Вераніка Остэн-Сакен () — землеўласніца, арыстакратка з роду Остэн-Сакенаў.

Біяграфія Дачка ўладальніка Гайцюнішак барона Караля Остэн-Сакена і Алены з Путкамераў, нарадзілася каля 1800 года. Была стрыечнай сястрой Ваўжынца Путкамера з Бальценікаў.

У маладосці жыла ў Вільні. Сучаснікі захапляліся яе красой. Антон Адынец пісаў, што яна па прыгажосці, гумары і манерах, як дзве кроплі вады была падобная да вобраза Дыяны Вернон з аповесці Вальтэра Скота «Роб Рой».

Прыхільнікам яе быў сусед, удзельнік напалеонаўскіх войн Адам Рымша гербу «Газдава». Бацькі дзяўчыны не далі дазволу на шлюб, і Адам у роспачы ажаніўся з іншай, але працягваў патаемна падтрымліваць адносіны з Веранікай.

Адам Рымша быў арыштаваны ў 1833 годзе па абвінавачанні ў дачыненні да паўстання 1831 года. Даказаць яго дачыненне да справы не атрымалася, але рашэннем віленскага генерал-­губернатара ён быў высланы на пасяленне ў Вяцкую губерню. Туды ў 1835 годзе прыехала да яго Вераніка Остэн-­Сакен, дзе маладыя былі павянчаныя ссыльным ксяндзом Шыманам Гілеўскім без дазволу ўладаў. Гэта выклікала скандал і асуджэнне з боку грамадства. Бацькі баранесы ўжо памерлі і не маглі ёй перашкодзіць, але яе апякун Ваўжынец Путкамер выказваў сваё абурэнне з гэтай нагоды.

У 1837 годзе Адам Рымша быў памілаваны і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. Пасля атрымання звестак аб смерці жонкі Адама яны ўзялі шлюб. Вераніка ўнесла маёнтак Гайцюнішкі (у тым ліку Падварышкі, Подзегуці, Лоўцы, Варнакелі, Забалаць, Лянцішкі, Беняконцы — разам 3300 дзесяцінамі зямлі і 426 душ) у пасаг свайму мужу.

У 1843 годзе газета «Кур’ер Варшаўскі» паведаміла: «10 ліпеня ў Вільні закончыла дні свайго жыцця Вераніка з баронаў Сакенаў Рымшына, пакінуўшы ў няўцешнай жалобе мужа і некалькі малых дзяцей».

Партрэт Веранікі Рымшы, які знаходзіўся ў Падварышках, загінуў падчас Другой сусветнай вайны, але засталіся яго копіі.

Спасылкі pawet.net

Вераніка