Гара Садом (, Jabal(u) ’ssudūm; , Har Sedom) — горны масіў, які працягнуўся ўздоўж паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Мёртвага мора ў Ізраілі. Характэрны тым, што амаль цалкам складаецца з каменнай солі. Мае прыкладна 8 км даўжыні, 5 км шырыні, дасягае 226 м вышыні над узроўнем Мёртвага мора і 170 м ніжэй за ўзровень мора. З-за выветрывання ад асноўнага масіва часам адлучаюцца значныя часткі. Адна з такіх асобна стаячых калон здаўна завецца «Жонка Лота», нагадваючы пра апісаныя ў Бібліі разбурэнні Садома і Гаморы.

Галоўнай славутасцю гары Садом з’яўляюцца саляныя пячоры. Сярод іх найбольш вядомыя пячоры Каланеля, Аруватаім, Малхам і іншыя. У пячорах сустракаюцца саляныя сталактыты і сталагміты, скамянелае багавінне, рыбы, чарапахі і змеі. Цэнтральная частка кожнай пячоры — конусападобная студня, якая ўтварылася ў выніку вымывання саляной пароды. Вышыня конусу пячоры Каланеля перавышае 80 м. Пячора Малхам — найбольш працяглая; агульная даўжыня яе складае 5447 м. Амаль ідэальнай формы конус у пячоры Садом, якая завецца таксама пячорай Лота. Гэтая пячора, якая знаходзіцца на 199-м кіламетры ізраільскай шашы 90, наведваецца часцей за іншыя з прычыны яе лёгкадаступнасці. Аднак большасць пячор гары Садом цяпер зачынена для наведванняў з-за небяспекі абвалаў.

Крыніцы

Катэгорыя:Сухія вобласці ніжэй узроўня мора Катэгорыя:Горы Ізраіля