Шклоўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей — комплексны гісторыка-краязнаўчы музей у горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. Размешчаны па адрасе вуліца Савецкая, 69.
Музей адкрыты для наведвальнікаў штодня, праводзяцца экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі.
Музей падпарадкаваны аддзелу культуры Шклоўскага райвыканкама. У склад раённага гісторыка-краязнаўчага музея ўваходзяць два філіялы: Дом-музей Пятра Алейнікава ў вёсцы Крывель і музей працоўнай і баявой славы «Сельгастэхніка» ў Шклове.
Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Гісторыка-краязнаўчыя музеі Беларусі Катэгорыя:Культура Шклова
Гісторыя Музей Заснаваны 27 чэрвеня 1990 года паводле рашэння № 6 Шклоўскага райвыканкама. Станам на 2001 год асноўны фонд музея налічваў 1016 прадметаў. Агульная плошча будынка складала 226,3 м², з іх 170 м² займала экспазіцыйна-выставачная, а 25,2 м² — плошча пад захаванне фондаў.
Афіцыйнае адкрыццё адбылося толькі 1 верасня 2007 года.
Экспазіцыя музея Пастаянная экспазіцыя «Шклоўшчына з найстаражытнейшых часоў да сучаснасці» мае 7 раздзелаў:
«Найстаражытнейшая гісторыя Шклоўшчыны»
«Сярэднявечная гісторыя горада». У раздзеле адлюстраваныя адметнасці, якія меў Шклоў, на працягу сваёй гісторыі ён тройчы змяняў месцазнаходжанне, на кожным этапе свайго развіцця меў.
«Эпоха Зорыча ў Шклове»
«Шклоўскае мястэчка ў XIX стагоддзі»
«Шклоўшчына ў перыяд войнаў і ліхалеццяў пачатку XX стагоддзя»
«Вялікая Айчынная вайна»
зала пасляваеннай і сучаснай гісторыі Шклоўшчыны.
У экспазіцыі прадстаўлена матэрыяльная культура і гаспадарчая дзейнасць насельніцтва Шклоўшчыны. Выкарыстоўваюцца такія музейныя формы, як макеты, дыярамы, інсталяцыі. Экспазіцыйныя раздзелы суправаджаюцца падрабязнымі дакументамі і фотаздымкамі, асабістымі рэчамі і іншымі прадметамі.
Найстаражытнейшы і ўнікальны экспанат — зуб маманта (150 тыс. гадоў). Больш за 200 каштоўных прадметаў упрыгожваюць раздзел сярэднявечнай гісторыі. Сярод іх — нацельны крыжык XI ст., медальён XII ст., манеты XII—XIII стст., упрыгажэнні XI—XII стст., керамічныя вырабы XIV—XVII стст. Асобна вылучаецца калекцыя бязменаў, глінянага посуду, прадметаў працы і «мяккай этнаграфіі».
У вітрынах і на подыумах можна ўбачыць сімвалы савецкай эпохі, на стэндах — фотаздымкі вядомых землякоў: герояў Сацыялістычнай працы, артыстаў, палітычных дзеячаў, паэтаў і пісьменнікаў, педагогаў, вайскоўцаў і вучоных. Завяршаюць экспазіцыю матэрыялы па найноўшай гісторыі Шклова.
Фонды музея Фонды складаюцца з 15 калекцый. Кожная з іх уключае як тыпавыя, так і ўнікальныя прадметы. Найбольш значная — археалагічная калекцыя.
Сярод унікальных экспанатаў: зуб маманта (150—120 тыс. гадоў да н. э.), фібула (Х ст.), падвеска-амулет у выглядзе коніка (XI—XII стст.), літы нацельны крыж (XII ст.), энкалпіён (XII—XIII стст.), гаршковая кафля з клеймам герба Полацкай зямлі «Дзіўны звер» (XVI ст.), медальён са святымі (XVII ст.) і іншыя.
Ёсць вялікая калекцыі баністыкі, нумізматыкі, фалерыстыкі. Сабрана калекцыя дакументаў 1918 г., надрукаваных на паперы фабрыкі «Спартак» у тыпаграфіі КЛАЗа.
Таксама прадстаўлена вялікая калекцыя фотадакументаў: фотаздымкі з салона Снытко (канец XIX — пачатак XX стст.), а таксама фота з асабістага архіва кінаакцёра П. М. Алейнікава.
Навуковая і астветніцкая дзейнасць Музей даследуе гісторыю Шклоўшчыны ад старажытных часоў (археалогія) да сучаснасці. Асаблівая ўвага надаецца перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Археалагічныя калекцыі, якія налічваюць тысячы адзінак, дазваляюць рэканструяваць замкавую культуру Шклова XVI—XVII стст., ганчарную вытворчасць з эпохі Кіеўскай Русі і пазней.
Даследуюцца старонкі гісторыі яўрэйскай культуры Шклова XVIII—XIX стст., падзеі Першай сусветнай вайны, савецкі перыяд. Дзякуючы пошукаваму атраду «Мемарыял» па-новаму вывучаюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны (Дняпроўскі рубеж 1941 г., акупацыя, партызанскі рух).
Музей займаецца даследаваннем матэрыяльнай і духоўнай культуры рэгіёна, арганізуе і выдае матэрыялы навукова-практычных канферэнцый і семінараў, а таксама ўдзельнічае ў міжнародных і абласных сустрэчах. Традыцыйна ў музеі праводзяцца раённыя краязнаўчыя чытанні імя М. Ф. Ільюшэнкі, семінары і практыкумы.
Праводзяцца інтэрактыўныя музейныя заняткі для дзяцей: «Па слядах маманта», «Масленіца», «Светлае свята Калядаў», «Вітаем у музеі!», «У свеце грошай», «Эпоха Зорыча ў Шклове», «Сем шклоўскіх цудаў» і іншыя. Штогод для школьнікаў праводзяцца тэматычныя інтэлектуальныя гульні «Разумнікі і разумніцы: шклоўскі варыянт». Штогод 12 ліпеня у філіяле «Дом-музей П. Алейнікава» ў в. Крывель адзначаецца свята святых Пятра і Паўла.
На базе музея дзейнічаюць: Беларускае добраахвотнае грамадскае аб’яднанне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Шклоўшчыны; пошукавы атрад «Мемарыял»; навукова-творчае аб’яднанне «Ведай і любі свой край».
Крыніцы
Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Гісторыка-краязнаўчыя музеі Беларусі Катэгорыя:Культура Шклова Літаратура
Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Гісторыка-краязнаўчыя музеі Беларусі Катэгорыя:Культура Шклова Катэгорыя:1990 год у Беларусі