Аляксандр Капель () — яўрэйскі тэатральны дзеяч, крытык, пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Карыстаўся псеўданімамі: А. Мукдойні, Каліф, К-ль, Ламед.

Біяграфія Нарадзіўся ў артадаксальнай сям’і (міснагідаў). Да 13 гадоў вучыўся ў хедарах, затым тры гады ў ешыботах у Слоніме, Клецку. У 1894 годзе стаў жыць у Пінску, далучыўся да рабочага руху сіяністаў-сацыялістаў, вывучаў свецкія навукі, экстэрнам скончыў гімназію. Вёў партыйную агітацыю ў наваколлі, потым вярнуўся ў Пінск і быў прыватным настаўнікам. У 1899 годзе — за граніцай. Быў вольным слухачом у Каралявецкім універсітэце, вывучаў філасофію і старажытныя мовы ў Берліне. У 1902 годзе даваў прыватныя заняткі ў Ляхавічах. На пачатку 1903 года адправіўся ў Варшаву, адсюль за граніцу, вывучаў філасофію ў Берне. У 1904 — слухаў курсы па старажытных мовах, літаратуры, драме ў Дыжоне (Францыя). Потым з невялікімі перапынкамі жыў у Лазане, Жэневе, Парыжы, Берне, дзе вывучаў філасофію, тэатральнае мастацтва, юрыспрудэнцыю. Удзельнічаў у жыцці яўрэйскіх студэнцкіх гурткоў, у тэатральных паказах.

Са студзеня 1907 да мая 1909 вывучаў працоўныя законы ў Берне, атрымаў доктарскую ступень за дысертацыю на тэму фабрычнай інспекцыі (надрукавана на нямецкай мове). У чэрвені 1909 вярнуўся ў Варшаву, часта бываў у Пераца, пад яго ўплывам стаў сакратаром Яўрэйскага літаратурнага таварыства (да 1910), потым працаваў у варшаўскім музычным таварыстве «Хеземір» (Салавей). 22 студзеня 1910 года выступаў перад вялікай аўдыторыяй разам з Перацам, Номбергам і Вайтэрам, тады заснавалі варшаўскае тэатральнае таварыства, якое ставіла за мэту змаганне за высокае мастацтва.

У 1912—1913 жыў у Лодзі, з пачаткам вайны — у Варшаве, Пецярбургу, працаваў у Яўрэйскім камітэце дапамогі ахвярам вайны, быў яго прадстаўніком у Паволжы і Сібіры. У 1920 годзе выехаў у Коўна, дзе жыў да мая 1922 года, затым быў у Германіі, эміграваў у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, заснаваў тут культурныя цэнтры: Яўрэйскае тэатральнае таварыства, драматычная студыя Тэаліт, тэатральны музей і інш.

Зацікавіўся літаратурай у ешыбоце пад уплывам Бенціена Айзенштата (ураджэнца Клецка), з якім вучыўся. У гэты час прымаў удзел у пастаноўцы біблійных п’ес: Саламон і асмадэй, Давід і Башэва — пазней змяшчаў допісы ў адэскай газеце «Гамеліц» (1897). Сапраўдная літаратурная праца пачалася апавяданнямі ў газетах «Дэр ід» Лур’е (1902) і «Гацофэ» (1904). У 1905 годзе звяртаецца да тэатральнай крытыкі, якой у тагачасным друку амаль не было. Быў супрацоўнікам газеты «Дэр вэг» Ноя Прылуцкага, друкаваўся ў іншых газетах. У 1909 годзе рэдагаваў варшаўскую газету «Дзі нае вэлт», якую выдаваў Спектар, таксама рэдагаваў анталогію «Ідышэ югэнт» (Варшава, 1910), газету «Лодзер моргенблат» (1912-13), газету «Наес», якую сам заснаваў у Коўне (1920-22), часопісы «Тэаліт» сумесна з Нігерам і Элькіным (1924), «Тэатр ун кунст», гадавік амерыканскага аддзела ІВО. У 1922 годзе становіцца супрацоўнікам нью-ёркскага «Морген-журнала».

Аўтар кніг Апавяданні і абразкі (Варшава, 1911), 288 ст. Дзі мілхомэ фун дзі балкан-мэлухэс міт тэркай — Вайна балканскіх дзяржаў з Турцыяй (1912), 24 ст. Эрнст ун шпас — Усур’ёз і жартам (Лодзь, 1913), 126 ст. Тэатэр (1927), 288 ст. — артыкулы, эсэ, партрэты Іцхок Лэйбуш Пэрэц ун дос ідышэ тэатэр (1949), 271 ст. Пакінуў 4 тамы ўспамінаў, за апошні атрымаў прэмію Гофера (1956). Рэдагаваў юбілейную кнігу «Дэр лебедыкер».

У 1932 годзе наведаў Еўропу, зямлю Ізраіля. Нейкі час жыў у Маямі, апошнія месяцы правёў дома ў сына ў гарах Catskill. Пахаваны ў Нью-Ёрку.

У мастацтве Партрэты доктара Мукдойні пакінулі мастакі Ісахар-Бэр Рыбак, Абрам Маневіч, Зуні Маўд, Арнольд Ляхоўскі, скульптар Айзенберг.

Спасылкі Mukdoni, A. паводле Слоўніка сучаснай яўрэйскай літаратуры Dr. A. Mukdoni паводле слоўніка Зільберцвайга David Mazower Dr. Alexander Mukdoni

Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША Катэгорыя:Вучоныя паводле алфавіта Катэгорыя:Дактары навук Катэгорыя:Выпускнікі Бернскага ўніверсітэта Катэгорыя:Тэатральныя крытыкі Катэгорыя:Мемуарысты Катэгорыя:Перакладчыкі