Алеся Вячаславаўна Гаўрыленка () — беларуская мадэль. Займаецца мадэльнай дзейнасцю з 14 гадоў. Супрацоўнічала з Dior, Louis Vuitton, Versace, Comme des Garçons і Tiffany.
Біяграфія Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Стрэшын у Жлобінскім раёне. У 13 год вучылася ў стрэшынскай школе, дзе ў класе было ўсяго 11 вучняў. У гэты час выпадкова ўбачыла ў Instagram аб’яву «Хто хоча стаць мадэллю — пішыце» і адгукнулася, даслаўшы фатаграфіі. Пасля водгуку яе запрасілі на прагляд у Мінск, а потым прапанавалі кантракт з міжнародным мадэльным агенцтвам. Спачатку бацькі не хацелі адпускаць дачку на здымкі, баючыся, што гэта можа быць небяспечным. Бацька асабіста наведаў офіс агенцтва ў Мінску, пасля чаго Алеся падпісала трохгадовы кантракт.
У 14 гадоў адправілася ў сваю першую службовую паездку — у Паўднёвую Карэю, дзе ўдзельнічала ў здымках рэкламы вясельных упрыгожванняў для Tiffany & Co.. Пасля вяртання ў Беларусь паспяхова скончыла дзявяты клас і працягнула навучанне. На першыя ганарары са здымак у 14 гадоў купіла бацькам карову. Пасля заканчэння школы паступіла на юрыдычны факультэт Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА». На момант 2025 года вывучала міжнароднае права, а таксама англійскую і французскую мовы.
Кар’ера Прафесійную мадэльную дзейнасць вядзе з 14 гадоў. За гэты час мела магчымаць супрацоўнічаць з брэндамі Dior, Louis Vuitton, Versace, Comme des Garçons, Tiffany і іншымі. Удзельнічала ў фотасесіях і паказах у Паўднёвай Карэі, Кітаі, Японіі, Тайвані і Тайландзе. У Японіі здымалась для часопіса парыкоў, у Кітаі удзельнічала ў здымках у вобразе «марской німфы». Сярэдні заробак складаў каля 100 долараў за гадзіну, пры гэтым значная частка даходаў ішла на аплату пералётаў, жылля і камісіі агенцтва.
Асабістае жыццё Маці — Галіна Мар’янаўна, займаецца дамовай гаспадаркай. Бацька — Вячаслаў Іванавіч, на момант 2025 года працаваў на Беларускім металургічным заводзе. Мае сястру і двух братоў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Фотамадэлі Беларусі