага касцёла ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, узведзенага ў 1632 годзе, зафундаваў вялікі канцлер літоўскі Леў Сапега.

Аднак гэты касцёл згарэў, і таму ў 1759 годзе быў збудаваны сучасны мураваны касцёл у стылі віленскага барока з дзвюма вежамі. Сродкі на будаўніцтва былі атрыманы з фундушаў папярэдняга храма, а таксама дзякуючы намаганням пробашча-каноніка Карла Карпа.

Падчас Першай сусветнай вайны касцёл пацярпеў, але быў адноўлены ў пасляваенныя гады дзякуючы пробашчу Браніславу Стэфановічу, які ў 1936 годзе быў узнагароджаны ордэнам Трох Зорак.

Архітэктура

Касцёл знаходзіцца на беразе Дзвіны. Даўжыня будынка складае 34 метры, шырыня — 13 метраў, а вышыня — 13,5 метра. Вежы дасягаюць 27 метраў у вышыню, у іх знаходзяцца тры званы.

Найбуйнейшы звон важыць 24 пуды і мае надпіс: «Езус, Марыя, Юзаф, хай гучыць у нашых сэрцах». Ён быў падораны ў 1771 годзе пробашчам Карпам, адноўлены ў 1897 годзе і носіць імя Святога Яна Кантага. Другі звон быў адліты ў 1897 годзе, а трэці, самы малы, адліты яшчэ ў 1619 годзе.

Касцёльны двор абнесены мураванай агароджай з вялікімі брамамі, і разам з самім будынкам касцёла складае архітэктурны ансамбль рэспубліканскага значэнняKultūras pieminekļi www.kraslava.lv.

У чатырох кутах касцёльнага двара размешчаны круглыя мураваныя капліцы, што выкарыстоўваюцца падчас еўхарыстычных працэсій. На тэрыторыі касцёльнага саду знаходзяцца магілы пробашчаў Казіміра Канвалеўскага і Браніслава Стэфановіча.

Інтэр’ер

Касцёл аднанефны, перакрыты скляпеннямі. Падлога выкладзена цэментнай пліткай.

З левага боку прэзбітэрыя знаходзіцца прасторная сакрыстыя з літургічным начыннем і старажытнымі карцінамі. Тут захоўваюцца старыя царкоўныя рэчы — цыборый з надпісам «1646 год», пазалочаная манстранцыя, якая была адноўлена ў 1762 годзе, а таксама метрычныя кнігі, пачынаючы з 1783 года. У сцяне насупраць сакрыстыі зроблена ніша з лесвіцай, якая вядзе на амбон. У касцёле можна пабачыць шматлікія скульптуры, выкананыя ў XVIII стагоддзі ў тэхніцы стука18. gadsimta STUCCO telniecība Latgales baznīcās www.studija.lv.

У касцёле чатыры алтары, аздобленыя ў стылі ракако. Галоўны, або цэнтральны, — драўляны алтар, выкананы ў тэхніцы ілюзорнага жывапісу з абразом Унебаўзяцця Панны Марыі. На сцяне — фрэска з выявай Святой Тройцы. Над алтаром размешчаны драўляныя скульптуры Святога Казіміра і Святога Станіслава.

Абодва бакавыя алтары — мураваныя, з гіпсавымі скульптурамі: у правым бакавым алтары — скульптуры Святога Пятра і Святога Паўла, паміж якімі — скульптура Ісуса з Найсвяцейшым Сэрцам; у левым бакавым алтары — дзве статуі дамініканцаў і абраз Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Гэтыя тры алтары былі створаны ў трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя і з’яўляюцца помнікамі мастацтва рэспубліканскага значэння, як і амбон, зроблены ў пачатку XIX стагоддзяKultūras pieminekļi www.kraslava.lv. Пры ўваходзе, у нішы левай вежы, знаходзіцца алтар Святога Антонія. На прасторных хорах размяшчаецца вялікі арганSvilāns, J. Latvijas Romas katoļu baznīcas. Rīga: Rīgas Metropolijas kūrija, 1995. 151.-153.lpp..

Крыніцы

Спасылкі

Інфармацыя пра касцёл Фота-галерэя

Катэгорыя:Піедруя Катэгорыя:Касцёлы Латвіі Катэгорыя:1759 год у Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1759 годзе Катэгорыя:Збудаванні Латвіі ў стылі барока Катэгорыя:Віленскае барока