Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў у Беларусі — сукупнасць грамадска-палітычных падзей, якія разгортваліся на тэрыторыі Беларусі са студзеня 1905 да чэрвеня 1907 года, і былі часткай рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расійскай імперыі.
Прычыны рэвалюцыі Рэвалюцыя 1905—1907 гг. была выклікана цэлым комплексам грамадскіх супярэчнасцяў, якія былі агульнымі для ўсёй Расійскай імперыі. З другога боку, на тэрыторыі Беларусі меліся спецыфічныя асаблівасці, якія садзейнічалі развіццю рэвалюцыйных працэсаў.
Агульныя супярэчнасці
Супярэчнасць паміж грамадствам і ўладнымі структурамі Пасля аграрнай рэформы 1861 г. і шэрагу іншых грамадскіх рэформ 1860-1870-х гг. у Расійскай імперыі паскорылася сацыяльная і эканамічная мадэрнізацыя, якая адлюстроўвалася ў працэсах індустрыялізацыі, урбанізацыі, фарміравання новых сацыяльных класаў індустрыяльнага грамадства, развіцця пісьменнасці. Разам з тым дадзеныя працэсы адбываліся вельмі нераўнамерна (існаваў вялізны дысбаланс паміж перадавымі галінамі цяжкай прамысловасці і адсталай сельскай гаспадаркай), па важнейшых паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійская імперыя істотна адставала ад краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Стратэгія царскага рэжыму, які абапіраўся перадусім на прывілеяваных дваран-землеўладальнікаў заключалася ў тым, каб выкарыстаць некаторыя элементы мадэрнізацыі для ўмацавання знешне- і ўнутрыпалітычных пазіцый Расійскай імперыі, але з захаваннем абсалютнай манархіі і архаічнага саслоўнага падзелу грамадства. Станаўленне элементаў грамадзянскай супольнасці ў выніку мадэрнізацыі (стварэнне грамадскіх арганізацый у эканамічнай і культурнай сферах, узнікненне элементаў сістэмы мясцовага і гарадскога самакіравання, фарміраванне рабочага руху)Сакалова М. Общественные объединения и движения в Беларуси в конце XVIII — начале ХХ вв.: проблемы становления гражданского общества. — Минск, 2002. — С. 61-97. патрабавала дэмакратызацыі састарэлай сацыяльна-палітычнай сістэмыПервая русская революция: взгляд через столетие / редколл.: С. В. Тютюткин и др. — Москва: Памятники исторической мысли, 2005. — С. 23-30..
Супярэчнасць у сферы аграрных адносін Нягледзячы на працэсы мадэрнізацыі, 86,6 % насельніцтва імперыі жыло ў вёсцыПервая русская революция: взгляд через столетие / редколл.: С. В. Тютюткин и др. — Москва: Памятники исторической мысли, 2005. — С. 53. (на тэрыторыі Беларусі 89,9 % паводле перапісу 1897 г.Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 227—228.), а аграрны сектар эканомікі даваў больш за палову валавага ўнутранага прадукта. У размеркаванні зямельнай уласнасці існавалі вялікія дыспрапорцыі. Узровень канцэнтрацыі зямельнай уласнасці ў Расійскай імперыі быў адным з самых вялікіх у свеце; пры гэтым тэрыторыя сучаснай Беларусі займала па гэтаму паказчыку першае месца ў еўрапейскай частцы Расійскай імперыі. На 1905 г. ва ўласнасці памешчыкаў знаходзілася 47,3 % прыдатнай зямлі на землях Беларусі; у сярэднім на адзін памешчыцкі двор прыпадала тут каля 1 тыс. дзесяцін зямлі, пры гэтым 36 % памешчыцкіх зямель належалі буйнешым землеўладальнікам, кожны з якіх валодаў больш за 10 тыс. дзесяцін зямлі. З другога боку, сярэдняя колькасць надзельнай зямлі ў разліку на сялянскі двор складала 10,2 дзесяціныГісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 195—196.. У выніку дэмаграфічнага росту (за другую палову ХІХ ст. насельніцтва Беларусі ўзрасло на 93,5 %Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 227.) і падзелаў зямлі няўхільна ўзрастала малазямелле сялянства (удзельная вага сялянскіх гаспадарак у Беларусі, што мелі менш за 15 дзесяцін на двор, у 1877—1905 гг. скарацілася з 60 % да 82,5 %Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 301.), якое не мог кампенсаваць адток некаторай часткі сельскага насельніцтва ў сферу прамысловасці. У выніку малазямелля большая частка сялянства вяла паўнатуральную гаспадарку, не мела значных сувязяў з рынкам, знаходзілася ў розных формах паўфеадальнай залежнасці ад памешчыкаў (арэнда зямлі, адпрацоўкі і г.д.). Да таго становішча сялянства характарызавалі прыніжаны саслоўна-прававы статус, прымацаванне да абшчыны, шматлікія дзяржаўныя павіннасці, поўная залежнасць ад мясцовай бюракратыі, асабліва земскіх начальнікаўПервая русская революция: взгляд через столетие / редколл.: С. В. Тютюткин и др. — Москва: Памятники исторической мысли, 2005. — С. 30-35.. Усё гэта дэманстравала супярэчнасць паміж буйнымі землеўладальнікамі-памешчыкамі і, як правіла, звязанымі з імі мясцовымі чыноўнікамі, з аднаго боку, і сялянамі, з другога, а таксама супярэчнасць паміж патрэбамі інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі ва ўмовах мадэрнізацыі і павольнасцю гэтага працэсу ва ўмовах існуючых аграрных адносін.
Супярэчнасць паміж імперскай палітыкай царызму і фарміраваннем асобных нацыянальных рухаў у Расійскай імперыі З канца ХІХ ст. ва ўрадавай палітыцы ўзмацнілася тэндэнцыя да ўніфікацыі і русіфікацыі розных тэрыторый імперыі. Шэраг народаў падвяргаліся розным формам прававой і культурнай дыскрымінацыі. Асабліва моцныя дыскрымінацыйныя меры дзейнічалі ў адносінах яўрэяў (мяжа яўрэйскай аселасці): яўрэяў за рэдкімі выключэннямі не бралі на дзяржаўную службу, яны амаль не мелі прадстаўніцтва ў гарадскіх думах, існавалі працэнтныя квоты на прыём яўрэяў у дзяржаўныя навучальныя ўстановы і г.д. Беларусы і ўкраінцы афіцыйна не прызнаваліся асобнымі народаміГісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 302—303.. Адначасова ва ўмовах мадэрнізацыі адбываецца фарміраванне нацыянальных рухаў у розных рэгіёнах Расійскай імперыі, якія выступалі з патрабаваннямі грамадзянскага раўнапраўя, незалежна ад нацыянальнасці, або нацыянальнага самавызначэння ў форме аўтаноміі ці стварэння самастойнай дзяржавы. Найбольш моцныя нацыянальныя рухі паўсталі ў Польшчы, Фінляндыі, Літве, Латвіі, Грузіі, Арменіі. Сфарміраваўся ўплывовы яўрэйскі рух у абарону сваіх нацыянальных правоўПервая русская революция: взгляд через столетие / редколл.: С. В. Тютюткин и др. — Москва: Памятники исторической мысли, 2005. — С. 104—121.. Дзейнасць гэтых рухаў уступала ў супярэчнасць з палітыкай царызму, што станавілася падставай для шматлікіх канфліктаў.
Супярэчнасць паміж рабочымі і наймальнікамі працоўнай сілы Індустрыялізацыя і ўрбанізацыя прывялі да фарміравання рабочага класа (як новага класа індустрыяльнага грамадства). Так, на тэрыторыі Беларусі агульная колькасць пастаянных наёмных рабочых на мяжы ХІХ-ХХ стст. склала звыш 460 тыс. чалавекГісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 211—212.. Першапачаткова працоўныя адносіны не рэгуляваліся ніякімі прававымі актамі. Адпаведна становішча большай часткі рабочых характарызавалі адсутнасць працоўных гарантый, вялікая працягласць працоўнага дня, самавольства адміністрацыі прадпрыемстваў пры выплаце заробкаў, адсутнасць тэхнікі належнай бяспекі і санітарна-гігіенічных норм на вытворчасці. Да таго ж адсутнічала сістэма сацыяльнага страхавання. Рэакцыяй на гэта стала развіццё рабочага руху: рабочыя, нягледзячы на адміністрацыйныя забароны, стваралі касы ўзаемадапамогі як зародкі прафсаюзаў, арганізоўвалі стачкі і забастоўкі. У 1882—1897 гг. царскія ўлады прынялі шэраг прававых актаў, якія заклалі асновы працоўнага заканадаўства: забарона працы дзяцей да 12 гадоў, некаторыя абмежаванні ў выкарыстанні працы жанчын і падлеткаў, абмежаванне працоўнага дня 11,5 гадзінамі, стварэнне фабрычнай інспекцыі за кантролем над выкананнем працоўных норм. Тым не менш гэтыя меры мелі недастатковы характар і да таго ж не закраналі вялікую частку рабочых дробных прадпрыемстваў. Гэта ў сваю чаргу стымулявала далейшае развіццё рабочага руху і канфліктаў на працоўнай глебе.
Спецыфічныя асаблівасці на тэрыторыі Беларусі 1) Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. у Заходнім краі быў устаноўлены рэжым выключных законаў, які прадугледжваў дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні асоб польскага паходжання і каталіцкага веравызнання. «Асобы польскага паходжання» згодна з законам 1865 г. забаранялася набываць зямельную маёмасць, акрамя як па спадчыне, а паводле закона 1884 г. забаранялася арандаваць нерухомую, у тым ліку зямельную, маёмасць (за некаторымі выключэннямі). Да 1897 г. мясцовыя польскія памешчыкі абкладаліся спецыяльным кантрыбуцыйным зборам у памеры 1 % ад прыбыткуГісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 178—179.. У 1901 г. быў устаноўлены маёмасны цэнз для сялян-католікаў, які абмяжоўваў іх землеўладанні 60 дзесяцінаміСмалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001. — С. 60.. Дыскрымінацыйныя меры былі ўстаноўлены ў дачыненні каталіцкага касцёла. Так, без дазволу ўладаў забаранялася адкрываць новыя парафіі, прызначаць новых ксяндзоў, будаваць або рамантаваць храмы, праводзіць касцельныя сходы, зачыняліся або пераходзілі пад жорсткі дзяржаўны кантроль каталіцкія навучаныя ўстановы, устанаўлівалася жорсткая цэнзура каталіцкай рэлігійнай літаратуры і казанняў, была скасавана дзейнасць усіх манаскіх ордэнаў, а іх маёмасць канфіскаванаКанфесіі на Беларусі / В. В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк, У. І. Навіцкі, А. М. Філатава. — Мінск: Экаперспектыва, 1998. — С. 86-93.. Адбывалася русіфікацыя сістэмы адміністрацыі і адукацыі. Рэформы 1860-1870-х гг. (судовая, гарадская) у Заходнім краі былі праведзены са спазненнем і ва ўрэзаным аб’ёме; земская рэформа не была ажыццёўлена наогул.
2) Беларускія землі разам з польскімі, украінскімі і літоўскімі ўваходзілі ў мяжу яўрэйскай аселасці ў Расійскай імперыі. Яўрэям забаранялася сяліцца (за некаторымі выключэннямі) па-за мяжой аселасці, а з 1882 г. таксама пражываць у вёсках, займацца сельскай гаспадаркай. Гэта стварала штучную «яўрэйскую ўрбанізацыю» гарадоў. У 1897 г. яўрэі складалі 53,5 % насельніцтва гарадоў пяці заходніх губерняў (Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская). Яны складалі большасць сярод мясцовых купцоў (84,5 %), у тым ліку ўладальнікаў фабрык і заводаў (51 %), а таксама гарадскіх наёмных рабочых (59,9 %)Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 232—233.. Перанаселенасць беларускіх гарадоў яўрэйскім насельніцтвам (паводле тагачасных падлікаў лішак працаздольнага насельніцтва ў гарадах пяці заходніх губерняў складаў каля 470 тыс. чалавекНарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1 / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Беларусь, 1994. — С. 335.) істотна стрымлівала, а часам і выключала прыток у іх мясцовых сельскіх жыхароў (для параўнання: у 1897 г. колькасць беларусаў у Магілёве складала 12,9 тыс. чалавек, у Мінску — 8,2 тыс., у Віцебску — 8 тыс., у той час як у Санкт-Пецярбургу 66,5 тыс., у Адэсе 16,9 тыс., у Маскве 15,9 тыс.Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1 / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Беларусь, 1994. — С. 336.). Акрамя таго для яўрэяў дзейнічалі абмежаванні пры адкрыцці фабрык, рамесных майстэрняў, арэндзе зямлі, трыманні гандлёвых дамоў, корчмаў. Дадзеныя ўмовы стрымлівалі сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, дэфармавалі працэсы міграцыі.