Бой пад Уладыкамі — бітва паміж паўстанцкім атрадам Вінцэнта Козел-Паклеўскага і рэгулярнымі сіламі Расійскай імперыі пад час Паўстання Каліноўскага на тэрыторыі Вілейшчыны.
Перадгісторыя У студзені 1863 г. былы штабс-капітан царскай арміі Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў прызначаны камандуючым усімі паўстанскімі падраздзяленнямі ў Вілейскім павеце. Аднак, толькі 20 красавіка (2 мая) 1863 года, у маёнтку Сэрвач ім быў арганізаваны атрад паўстанцаў колькасцю каля 70 чалавек. Днём, 25 красавіка (7 мая), на рацэ Дзвінаса, ў ваколіцах аднайменнага сяла, атрад Козел-Паклеўскага злучыўся з паўстанцкім атрадам пад кіраўніцтвам былога штабс-капітана царскай арміі Мельхіёра Чыжыка (78 паўстанцаў), да іх далучыўся атрад з 40 чалавек пад кіраўніцтвам В. Сухоцкага. У выніку колькасць атрада склала 190 чалавек. Аб’яднаны атрад спыніўся на адпачынак ў маёнтку Дзвінасы.
Па даносе жыхара вёскі Пагост Івана Ваўка, рэгулярныя сілы Расійскай імперыі атакавалі інсургентаў 27 красавіка (9 мая) сіламі 2 пяхотных рот. Пасля перастрэлкі, якая цягнулася гадзіну, адступілі. +Страты бакоў (27 красавіка (9 мая) 1863 г.)ПаўстанцыРэгулярныя сілы (Расійская імперыя)2 забітых1 забіты, 1 паранены
Пасля перастрэлкі да атрада Козел-Паклеўскага далучыліся рэшткі атрада Юліяна Бакшанскага, які быў разбіты 23 сакавіка (4 красавіка) каля вёскі Свечкі. Пасля гэтага, Вінцэнтам Козел-Паклеўскім было прынята рашэнне рухацца на злучэнне з атрадам Баляслава Свентаржэцкага, які дзейнічаў на тэрыторыі Ігуменскага павета, Мінскай губерніі.
На шляху паўстанцы сталі наведваць вёскі з мэтай агітацыі і вярбоўкі сялян у атрад. Адзначаецца беспаспяховасць заклікаў і далучэнне да атрада толькі некалькіх чалавек. У вёсцы Пагост паўстанцы схапілі царскага даносчыка Івана Ваўка і некалькі дзён вазілі яго з сабой з дэманстрацыяй апошняга як здрадніка.
Раніцай 9 (21) мая паўстанцы (200—300 чалавек) увайшлі ў мястэчка Даўгінава, пасля чаго зачыталі жыхарам маніфест Літоўскага правінцыйнага камітэту на базарнай плошчы і заклікалі насельніцтва падтрымаць паўстанне.
Без поспеху, пасля ўгавораў мясцовага ксяндза па прозвішчы Лодзь паўстанцы пакінулі мястэчка. На наступны дзень паўстанцы спалілі будынак сельскай управы адной з вёсак і, па выніку палявога суда, павесілі Івана Ваўка, пасля чаго накіраваліся ў бок вёскі Завішына. Актыўнасць атрада прыцягнула ўвагу расійскіх рэгулярных сілаў.
У адказ на дзеянні паўстанцаў у ноч з 11 (23) мая з Мінску выступілі 3 і 5 стралковыя роты Вялікалуцкага пяхотнага палка пад камандаваннем маёра Кавалеўскага. Тым жа вечарам гэтыя сілы злучыліся пад Лагойскам з 13-й ротай Крэменчугскага рэзэрвовага пяхотнага палка, з якой прыбылі ў вёску Завішына на світанку 13 (25) мая, не заспеўшы паўстанцаў. Пасля да аб’яднаных рэгулярных сіл далучылася 15-я рота Крэменчугскага палка пад кіраўніцтвам палкоўніка А. А. Гала. Вечарам 13 (25) мая з Вілейкі на пошукі паўстанцаў выступіла 5-я рота Навагерманландскага палка. Даведаўшыся ад сялян, што паўстанцы сыйшлі ў напрамку Стакіябадоўскай пушчы, рушылі па іх слядам у вёску Зацем’е 14 (26) мая. Не атрымаўшы ад сялян дакладных звестак пра паўстанцаў, 5-я рота Навагерманландскага палка правяла беспаспяховыя пошукі паўстанцаў у цяжкапраходнай Стакіябадоўскай пушчы.
Скончыўшы пошукі 15 (27) мая, рэгулярныя сілы рушылі да вёскі Уладыкі, вызначыўшы ваколіцы гэтай вёскі як месца верагоднай дыслакацыі паўстанцаў. Па загадзе палкоўніка Гала 5-я рота Новагерманладскага палка, пакінуўшы абозы, рушыла ў паўночную частку пушчы пад кіраўніцтвам штабс-капітана Андрэя Волкава. Сам палкоўнік Гал разам з 3-й і 5-й ротамі Вялікалуцкага палка выправіўся ў яе паўночную частку, дзе па сведчаннях сялян, павінен быў знаходзіцца лагер паўстанцаў. Праз некалькі гадзін на шляху палкоўніка Гала трапіўся селянін з вёскі Ўладыкі. Па яго сведчаннях паўстанцы перайшлі ў брод раку Ілія і занялі ўмацаваныя пазіцыі на яе левым беразе.
Бой Праз некалькі гадзін 3-я рота Вялікалуцкага палка пад кіраўніцтвам паручніка Варанкова праз балота выйшла да вёскі Ўладыкі, каля якой натыкнулася на невялікую групу паўстанцаў, якія адразу адкрылі агонь, пасля чаго адступілі ў лес. Па загадзе паручніка Варанкова рота пачала пераслед паўстанцаў. Ужо ў лесе рускія салдаты натыкнуліся на ўзмоцненную пазіцыю, з якой паўстанцы адкрылі агонь, падпусціўшы салдат на дыстанцыю 50 крокаў. У выніку перастрэлкі рускія панеслі страты, а сам паручнік Варанкоў быў паранены.
Кіраўніцтва ротай прыняў на сябе паручнік Антонаў, які аддаў загад роте ўзброіцца штыкамі і перайсці на бег. Адначасова з гэтым з фланга на лагер паўстанцаў выйшла 5-я рота Вялікалуцкага палка пад кіраўніцтвам штабс-капітана Міллаўра, якая адразу ж далучылася да перастрэлкі. Нягледзячы на паўакружэнне, паўстанцы працягвалі супраціў, паступова адыходзячы да ракі. Праз тры гадзіны бою частка паўстанцаў, заўважыўшы, што атрад прыціснуты да ракі, пачала хаатычна адступаць, у тым ліку і праз раку, пад шчыльным агнём салдат. Паступова атрад неарганізавана пачаў пераход на супрацьлеглы бок ракі з мэтай адыходу ў лес.
Невялікая частка атрада паўстанцаў здолела пераплыць раку і паспяхова адысці да вёскі Княгінін. Пасля прыбыцця 5-й роты Новаінгерманландскага палка на месца бою, апошняя пачала пераслед паўстанцаў. Згубіўшы іх сляды, рота вярнулася на месца сваёй дыслакацыі.
Наступствы У выніку трохгадзіннага бою атрад Козел-Паклеўскага фактычна перастаў існаваць. Па польскіх ацэнках, з 190 байцоў атрада, 58, у тым ліку і Вінцэнт Козел-Паклеўскі, палеглі пад час бою. 25 трапіла ў палон, каля 50 чалавек патанула пры спробах пераплыць раку пад агнём рускіх. Ацалела 54 паўстанца, якія пад камандаваннем М. Чыжыка здолелі адступіць ў Княгінін, і пасля адпачынку рушылі ў Ігуменскі павет, дзе далучыліся да атрада Станіслава Ляскоўскага, з якім працягнулі ўдзел у інсургенцыі да канца восені 1863 года.
Па рускіх ацэнках, у выніку боя паўстанцы страцілі каля 80-110 чалавек забітымі і каля 50 чалавек патанулі у рацэ. 13-25 паўстанцаў трапілі ў палон, 5 з іх параненымі. Згодна з рапартам палкоўніка Шала, паўстанцы былі ўзброены: +ЗброяСтрэльбы65Пісталеты і рэвальверы21Халодная зброя12
Разам з тым, трафеямі рэгулярных сіл рускай арміі сталі 10 каней.
Страты рускіх сіл, па ацэнцы Гала: 10 забітых, 38 забітых, у тым ліку і 2 афіцэра.
Згодна з больш познім рапартам палкоўніка Рэйнхарда, штабнога афіцэра мінскай жандармерыі, паўстанцы ў баю пад Уладыкамі страцілі каля 170 чалавек забітымі, 13 палоннымі, а рускія сілы страцілі 7 чалавек забітымі і 33 параненымі.
Згодна з Кароткай гісторыяй 12-га Пяхотнага Вялікалуцкага палка, апошні страціў 10 чалавек забітымі, у тым ліку і 2 афіцэра, 4 памерлі ад ран, 29 параненых, з якіх 1 афіцэр (паручнік Варанкоў), 2 унтер-афіцэра і 26 ніжніх чыноў.
Усе палеглыя паўстанцы былі пахаваныя ў брацкай магіле каля вёскі Уладыкі на наступны дзень. У гісторыю паўстання ўвайшлі словы камандзіра атрада Вінцэнта Козел-Паклеўскага, якія датуюцца перыядам гэтай бітвы: «Не мы, дык нашы косці здабудуць свабоду».
Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Май 1863 года Катэгорыя:Паўстанне 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Вілейскі павет (Расійская імперыя) Катэгорыя:Бітвы ў Беларусі