Сямён Якаўлевіч Разенбаум (рус. Семён Яковлевич Розенбаум, літ. Simonas Rozenbaumas; ) — беларускі і літоўскі палітычны і грамадскі дзеяч яўрэйскага паходжання.

Біяграфія Пачатковую адукацыю атрымаў у яўрэйскіх рэлігійных школах, у тым ліку, вучыўся ў Валожынскім ешыбоце. У 1883 годзе здаў экзамены на атрыманне атэстата сталасці ў Чарнаўцах і ў тым жа годзе паступіў на юрыдычны факультэт Наварасійскага ўніверсітэта, які скончыў у 1887 годзе са званнем кандыдат права.

У 1887—1889 жыў і служыў прысяжным павераным у Пінску. Чытаў лекцыі па яўрэйскай гісторыі і літаратуры, па палітычнай эканоміі. У 1890 годзе пераяжджае ў Менск, туды ж пераходзіць ягоная адвакацкая практыка. Працаваў над упарадкаваннем статута Яўрэйскага каланіяльнага банка. Як узгадваў Цві Прылуцкі, "у Мінску ён стаў першарадным адвакатам, шанаваным у судовых колах"Cwi Pryłucki. Wspomnienia (1905–1939), Centralna Biblioteka Judaistyczna, S. 156.

Сіянізм Яшчэ ў гады свайго студэнцтва, пачынаючы з 1885 г., далучыўся да руху "Хавевей Цыён". З узнікненнем палітычнага сіянізму ён стаў адным з самых актыўных яго дзеячоў, а пазней і лідэраў сіянісцкага руху ў Расіі.

Аж да 1914 года ўдзельнік усіх Сусветных сіянісцкіх кангрэсаў. У 1897 быў абраны на Першы сіянісцкі кангрэс у Базелі як прадстаўнік ад Мінска, у 1900 годзе на 4-м сіянісцкім кангрэсе абраны членам Выканаўчага камітэта Сусветнай сіянісцкай арганізацыі і яго ўпаўнаважаным па цэнтральнай Беларусі.

У 1902 годзе Розэнбаўм арганізаваў 2-і з'езд расейскіх сіяністаў у Менску, для гэтага дабіўся дазволу ад расійскага міністэрства ўнутраных спраў.

У ліку першых звярнуў увагу на ролю працоўнага класа ў сіянісцкім руху. Спрыяў стварэнню першых груп "Паалей-Цыён" у Мінску і Мінскай губерні. Выступаў супраць планаў яўрэйскай каланізацыі Уганды. Горача прамаўляў супраць планаў тэрытарыялістаў. У адной з прамоў у Краўцовай сінагозе на вуліцы Ятка ён выказаўся ў падтрымку Яўрэйскага нацыянальнага фонду (утворанага ў 1901 г. для збору сродкаў на куплю ў Палестыне землі для яўрэйскіх пасяленцаў) і тлумачыў, як нават небагатыя яўрэі могуць уносіць сродкі на куплю зямлі ў Палестыне: Калі кожны яўрэй укладзе столькі ж, колькі траціць на тытунь; калі кожная яўрэйка ўкладзе тое, што транжырыць на пёры для капялюшыкаў; калі кожны вернік укладзе тое, што расходуе на ўпрыгожанне талеса [малітоўнага ўбору]... на гэтыя мільёны рублёў можна будзе скупіць усю палестынскую зямлюБемпорад Элисса. Стать советским евреем: большевистский эксперимент в Минске. — Москва: Росспэн, 2017. — С. 39..

У 1906 годзе на 3-й Усерасійскай канферэнцыі сіяністаў у Гельсінгфорсе быў абраны ў члены Цэнтральнага камітэта (ЦК) Усерасійскай сіянісцкай арганізацыі.

Дэпутат Дзяржаўнай думы 14 красавіка 1906 абраны ў 1-ю Дзяржаўную думу ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Член партыі кадэтаў. У Думе уваходзіў адпаведна ў Канстытуцыйна-дэмакратычную фракцыю. Член камісій: аб даследаванні незаконных дзеянняў службовых асоб, для разбору карэспандэнцыі. Падпісаў законапраекты: "Аб грамадзянскай роўнасці", "Аб недатыкальнасці членаў Дзяржаўнай Думы". Выступаў у ходзе спрэчак па законапраектах: "Аб недатыкальнасці асобы", "Аб адмене смяротнага пакарання".

10 ліпеня 1906 года ў г. Выбарзе падпісаў «Выбаргскі заклік». За падпісанне звароту асуджаны па арт. 129, ч. 1, п. п. 51 і 3 Крымінальнага Улажэння, прыгавораны да 3 месяцаў турмы і пазбаўлены выбарчых правоў.

Сувязі з краёўцамі і беларускім рухам У 1915 годзе пераехаў з Мінска ў Вільню.

19 снежня 1915 г. члены літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый заснавалі Канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, у апублікаваным універсале заяўлялася, што яе асноўная мэта, каб «літоўскія і беларускія землі, каторыя здаўна прыналежалі да Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер апанаваны нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гістарычных нераздзельнае цела на фундаменце незалежнасці Літвы і Беларусі, як суцэльнай дзяржавы, засцерагаючы ўсім нацыям у яе межах усе правы». Адзін з дакументаў канфедэрацыі пад назвай «Грамадзяне» падпісалі тагачасныя актывісты літоўскага і беларускага нацыянальных рухаў і яўрэйскія дзеячы дэмакратычнай арыентацыі: Юргіс Шаўліс, Ёнас Віляйшыс, Аўгусцінас Янулайціс, Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Дамінік Сямашка, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Заштаўт, Цемах Шабад і Сямён РазенбаумPukszto Andrzej. Między stołecznością a partykularyzmem : wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915-1920. Toruń 2006. S. 23..

Браў удзел у складзе дэлегацыі, накіраванай Радай БНР 20 кастрычніка 1918 года да канцлера Германіі Максімільяна князя Бадэнскага, якой даручалася дабіцца ад новага ўрада Германіі афіцыйнага прызнання незалежнасці Беларусі і дазволу "даць магчымасць Беларускаму Ураду здзейсьніць прыналежныя яму функцыі дзяржаўнага будаўніцтва і ўпраўленьня, а разам з гэтым оганізаваць аружную сілу дзеля самаабароны". Кіраваў дэлегацыяй Раман Скірмунт, у склад уваходзілі Язэп Лёсік, Канстанцін Савіч, Іван Луцкевіч і Сямён Разенбаум. Аднак канцлер Германіі не захацеў прыняць гэту дэлегацыюМіхалюк Дарота. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск: ІнБелКульт, 2015. — С. 288..

Палітычная дзейнасць у Літве У 1915–1919 гадах узначальваў яўрэйскую сіянісцкую арганізацыю ў Вільні.

У снежні 1915 года быў створаны Камітэт дапамогі ахвярам вайны, каб кансалідаваць намаганні яўрэйскай супольнасці Вільні ў сферы дабрачыннасці, Разенбаум быў абраны віцэ-прэзідэнтам гэтай арганізацыіPukszto Andrzej. Między stołecznością a partykularyzmem : wielonarodowościowe społeczeństwo Wilna w latach 1915-1920. Toruń 2006. S. 106..

Падтрымаў утварэнне незалежнай Літвы, на сіянісцкай канферэнцыі ў Вільні ў 1918 годзе ён заявіў:Яўрэі павінны падтрымліваць літоўцаў і інтарэсы незалежнай Літвы, бо толькі тады ў іх будзе магчымасць свабодна развівацца... Беларускія інтарэсы таксама павінны быць абаронены, бо літоўскія яўрэі не павінны быць падзеленыя, і сам тэрмін «Літва» ахоплівае большыя тэрыторыі, чым этнічныя землі літоўцаў.З 11 снежня 1918 года быў абраны ў Дзяржаўную раду Літвы .

З 1918 г. 11 снежня. Член Дзяржаўнай рады Літвы . 1919—1924 гг. Старшыня Літоўскай яўрэйскай рады . У 1919 г. віцэ-міністр замежных спраў першага ўрада Літвы, у 1919 г. удзельнічаў у Парыжскай мірнай канферэнцыі ў складзе літоўскай дэлегацыі.

15 мая 1920 г. — 13 лістапада 1922 г. Дэпутат Устаноўчага сейма, абраны па II (Каўнаскай) выбарчай акрузе. Належаў да яўрэйскай фракцыі. У 1920 г. вызначыўся ўдзелам у перамовах па мірнай дамове паміж Літвой і Савецкай Расіяй. 5 чэрвеня 1923 г. — 20 лютага 1925 г. Дэпутат Другога сейма . 29 чэрвеня 1923 г. — 12 лютага 1924 г. Міністр без партфеля па яўрэйскіх справах у IX кабінеце Э. Галванаўскаса, выйшаў са складу ўрада ў сувязі з адсутнасцю перспектыў дасягнення нацыянальнай аўтаноміі для яўрэяў Літвы і ў сувязі з паніжэннем на пасадзе.

У 1924 годзе перасяліўся ў Палесціну, дзе быў абраны старшынёй Сусветнага яўрэйскага суда вышэйшай інстанцыі. З 1927 года ганаровы консул Літвы, а з 1929 года - генеральны консул у Тэль-Авіве. У тым жа 1929 годзе, калі яму споўнілася семдзесят гадоў, прэзідэнт Літвы ўзнагародзіў яго ордэнам вялікага князя літоўскага Гедзіміна. Розенбаўм удзельнічаў у арганізацыі юрыдычных і эканамічных факультэтаў Тэль-Авіўскага універсітэта.

У 1932 годзе манаграфія «Ідэі суверэнітэту» (Der Souveränitätsbegriff: ein Versuch seiner Revision) была апублікавана ў Цюрыху на нямецкай мове. Яго пяру належыць шэраг артыкулаў і эсэ па праблемах юрыспрудэнцыі і сіянісцкага руху. Яго працы па пытаннях права публікаваліся ў часопісе «Працэс» (іўрыт: «המשפט», часопіс аб тэорыі і практыцы юрыспрудэнцыі), пад рэдакцыяй С. Айзенштадта.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Дыпламаты Літвы Катэгорыя:Члены Сейма Літвы (1920—1940) Катэгорыя:Дэпутаты Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі