«I Call Your Name» — песня гурта The Beatles. Напісана ў асноўным Джонам Ленанам, аўтарства ўказана як Ленан — Мак-Картні.

Стварэнне, запіс і выпуск песні Ленан напісаў песню да пачатку існавання гурта, які, у рэшце рэшт, назваўся The Beatles. У 1980 годзе ў інтэрв'ю Дэвіду Шыфу Ленан успамінаў: «Гэта мая песня, напісаная, калі яшчэ не было ніякіх Beatles, ніякага гурта. Я яе проста прыдумаў. Гэта мая спроба сачыніць нешта ў стылі блюзу; а „брыдж“ (middle eight) для яе напісаны быў, ужо калі планавалася ўключыць яе ў альбом на некалькі гадоў пазней. Першая частка была напісана яшчэ да Гамбурга. Гэта адна з маіх першых спроб напісаць песню». (). Час стварэння асноўнай часткі песні датуецца прыблізна сакавіком ці красавіком 1957 года, калі ў Джона Ленана з'явілася яго першая гітара, да ці падчас стварэння яго першага гурта The Quarrymen.

У 1963 годзе Ленан аддаў песню Білі Дж. Крамеру (), які выступаў з гуртом The Dakotas — яшчэ адным гуртом з Ліверпуля, які падпісаў кантракт з лэйблам Parlophone і працаваў над запісамі з Джорджам Марцінам. Крамер выпусціў песню на баку «Б» сінгла, дзе на баку «А» была выпушчана яшчэ адна песня аўтарства Ленана і Мак-Картні — «Bad to Me».

Ленану не спадабалася аранжыроўка, якую запісалі The Dakotas; таксама ён не быў задаволены тым, што песню змясцілі на менш «прэстыжны» бок «Б» сінгла. Такім чынам, 1 сакавіка 1964 года The Beatles запісалі сваю версію песні. На запісе Джордж Харысан граў на 12-струннай электрагітары Rickenbacker 360/12; гэта быў першы запіс, дзе ў далейшым знакамітая мадэль гітары гучала ўпершыню ў свеце.

Ёсць некалькі адрозненняў паміж монафанічным і стэрэафанічным міксамі песні ў запісе The Beatles: крыху адрозніваюцца уступныя гітарныя рыфы, а таксама на мона-міксе каўбел уступае раней, чым на стэрэа-міксе.

Песня ўпершыню была выдадзена ў ЗША лэйблам Capitol Records на альбоме The Beatles' Second Album (выпушчаны 10 красавіка 1964 года), крыху пазней — у Вялікабрытаніі на міні-альбоме Long Tall Sally (выпушчаны 19 чэрвеня 1964 года). Песня ўвайшла таксама ў выдадзены ў 1988 годзе зборнік Past Masters.

«Брыдж» () у песні з'яўляецца першай спробай The Beatles напісаць музыку ў стылі «ска».

Планавалася ўключыць песню ў саўндтрэк фільма A Hard Day’s Night, але рэжысёр фільма Рычард Лестэр прыбраў яе адтуль.

Склад удзельнікаў запісу Джон Ленан — вакал, рытм-гітара Пол Мак-Картні — бас-гітара Джордж Харысан — сола-гітара Рынга Стар — барабаны, каўбел Джордж Марцін — прадзюсар запісу Норман Сміт — гукарэжысёр

Кавер-версіі The Mamas & The Papas запісалі кавер-версію песні ў 1966 годзе для свайго дэбютнага альбома If You Can Believe Your Eyes and Ears. Песня ў гэтым запісе заканчваецца фразай «I call your name… ye-ah!» (пераймае шырока вядомае «бітлоўскае» «Yeah, yeah, yeah» з песні «She Loves You»). Рынга Стар у 1990 годзе запісаў версію песні для тэлевізійнага шоў, прысвечанага 10-м угодкам смерці Джона Ленана, а таксама 50-годдзю нараджэння Джона. У запісе, спрадзюсіраваным Джэфам Лінам, удзельнічаў «супергурт», у які ўвайшлі Джэф Лін, Том Пеці, Джо Уолш і Джым Келтнэр.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:The Beatles