Іван Навасельскі (другая палова XVI стагоддзя, Львоў — да 4 жніўня 1622, Брэст) — мастак-іканапісец, прадстаўнік пакалення «львоўскіх мастакоў 1590-х гадоў», працяглы час жыў і працаваў у Берасці.
Сям’я Сын святара з Кракаўскага прадмесця Львова Івана Навасельскага (памёр да лістапада 1611 года).
Маці — Маланка (Малахна) Герасімаўна, у дзявоцтве Фацык (памерла ў час эпідэміі чумы 1623 года ў Львове).
Браты Раман і Фёдар — мастакі, разам з імі Іван фігуруе ў спісе львоўскіх пазацэхавых мастакоў 1600 года. Меў таксама брата Васіля і сястру Кацярыну.
Біяграфія Працаваў у Берасці ў пачатку ХVII стагоддзя.
Пасля смерці бацькі да яго ў Берасце пераехала маці. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове захаваўся спіс сямейных рэчаў, якія маці, ад’язджаючы, пакінула на захаванне іншаму сыну, брату Івана. Сярод іх згадваюцца іконы з Грэцыі (найранейшая згадка сярод жыхароў Львова), пяць карцін на палатне, скрынка з пустымі мастакоўскімі гаршчэчкамі, «скрынка з партэсамі», якая сведчыць пра цікавасць сям’і да музыкі.
Мастакоўскай працай у Берасці львоўскі майстар зарабіў грошы на дом на Святаюраўскай гары ў Львове. Той дом Іван Навасельскі, паміраючы ад працяглай хваробы, завяшчаў маці. Захаваўся суправаджальны ліст для Малахны Герасімаўны, складзены берасцейскім бурмістрам і раднымі, калі яна ад’язджала ў Львоў. У дакуменце зазначана: «Жывучы ў нас час немалы ў Берасці слаўны Іван Навасельскі, мастак, родам са Львова, які, жывучы тут з намі, ва ўсіх учынках сваіх паводзіў сябе пачціва, як і належыць добраму чалавеку».
Выпадак Івана Навасельскага сведчыць пра шырокія мастакоўскія кантакты Львоўшчыны і Валыні, Падляшша, Палесся (аб’яднанай Уладзімірскай і Берасцейскай епархіі).
Зноскі
Катэгорыя:Іканапісцы Беларусі Катэгорыя:Іканапісцы Украіны Катэгорыя:Мастакі XVI стагоддзя Катэгорыя:Постаці Брэста Катэгорыя:Постаці Львова