«Аэрафлот — расійскія авіялініі» () — расійская дзяржаўна-прыватная авіякампанія, утвораная з аднаго з дзяржаўных сацыялістычных прадпрыемстваў, які ўваходзіў у склад савецкага «Аэрафлота» і ажыццяўляў палёты і камерцыйную дзейнасць на міжнародных паветраных лініях, а таксама завалодаў правамі на аднайменную гандлёвую марку.
Поўнае найменне — публічнае акцыянернае таварыства «Аэрафлот — расійскія авіялініі»; скарочанае — ПАТ «Аэрафлот».
Выконвае ўнутраныя і міжнародныя рэйсы з маскоўскага аэрапорта Шарамецьева і аэрапорта Краснаярск.
З красавіка 2006 года ўваходзіў у склад авіяцыйнага альянсу SkyTeam, з 30 красавіка 2022 года сяброўства часова прыпынена. Таксама разам з даччынымі авіякампаніямі «Расія» і «Перамога» ўтварае авіяцыйны холдынг Група «Аэрафлот», які ўваходзіць у лік дваццаці вядучых авіяперавозчыкаў свету па пасажыраплыні.
З прычыны ўварвання Расіі ва Украіну і ўведзеных у адказ санкцый авіякампанія з 8 сакавіка 2022 г. не выконвае шэраг міжнародных рэйсаў «у сувязі з узнікненнем дадатковых абставінаў, якія перашкаджаюць выкананню палётаў».