Зоя Вацлаваўна Кулеша (нар. , Маркаўцы, Шчучынскі раён) — беларуская спецыялістка ў галіне гігіены і эпідэміялогіі, дзяржаўны службовец. Кандыдат медыцынскіх навук.
Біяграфія Нарадзілася 8 сакавіка 1971 года ў вёсцы Маркаўцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1997 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Медыка-прафілактычная справа». Кандыдат медыцынскіх навук.
З 2005 года працавала галоўным дзяржаўным санітарным урачом горада Гродна і Гродзенскага раёна, галоўным урачом Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
У красавіку 2013 года прызначана намесніцай старшыні Гродзенскага гарвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і ідэалогіі.
15 сакавіка 2017 года запрашала ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў» прайсці ў актавую залу ў Гродне. 9 мая 2018 года правяла прафілактычную гутарку з актывісткай руху «Маці 328», якая абвясціла галадоўку.
Паводле інфармацыі інфармацыйна-расследвальніцкага партала LukaZone 17 жніўня 2020 года спрабавала спыніць акцыю пратэсту праз ілжывыя абяцанні і паведамленне звестак, што не адпавядалі сапраўднасці, 21 жніўня адмяніла дазвол на правядзенне мірных мітынгаў на плошчы Леніна і вуліцы Савецкай у Гродне. Паводле сведчанняў, дапамагала скіроўваць даносы на актыўных грамадзян, каб іх звольнілі з працы. Абразліва выказвалася ў адрас мірных грамадзян. Брала ўдзел у рэпрэсіях супраць Гродзенскага дзіцячага хоспіса.
У красавіку 2024 года была выбрана дэлегаткай на Усебеларускі народны сход 7-га склікання ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
14 жніўня 2025 года прызначана кіраўніцай адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна.
Крыніцы
Катэгорыя:Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу 7-га склікання