«Ганаровы будаўнік» — нагрудны знак Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2007 года № 377.

Статут Нагрудным знакам узнагароджваюцца работнікі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, іншых дзяржаўных органаў, падпарадкаваных яму арганізацый, а таксама будаўнічых арганізацый і індывідуальныя прадпрымальнікі за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і высокія дасягненні ў працы пры стажы ў будаўнічай сферы не менш за 10 гадоў.

У асобных выпадках узнагародай могуць быць адзначаныя іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы будаўніцтва.

Рашэнне аб узнагароджанні прымаецца загадам Міністра архітэктуры і будаўніцтва. Узнагароджанне адбываецца ва ўрачыстай абстаноўцы.

Нагрудны знак размяшчаецца на правым баку грудзей пасля ордэнаў і медалёў. Пры здзяйсненні наўмыснага злачынства або дысцыплінарнай правіны асоба можа быць пазбаўлена ўзнагароды загадам Міністра. Запісы пра ўзнагароджанне і пазбаўленне заносяцца ў працоўную кніжку. Паўторнае ўзнагароджанне не прадугледжана, дублікаты пры страце не выдаюцца.

Апісанне Нагрудны знак складаецца з двух элементаў. Асноўны — ромб з металу белага колеру памерам 33 × 33 мм з блакітным фонам і рэльефным надпісам «ГАНАРОВЫ БУДАЎНІК» уверсе. Злева размешчана лаўровая галіна, у цэнтры — два будаўнічыя краны як сімвал сучаснага будаўніцтва. Правая ніжняя частка пераходзіць у выяву ліста паперы, на якім замацаваны накладны элемент — выява Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выкананая з металу жоўтага колеру.

Знак мацуецца пры дапамозе вушка і кольца да калодкі ў выглядзе рэльефнай стужкі памерам 23 × 11 мм з металу белага колеру. На адваротным баку змяшчаецца рэльефны надпіс «МІНІСТЭРСТВА АРХІТЭКТУРЫ І БУДАЎНІЦТВА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» і пазнака «№», пад якой гравіруецца парадкавы нумар узнагароды.

Крыніцы

Катэгорыя:Нагрудныя знакі Беларусі Катэгорыя:Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2007 годзе Катэгорыя:2007 год у Беларусі