Абрам Давыдавіч Кіржніц (15 жніўня 1887, Бабруйск, Мінская губерня — 1940, Масква) — бібліёграф, гісторык, журналістВ. А. Герасимова // «План Киржница»: проект по переселению евреев в Сибирь в период Гражданской войны, Judaic-Slavic Journal, № 1 (5) /2021, стр. 233—261. Д.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і дробнага рамесніка. Скончыў 4 класы Бабруйскага гарадскога вучылішча. Выключаны з гандлёвай школы ў Беластоку за рэвалюцыйную дзейнасць. З 1906 года публікаваўся ў рускамоўнай і яўрэйскай прэсе. Стаў членам бібліятэчнай камісіі таварыства «Хэўрэ мефіцэ гасколэ» і з таго часу засяродзіў увагу на бібліяграфіі яўрэйскага друку. У 1911 удзельнік Першага ўсерасійскага з’езда па бібліятэчнай справе. Два гады жыў у Пецярбургу. У 1915 годзе за актыўны ўдзел у дзейнасці Бунда быў высланы ў Сібір, у ссылцы працягваў журналісцкую дзейнасць і апублікаваў статыстычны агляд аб мясцовым друку.
Пасля рэвалюцыі арганізаваў і ўзначаліў іркуцкае аддзяленне Бунда, а таксама стварыў выдавецтва «Яўрэйская свабодная думка» і спрабаваў выпускаць першую ў Сібіры газету бундаўскага кірунку «Водгукі Бунда». У 1919 годзе для амерыканскай арганізацыі дапамогі габрэям «Джойнт» распрацаваў план па ажыццяўленні масавага перасялення яўрэяў у Сібір, які быў вядомы савецкім уладам, але ў той час не быў рэалізаваны. У 1920 годзе пераехаў у Чыту, удзельнічаў у распрацоўцы заканадаўства Далёкаўсходняй рэспублікі, якое датычылася этнічных меншасцей. У 1922 годзе жыў у Харбіне, дэпартаваны ў канцы года.
Ён першы напісаў на ідышы кнігу па бібліятэчнай справе: «Штогоднік для яўрэйскіх бібліятэк на 1914 год», якую выдаў Клецкін у тым самым годзе. Ён заснаваў і рэдагаваў цэлы рад выданняў: гарадскую штотыднёвую газету «Бобройскер вохенблат» разам з М. Элькіным, газету «Бобройскер шэйгец» (ці «Югач», 1912), святочную анталогію (1913), часопіс «Дэр ідышэр бібліётэкар», які спыніўся пасля 1 нумару з-за пачатку вайны. нядоўгі час — менскі «Вэкер», затым газету «Дэр вайтэр мізрах» («Далёкі Усход», 1922), якая стала першым выданнем на ідышы ў гісторыі Сібіры і Кітая.
У 1924 годзе пераехаў у Маскву, рэдагаваў часопіс «Маскоўскі пралетар», выкладаў у камуністычным універсітэце народаў Захаду. З 1925 года супрацоўнічаў з вядомым яўрэйскім перыядычным выданнем «Дэр эмес» («Праўда»), быў карэспандэнтам газеты ў Бірабіджане, падтрымліваў і прасоўваў ідэю перасялення яўрэяў-працоўных на Далёкі Усход. Быў адным з кіраўнікоў перасяленчай арганізацыі АЗЕТ.
Узначальваў бібліяграфічную секцыю Таварыства па вывучэнні Урала, Сібіры і Далёкага Усхода, удзельнічаў у падрыхтоўцы «Советской сибирской энциклопедии».
У пачатку 1938 года быў арыштаваны па справе пра «продаж Далёкага Усходу японцам» і два гады ўтрымліваўся ў Бутырцы. У 1940 годзе быў вызвалены, але неўзабаве памёр.
Даследаваў гісторыю Бунда, яўрэйскага рабочага руху і друку, рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі.
Сям’я
Жонка — Любоў Саламонаўна Бейліна (1897, Рагачоў — 1977, Масква). Была дочкай фалькларыста і рабіна ў Іркуцку Саламона Бейліна. Сын — доктар фізіка-матэматычных навук Давыд Абрамавіч Кіржніц (аўтар артыкула пра бацьку ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»).
Выбраныя публікацыі
Книжное дело и периодическая печать в Сибири (1916); У порога Китая (М., 1924); В годы империалистической войны. Очерк рабочего движения России (М., 1924); Ленский расстрел (М., 1925); Яўрэйскі пэрыодычны друк у С. С. С. Р. (1917—1927) (Мн., 1928); Еврейская пресса в Белоруссии (Мн., 1929); Еврейская печать в бывшей Российской империи (М., 1930); Октябрьские дни в Белоруссии // Пролетарская революция. 1927. № 12. Сто дней советской власти в Белоруссии (12 ноября 1917 г. — 19 февраля 1918 г.) // Пролетарская революция. 1928. № 3. У няволі буржуазнага нацыяналізму // Бальшавік Беларусі. 1928. № 3.
Крыніцы
Спасылкі Kirzhnits, Avrom
Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Члены Бунда Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Гісторыкі СССР Катэгорыя:Журналісты СССР Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі