Вялікі Воз — штогадовая нефармальная сустрэча беларускіх навукоўцаў, якія жывуць і працуюць за межамі Беларусі. Праходзіць у павеце Пярнумаа (Эстонія) па ініцыятыве часопіса «Памылка».

Мерапрыемства аб’ядноўвае даследчыкаў у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных навук, а таксама папулярызатараў навукі і творцаў, што развіваюць беларускамоўную адукацыю і асвету.

Мэты і фармат Мерапрыемства накіравана на наладжванне прафесійных кантактаў, абмен вопытам, прэзентацыю навуковых дасягненняў і стварэнне новых міждысцыплінарных камандаў. Удзельнікамі становяцца беларускія даследчыкі (у тым ліку супрацоўнікі high-tech сектара і педагогі) розных этапаў акадэмічнай кар’еры — ад студэнтаў да прафесараў. Фармат спалучае элементы навуковай канферэнцыі з нефармальнымі дыскусіямі, майстар-класамі і групавымі абмеркаваннямі.

Арганізатары Арганізатарам з’яўляецца Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі (Friida Bell MTÜ) пры падтрымцы агенцтва «ESTDEV». Мэта арганізацыі — садзейнічаць развіццю беларускай культуры, адукацыі і грамадзянскіх ініцыятыў у Эстоніі, у тым ліку ў галіне навукі.

Гісторыя Свае мерапрыемствы арганізатары называюць «з’ездамі».

Першы з’езд Першы з’езд адбыўся 5—7 ліпеня 2024 года. Ён сабраў 13 удзельнікаў і стаў пляцоўкай для абмену навуковымі ідэямі і наладжвання кантактаў паміж даследчыкамі па-за межамі Беларусі. Падчас правядзення сустрэчы абмяркоўваліся развіццё беларускай акадэмічнай супольнасці за мяжой, ідэі стварэння прэміі «Бізон Гіґс», правядзення фестывалю навукі і стварэння беларускага STEM-універсітэта. Для мерапрыемства была выбрана назва «Вялікі Воз» — беларуская народная назва сузор’я Вялікай Мядзведзіцы. Гэтае сузор’е, па словах Зміцера Канановіча, аднаго з арганізатараў канферэнцыі, даследчыка з Талінскага тэхналагічнага ўніверсітэта, не знікае з неба паўночных краін і зіхаціць над Эстоніяй нават у светлыя летнія ночы, яго відаць як з балтыйскага ўзбярэжжа, так і паўсюль у Беларусі. Гэта натхніла супольнасць, «бо неба не мае межаў і належыць усёй чалавечай супольнасці».

Другі з’езд Другі з’езд прайшоў з 31 ліпеня да 3 жніўня 2025 года. У ім узялі ўдзел больш як дваццаць даследчыкаў з Польшчы, Швейцарыі, Германіі, Літвы, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Эстоніі. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін, уключаючы клеткавую біялогію, археалогію і археагенетыку, геноміку, астрафізіку, арганічную хімію, матэрыялазнаўства, сацыяльную экалогію, гуманітарныя і міждысцыплінарныя кірункі, а таксама папулярызатары навукі і творчыя асобы, якія займаюцца беларускамоўнай асветай. Праграма ўключала навуковыя даклады, тэматычныя дыскусіі і тэхнічныя майстар-класы, у тым ліку на адкрытым паветры. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся: праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія навукоўцы ў эміграцыі; перспектывы грамадзянскай навукі; метады эфектыўнага ўзаемадзеяння з медыямі; этыка ў навуковых даследаваннях; развіццё беларускамоўных STEM-праектаў. Па выніках мерапрыемства ўдзельнікі прынялі шэраг рашэнняў, скіраваных на развіццё беларускай навуковай супольнасці за мяжой і пашырэнне беларускамоўных адукацыйных рэсурсаў:

Штогод ладзіць «Вялікі Воз» як флагманскую імпрэзу супольнасці. Наступная сустрэча адбудзецца з 30 ліпеня да 2 жніўня 2026 года ў тым жа месцы ў Эстоніі, але ўжо ў адкрытым фармаце. Плануюць прыняць да 30 удзельнікаў. Рэгістрацыя будзе адкрытая за некалькі месяцаў і абвешчаная праз сацыяльныя сеткі. Развіваць сетку ўзаемадзеяння паміж беларускімі навукоўцамі: запрашаць навукоўцаў і тых, хто цікавіцца навукай і тэхналогіямі, далучацца да мерапрыемства. Плануецца пашыраць супольнасць праз адкрыты фармат, умацоўваць гарызантальныя сувязі, міждысцыплінарнасць і партнёрства з падобнымі ініцыятывамі. Запускаць і рэалізоўваць супольныя праекты, што пераносяць перадавыя навуковыя ідэі ў тэхналогіі, грамадскія ініцыятывы, адукацыю і культуру. Падтрымліваць асабістыя праекты ўдзельнікаў супольнасці ў справе папулярызацыі навуковых ведаў. Падтрымліваць беларускамоўнае навуковае асяроддзе, адкрытую камунікацыю і грамадзянскую навуку, робячы веды дасяжнымі для ўсіх. Даваць голас Беларусі ў міжнароднай навуковай прасторы і захоўваць/развіваць інтэлектуальны патэнцыял нацыі.

Трэці з'езд Трэці з’езд прайшоў з 30 ліпеня па 2 жніўня 2026 года. У ім прынялі ўдзел 17 прадстаўнікоў беларускай акадэмічнай супольнасці з Эстоніі, Фінляндыі, Літвы, Германіі, Польшчы і ЗША, якія за два дні прачыталі 12 дакладаў па астраноміі, біялогіі, хіміі, генетыцы, экалогіі, сацыяльных і гуманітарных навуках. Асобныя сесіі былі прысвечаны выкарыстанню штучнага інтэлекту ў навуцы і адукацыі, сучасным біятэхналогіям, энергетычнай бяспецы і праблеме змянення клімату. Удзельнікі абмеркавалі планы далейшага развіцця ініцыятывы, у тым ліку правядзенне навуковага фестывалю і развіццё народнай навуковай прэміі «Бізон Гіґс».

Гл. таксама Памылка (часопіс) Беларускі навуковы хакатон Навуковы рынг

Спасылкі

Cтаронка «Вялікага Возу» у Linkedin Фотаздымкі канферэнцыі 2025 года на Wikimedia Commons Фотаздымкі канферэнцыі 2026 года на Wikimedia Commons

Галерэя фота

Зноскі

Катэгорыя:Канферэнцыі Катэгорыя:Мерапрыемствы Катэгорыя:Беларусы ў Эстоніі Катэгорыя:Навуковая супольнасць Катэгорыя:Грамадзянская навука Катэгорыя:Папулярызацыя навукі