Emigrate — індастрыял-метал гурт, створаны ў 2005 годзе гітарыстам Rammstein Рыхардам Круспе ў якасці пабочнага праекта. Гурт быў створаны ў Нью-Ёрку, а пазней пераехаў у Берлін. Яны выпусцілі чатыры студыйныя альбомы. Emigrate — студыйны гурт, таму ніколі не выступаў ужывую.
Гісторыя
Утварэнне і дэбютны альбом (2000–2010) Падчас запісу трэцяга студыйнага альбома Rammstein пад назвай Mutter у 2000 годзе напружанасць і расчараванне ў гурце прывялі Рыхарда Круспе да ідэі стварыць пабочны праект, дзе ён мог бы ажыццяўляць поўны творчы кантроль. Круспе пераехаў з Берліна ў Нью-Ёрк у 2001 годзе і афіцыйна стварыў Emigrate ў 2005 годзе, падчас перапынку ў Rammstein. Гітарыст пачаў пісаць песні са сваёй тагачаснай жонкай, Кэран Бэрнштайн, і далучыў гітарыста і прадзюсара Олсена Інвальціні, басіста Арно Жыру і барабаншчыка Clawfinger Хенку Ёхансана да запісу свайго аднайменнага дэбютнага альбома. У верасні 2006 года ў інтэрнэце былі даступныя сэмплы песень «My World», «Babe» і «Temptation» з будучага альбома гурта. 27 ліпеня 2007 года Круспе з'явіўся ў радыёшоу вакаліста Iron Maiden Бруса Дыкінсана на BBC, каб рэкламаваць іх дэбютны альбом. Альбом Emigrate выйшаў 31 жніўня 2007 года. Яго прадзюсарам стаў даўні супрацоўнік Rammstein Якаб Хелнер. Пазней сінгл «My World» быў уключаны ў саўндтрэк да фільма Resident Evil: Extinction, а ў відэакліпе на песню былі прапанаваны кадры з фільма. Відэакліп «My World» быў уключаны ў пашыранае выданне альбома. Сінгл «New York City» выйшаў у кастрычніку 2007 года. Круспе зрабіў перапынак у працы гурта Emigrate пасля таго, як у 2007 годзе Rammstein вырашылі ўз'яднацца і пачаць працу над сваім новым студыйным альбомам. Апошні сінгл з дэбютнага альбома «Emigrate» пад назвай «Temptation» выйшаў у сакавіку 2008 года. Наступныя тры гады Круспе цалкам прысвяціў сябе працы ў Rammstein.
Silent So Long і A Million Degrees (2011–2019) У 2011 годзе Круспе вярнуўся ў Берлін. У чэрвені таго ж года Джо Лец, які зняўся ў відэа гурта на песню «My World» у якасці барабаншчыка, абвясціў у сацыяльных сетках, што Круспе працуе над новым альбомам. У снежні 2012 года на старонцы Emigrate ў Facebook было апублікавана паведамленне аб тым, што на наступны месяц запланаваны студыйныя сесіі для запісу другога альбома без назвы. У студзені 2013 года Круспе заявіў у сацыяльных сетках, што для новага альбома вядзецца звядзенне барабанаў. У студзені 2014 года Круспе абвясціў, што для альбома запісана дваццаць трэкаў, і што звядзенне будзе праводзіцца ў Лос-Анджэлесе разам з Бэнам Гросам, а рэліз запланаваны на лета 2014 года. 7 сакавіка 2014 года Круспе абвясціў аб завяршэнні працы над другім альбомам гурта. 22 ліпеня 2014 года на афіцыйнай старонцы Emigrate ў Facebook быў апублікаваны трэйлер новага альбома Emigrate пад назвай «Silent So Long» і афіцыйнай датай выхаду 17 кастрычніка 2014 года. Silent So Long выйшаў 14 лістапада (у Еўропе) і 9 снежня (у ЗША) 2014 года, у запісі удзельнічалі Міка Сірэн у якасці новага бубнача гурта, а таксама запрошаныя вакалісты Лемі, Мэрылін Мэнсан, Джонатан Дэвіс і Peaches. Silent So Long стаў лепшым рок-альбомам года па версіі анлайн-часопіса Loudwire.
26 ліпеня 2018 года на афіцыйнай старонцы гурта ў Facebook было апублікавана паведамленне аб хуткіх здымках новага музычнага відэакліпа з гасцямі Бенджамінам Кавалевічам і Іэнам Д'Са з Billy Talent. Музычны кліп на сінгл «1234» быў выпушчаны 18 кастрычніка. Трэці альбом Emigrate, A Million Degrees, выйшаў 30 лістапада 2018 года, у ім у якасці запрошаных вакалістаў прынялі ўдзел Кавалевіч, Ціль Ліндэман і Кардынал Копія, а таксама Скай ван Хоф у якасці прадзюсара і інструменталіста. У інтэрв'ю Круспе распавёў, што быў вымушаны перазапісаць альбом пасля паводкі ў яго студыі, якая знішчыла яго жорсткія дыскі ў 2016 годзе. Кліпы на сінглы з альбома «You Are So Beautiful» і «War» былі выпушчаны 30 лістапада 2018 года і 5 сакавіка 2019 года адпаведна.
The Persistence of Memory (2020 – цяперашні час) Пасля стадыённага тура Rammstein у 2019 годзе і падчас пандэміі COVID-19 Круспе пачаў працу над чацвёртым студыйным альбомам Emigrate, у які ўвайшлі песні, напісаныя і запісаныя да выхаду дэбютнага альбома гурта. Альбом The Persistence of Memory выйшаў 12 лістапада 2021 года, а прадзюсарамі выступілі Круспе, ван Хоф і Олсен Інвальціні.
Удзельнікі
Дзеючыя ўдзельнікі
Рыхард Круспе — сола-гітара, вакал, клавішныя, электроніка (2005–цяперашні час) Арно Жыру — бас-гітара, бэк-вакал (2005–цяперашні час) Міка Сірэн — барабаны (2013—цяпер) Скай ван Хоф — бас-гітара, сінтэзатар (2018–цяперашні час)
Былыя ўдзельнікі
Хенка Ёхансан — ударныя (2005–2008) і ў альбоме The Persistence of Memory (2021) Олсен Інвальціні — рытм-гітара, бэк-вакал (2005–2018)
Дыскаграфія
Emigrate (2007) Silent So Long (2014) A Million Degrees (2018) The Persistence of a Memory (2021)
Зноскі
Знешнія спасылкі
Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2005 годзе Катэгорыя:Гурты альтэрнатыўнага метала ЗША Катэгорыя:Rammstein Катэгорыя:Гурты альтэрнатыўнага рока ЗША Катэгорыя:Гурты індастрыял-метала